Выбрать главу

(Выходзіць.)

Канец

Утаймаванне наравістай

Пераклад Язэпа Семяжона

Дзейныя асобы:

ЛОРД, КРЫСТАФЕР СЛАЙ, КАРЧМАРЫХА, ПАЖ, АКЦЁРЫ, ЛОЎЧЫЯ і СЛУГІ } асобы ў Пралогу

БАПТЫСТА, багаты дваранін з Падуі.

ВІНЧЭНЦ’Ё, стары дваранін з Пізы.

ЛЮЧЭНЦ’Ё, сын старога Вінчэнц'ё, закаханы ў Б’янку.

ПЕТРУЧ’Ё, дваранін з Вероны, жаніх Катарыны.

ГРЭМ’Ё, ГАРТЭНЗ’Ё } жаніхі Б'янкі

ТРАНЬЁ, Б’ЁНДЭЛА } слугі Лючэнц'ё

ГРУМ’Ё, КЕРТЫС, НАТАНЬЁЛЬ, ДЖОЗЭФ, НІКЛАС, ФІЛІП, ПІТЭР } слугі Петруч’ё

ПЕДАНТ

КАТАРЫНА, Б’ЯНКА } дочкі Баптыста

УДАВА

КРАВЕЦ, КРАМНІК

СЛУГІ Баптыста і Петруч'ё.

Месца дзеяння: Падуя і загародні дом Петруч'ё. 

ПРАЛОГ

Дзейныя асобы ў Пралогу:

ЛОРД

КРЫСТАФЕР СЛАЙ, меднік КАРЧМАРЫХА,

ПАЖ, АКЦЁРЫ,

ЛОЎЧЫЯ і СЛУГІ

СЦЭНА I

Перад карчмой за ваколіцай.

Уваходзяць КАРЧМАРЫХА і СЛАЙ.

СЛАЙ

Мне на цябе начхаць, і ўсё па ўсім.

КАРЧМАРЫХА

А на цябе — калодкі б, валацуга.

СЛАЙ

Дрэнь ты, дрэнь — скажу табе. Слаі не валацугі; Заглянь у летапісы: мы прыйшлі сюды з Рычардам Заваявальнікам. Адным словам — Paucas calabris — усё цюцелька ў цюцельку! Sessa — не на таго натрапіла.

КАРЧМАРЫХА

Дык за разбітыя куфлі так і не заплаціш?

СЛАЙ

Не, ні дзінарыка. Сказаў жа: «Праходзь, Сінкліта, пакуль не біта, кладзіся ў пасцель, пакуль нос цэл».

КАРЧМАРЫХА

Ну дык я ж ведаю, што з такімі рабіць: Я пайду ў паліцыю па асэсара! (Выходзіць).

СЛАЙ

Па асэсара, хоць і па самога кесара — я ўсім здолею адказаць па законе: не сыду з месца — і ўсё па ўсім. Вядзі, вядзі бяду на сваю галаву. (Лажыцца на зямлю і засынае.)

Трубяць у рогі.

Уваходзяць ЛОРД з ЛОЎЧЫМІ і СЛУГАМІ.

ЛОРД

(да 1-га Лоўчага)

Дык не засудзься ж: перш за ўсё — сабакі: Дагледзі і накармі. У Тарбахвата Аслаб ашыйнік — ён прыстаў на гонах. Лягавага звяжы з вяртлявым Басам. Ты не заўважыў, як напаў мой Срэбны На ранні зайцаў след ускрай прысады? Ах, Срэбны — проста золата! Такога Я не прадаў бы і за дваццаць фунтаў.

1-шы ЛОЎЧЫ

Мілорд, нічым не горшы і Званар. Ён чуе след за мілю, а, крый божа, Саб’ецца, так зазвоніць на ўвесь лес,— За дзесяць міль чуваць. О не, Званар — Паверце мне — найлепшы ваш сабака.

ЛОРД

Хвалько ты. Калі б Гук не быў гультай, Ён каштаваў бы тузін гэткіх выжлаў, Як твой Званар. Дагледзь і накармі, I зараз жа! Хай адпачнуць да рання, А заўтра выйдзем зноў на паляванне.

1-шы ЛОЎЧЫ

Усё зраблю як мае быць, мілорд.

ЛОРД

А гэта што? Мярцвяк? Правер, ці дыша?

2-гі ЛОЎЧЫ

Сапе, мілорд. Здаецца,— пад хмяльком. Зямля — не ложак: не заснеш цвярозы.

ЛОРД

Быдляціна! Разлёгся, як свіння. I быццам адубеў. Якая брыдасць! Не грэх было б і правучыць п’янчугу. Што, калі нам яго пакласці ў ложак, Змяніць бялізну, хораша прыбраць, Надзець пярсцёнкі, а пры ложку — столік З усякімі прысмакамі, і ў спальню — Паслаць прыслугу? Выспіцца нябога — I сам сябе палічыць за другога.

1-шы ЛОЎЧЫ

Ды ён за нежывога спіць, мілорд.

2-гі ЛОЎЧЫ

Прачнецца — здзівіцца: ну што за чорт, Я — і не я.

ЛОРД

I ложак тут не мой. Падумае, што ў сне вярзецца прывід. Бярыце ж і зрабіце ўсё, як трэба: Пакладзіце ў маім пакоі спальным, Там, дзе вісяць «скаромныя» карціны. Само сабой — абмыеце старанна З пахучым мылам, а падушкі у ложку Духамі спырсніце. Калі праспіцца, Адразу ж дайце знак — няхай музыкі Чароўнай музыкай напоўняць спальню; А гаварыць пачне, вы ў той жа момант Пытайце: «Што жадае ваша міласць?» — З пачцівасцю, вядома, і з паклонам,— I тут жа слугаваць: адзін прыносіць Сярэбраны ўмывальнічак з вадою, Знарок падфарбаванаю, і кветкі,— Другі — збанок з вадой гарачай, трэці — Ручнік. Пытайцеся: «Мо ваша міласць Жадае вымыць рукі?» А тым часам Чацвёрты падрыхтоўвае адзенне,— Вядома, не яго, а з гардэроба Маіх убораў — самай лепшай моды, I з рэверансікам: «Ці ваша міласць Гатовы апранацца?» I размовы — Паток размоў для марнатраўства часу: Аб конях, аб сабаках, паляваннях, Аб чорту-д’яблу, аб каханай лэдзі, Што плача, як бабрыха, па ахвяры Атрутнай вадкасці «шклянога бога». Спытае пра хваробу,— адкажыце, Што быў не ў розуме, а можа, стане Расказваць пра сябе, дык вы даводзьце, Што гэта ўсё не так,— адно трызненне, Што ён — вяльможны лорд. Не трацьце ж часу, Усё зрабіце так, як я вам раю, Старанна, дзеля смеху і забавы! Але ж глядзіце: не сапсуйце справы.