Выбрать главу

МАЛЬВОЛЬЁ

Я вамі так зняважаны, мілэдзі, Так жорстка зганьбаваны!

АЛІВІЯ

Мной, Мальвольё? МАЛЬВОЛЬЁ Так, вамі. Калі ласка, вось — чытайце! Чыя рука тут? Ваша. Паспрабуйце Пісаць інакшым почыркам і складам. Скажыце,— думкі і пячаць не вашы? Ага, не скажаце! Тады сумленна Прызнайцеся, навошта вы мяне Ашуквалі: хадзі ў панчохах жоўтых З падвязкамі крыж-накрыж, усміхайся, З пагардай паглядай на сэра Тобі, Будзь рэзкім з чэляддзю? Калі ўсё гэта Я, верачы ва ўсім парадам вашым, Пачаў выконваць, дык тады завошта ж Мяне запёрлі ў цёмную камору, Свяшчэнніка на споведзь падсылалі I кпілі ўсяк, зрабіўшы чалавека Пасмешышчам з пасмешышчаў, якога Не бачыў свет? За што гэта, скажыце?

АЛІВІЯ

Чакай, Мальвольё, почырк тут не мой, Хаця, прызнацца, падабенства многа. Бясспрэчна, тут была рука Марыі. Прыпамінаю: аб тваім вар’яцтве Сказала мне яна, а ты ў пакоях Якраз з’явіўся з дзіўнасцю паводзін — Раскланьваўся, усміхаўся без прычыны, I знешні выгляд твой быў адпаведны Таму, які табою ўпамінаўся Ў пісьме. Прашу, не апярэджвай следства: З цябе пажартавалі і сярдзіта. Ты не адчайвайся, чакаць не доўга: Як толькі высветлім прычыну жарту I знойдзем завадатараў, ты будзеш Суддзёю і істцом па ўласнай справе.

ФАБІЯН

Дазвольце мне быць сведкам, ваша міласць, I праясніць усё, каб ні варожасць, Ні суд, ні звады не маглі азмрочыць Той урачыстасці, якой мы рады. З такой надзеяй я па добрай волі Прызнаюся ва ўсім: мы з сэрам Тобі Падцукравалі гэты свой гасцінец Шаноўнаму дварэцкаму за тое, Што ён на нас фіскаліў вам і іншым. Па просьбе і пад грозьбай сэра Тобі Пісьмо было напісана Марыяй. Там быў, вядома націск, ды затое ж Аплачаны: ён з ёю ажаніўся. Вось, як на споведзі,— святая праўда. Паколькі ўся з яго пацеха наша Была хоць злоснай, але ўсё ж вясёлай, То тут — судзіце самі, ваша міласць,— Да месца быў бы лепей смех, чым помста, Дый прыказка ж гаворыць так, здаецца, Як сам гукнеш, дык так і адгукнецца.

АЛІВІЯ

Ах, бедны наш, і як ты пакараны!

БЛАЗЕН

Ну, што ж, «адны вялікімі нараджаюцца, другія велічы дасягаюць, а трэцім веліч даруецца». Я таксама, сіньёр, бязмерна пакрыўджаны, удзельнічаў у гэтай інтэрмедыі, у ролі сэра Топаса. Але гэта ўсё роўна: што поп, што асталоп — адна парафія. «Дальбог жа, блазен, я не звар’яцелы». Памятаеце? «Я проста здзіўляюся, як ваша міласць знаходзіць задавальненне ў жартах такога бязмозглага нягодніка. Калі вы самі не смеяцеся, то і ён язычок на кручок». Вось так-та кругаварот часу падкатвае адплату нашаму брату!

МАЛЬВОЛЬЁ

Я адплачу ўсёй вашай злоснай тройцы!

(Выходзіць.)

ГЕРЦАГ

Пашліце наўздагон і ўгаварыце Змірыцца: ён яшчэ сказаць павінен, Дзе капітан. Калі ўсё стане ясна I залаты наш час нам паспрыяе, Наступіць і ўрачыстасць рытуалаў Яднання нашых душ. А мы тым часам, Мілейшая сястра, у вашым доме Пабудзем у гасцях.— Ідзём, Цэзарыё, Мой мілы хлопчык і слуга мой верны. Ты мой слуга, пакуль ты так адзеты. Пасля ж вянца ты станеш мне, вядома, Царыцай сэрца і графіняй — дому.

Выходзяць усе, акрамя БЛАЗНА.

БЛАЗЕН

(спявае)

Калі я падбрыкваў без портак, хлапчук, Стаяла благая пара: Мне ўсё блазнаванне сыходзіла з рук, Хоць з неба ліло як з вядра.
Калі я падрос, блазнаванні тварыў, Не лепшала злая пара: Сабакам цкавалі на кожным двары, А з неба ліло як з вядра.
Калі я дзяўчыну сабе прысачыў, Яшчэ паблажэла пара: Імжэла, грымела ўсе дні, а ўначы Ліло і ліло як з вядра.
Чужому вяселлю аддаўшы сваё, Мне ў вырай збірацца пара. Якое ж цяжкое пахмелле маё! А з неба ліе як з вядра.
Наш свет існуе з дапатопнай пары, Льюць ліўні на бедных бадзяг. Сягоння пацеху мы скончым, сябры, А заўтра — глядзіце працяг.