Выбрать главу

(Да Віёлы.)

Ты тысячу разоў сцвярджаў, мой хлопчык, Што я мілей табе любой жанчыны.

ВІЁЛА

I я магу хоць зараз пад прысягай Ахвотна паўтарыць свае прызнанні І зберагчы іх у душы навечна, Як гэта сонца беражэ святло, Што аддзяляе ясны дзень ад ночы.

ГЕРЦАГ

Падай руку і дай магчымасць бачыць Цябе, нарэшце, у жаночым плацці.

ВІЁЛА

Яно не тут, а недзе ў чалавека, Што ўратаваў мяне насля крушэння. На жаль, той капітан арыштаваны I кінуты ў цямніцу па даносу Мальвбльё, што дварэцкім у графіні.

АЛІВІЯ

Ён будзе вызвалены неадкладна.— Паклічце мне Мальвольё! Ах, нягоднік, Хаця, мой бог, я чула: мой дварэцкі Нібыта, бедны, з розуму скрануўся.

Вяртаюцца БЛАЗЕН з пісьмом і ФАБІЯН.

Я і сама ў такім расстройстве думак I пачуцця, што пра яго вар’яцтва Зусім забыла. Як ён там, нябога?

БЛАЗЕН

Па праўдзе сказаць, мілэдзі, ён там адбіваецца ад сатаны, вядома, наколькі можа чалавек адбрыквацца ў яго становішчы. Напісаў вам сюды пісьмо; мне трэба было аддаць яго вам сёння раніцай, але ж пасланне звар’яцелага не евангелле, так што можа і пачакаць.

АЛІВІЯ

Разгарні і чытай.

БЛАЗЕН

Ну, вастрыце вушы і матайце на вусы, калі дурань вяшчае ад імя вар’ята. (Чытае.) «Бачыць бог, дарагая...»

АЛІВІЯ

Што такое ты чытаеш? Ты звар’яцеў, ці што?

БЛАЗЕН

Не, мілэдзі, я толькі чытаю пісьмо звар’яцелага, і калі вашай міласці будзе пажадана, каб яно было прачытана так, як напісана, то не пазбаўляйце мяне права голасу.

АЛІВІЯ

Прашу, чытай як належыць.

БЛАЗЕН

Я так і раблю, мілэдзі; каб яго чытаць як належыць, трэба чытаць так, як я чытаю. А пагэтаму — нахіліцеся сваім вушкам, прынцэса

АЛІВІЯ

(да Фабіяна)

Паслухай, чытай лепш ты.

ФАБІЯН

(чытае)

«Бачыць бог дарагая мілэдзі, Вы мяне крыўдзіце, і свет пра гэта даведаецца. Хоць Вы і ўштурхнулі мяне ў цемру і дазволілі Вашаму п’янаму дзядзечку камандаваць мною, я ўсё ж валодаю сваімі пачуццямі не горш, чым Ваша міласць. Пры мне тут Ваша ўласнаручнае пісьмо, і менавіта яно падштурхнула мяне апранацца і паводзіць сябе так, як я і паводзіў сябе перад Вамі. I я не сумняваюся, што яно пацвердзіць маю поўную правату, а Вашу — поўную ганьбу. Можаце думаць усё, што хочаце. Не запэўняю Вас у сваёй пачцівасці, бо гавару як прыгнечаны і зняважаны

Бязмерна пакрыўджаны

                                     Мальвольё».

АЛІВІЯ

I гэта пісаў ён?

БЛАЗЕН

Ён, ваша міласць.

ГЕРЦАГ

А ненармальнага ў пісьме не многа.

АЛІВІЯ

Паклапаціся, Фабіян, каб зараз Яго сюды даставілі.

ФАБІЯН выходзіць.

Мой герцаг, Улічваючы ўсе папраўкі часу, Цяпер, магчыма, будзе ваша воля Лічыць мяне сястрой, а не нявестай. Калі на гэта будзе ваша згода,— То ў гэты шчасны дзень мы б змацавалі Шчаслівых два саюзы ў гэтым доме, У мяне ў гасцях.

ГЕРЦАГ

                         Мой бог! Я ў захапленні Ад вашай прапановы.

(Да Віёлы.)

                                     А каб вам Аддзячыць за адданасць і за службу, Неадпаведную для вас, жанчыны, Высакароднай, выхаванай, кволай,— За гэту вашу службу і за тое, Што я, як гаспадар, сваёй рукою Вас пасылаў сюды-туды,— вось вам Мая рука, каб з гэтае хвіліны Вам стаць графіняй — жонкаю Арсіна — I паўнаўладнай гаспадыняй дома.

АЛІВІЯ

А мне — сястрой названай маладому.

Вяртаецца ФАБІЯН з МАЛЬВОЛЬЁ.

ГЕРЦАГ

Дык ён і ёсць вар’ят?

АЛІВІЯ

                             Так. Ён той самы Мальвольё.— Як ты маешся, шаноўны?