Выбрать главу

МАРЫЯ

Сухі жарт, сэр.

СЭР ЭНДРУ

А ў вас іх па завязку?

МАРЫЯ

А як жа, сэр. Паўнютка, паўнюсенька; і на кожным пальчыку па жарціку. А цяпер, калі я адпускаю вашу руку, яны ўсе — фырр, і я — за імі ўслед. (Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

О, рыцар, табе не хапае добрага кубка канарскага іскрыстага. Ніколі мне не даводзілася бачыць, каб ты так нізка падаў.

СЭР ЭНДРУ

I мне думаецца, што ніколі; магчыма, аднак, толькі тады, калі я падаў ад канарскага. Часамі, праўда, здагадваюся, што ў гэтым чарапку розуму столькі ж, як і ў любога іншага хрысціяніна — простага чалавека. Уся мая бяда, мабыць, у тым, што я вялікі ядок мяса, і думаю — гэта шкодна маім мазгам.

СЭР ТОБІ

Несумненна.

СЭР ЭНДРУ

О, калі б я ў гэтым не сумняваўся, я даў бы сабе зарок і ў рот яго не браць. Заўтра я ад вас адбываю, сэр Тобі.

СЭР ТОБІ

Pourgui, мой дарагі рыцар?

СЭР ЭНДРУ

Што значыць «pourgui»? Ехаць ці не ехаць? Ах, ах, лепш бы мне было патраціць той час, які я змарнаваў на фехтаванне, танцы і паляванне на мядзведзяў,— на вывучэнне моў. На жаль, мне не хапае красамоўства. Адразу відаць — не займаўся чалавек віційствам.

СЭР ТОБІ

А каб займаўся, дык што — на галаве ў цябе звілося б цэлае гняздо?

СЭР ЭНДРУ

А ты думаешь, што ад гэтага валасы палепшалі б.

СЭР ТОБІ

Безумоўна, ты ж бачыш, што без віційства яны ў цябе не віліся.

СЭР ЭНДРУ

Але і без завіткоў яны мне ўсё-такі да твару, га?

СЭР ТОБІ

Дзіва што, завісаюць, як кудзеля з прасніцы; баюся, што якая-небудзь папрадуха зашчэміць цябе паміж каленяў і пачне іх сукаць на верацяно.

СЭР ЭНДРУ

Дальбог жа, заўтра я еду, сэр Тобі. Вашу пляменніцу пабачыць немагчыма. А калі б і пашчасціла, то — чатыры супроць аднаго — я мог бы быць самым першым, каго яна і знаць не захоча. Тут сам граф пускае па ёй слінкі.

СЭР ТОБІ

А ёй на графа начхаць; Яна не выйдзе замуж за чалавека, які б пераўзыходзіў яе багаццем, гадамі, ну і розумам. Сама ў тым бажылася, я колькі разоў чуў. Не журыся, стары, яшчэ не ўсё страчана.

СЭР ЭНДРУ

Застануся яшчэ на месяц, калі так. Сказаць па праўдзе, дык я — чалавек кампанейскі: люблю маскарады, гулюшкі, асабліва тое і другое ў вясёлым спалучэнні, страх як люблю!

СЭР ТОБІ

А ты не скора скісаеш у такіх забавах, рыцар?

СЭР ЭНДРУ

Як і любы ў Ілірыі, хто б сабе ён ні быў, акрамя, вядома, тых, хто вышэй за мяне па рангу. Але з бражнай бочкай я ўсё ж не магу зраўняцца, старына.

СЭР ТОБІ

А ў чым жа ты асабліва дасціпны, рыцар? Можа, у гэтай моднай цяпер гільярдзе?

СЭР ЭНДРУ

Ды як сказаць, падбрыкнуць козлікам умею.

СЭР ТОБІ

А я аддаю перавагу козліку ў закусі.

СЭР ЭНДРУ

Думаю, што і ў адскоках назад са мной мала хто зраўняецца ва ўсёй Ілірыі, дальбог.

СЭР ТОБІ

Дык чаму ж, скажы ты мне, трымаць у тайне такія таленты? Чаму яны за заслонай? Ці, можа, іх завешваюць, каб не запыліліся, як партрэт конкурснай прыгажуні? Чаму ты не ходзіш у царкву маршавым крокам гільярды і не вяртаешся адтуль дадому ў нрыскоках каранты? Модныя ж танцы. Я на тваім месцы ступаў бы толькі з падбрыкамі джыгі, а, прабач, малую патрэбу спраўляў бы ў тэмпе контрданса. Ці ж можна на гэтым свеце ўтойваць свае таленты, скажы ты мне, рыцар? Гляджу вось на вытачаныя лініі тваёй нагі і думаю: як тонка сфармавалася, жэрдка, пад зоркай гільярды!

СЭР ЭНДРУ

О так, нага ў мяне дзябёлая і вельмі не блага выгдядае ў панчосе палымянага колеру. Дык як, наладзім мы сёння якую-небудзь балюшку-весялушку?

СЭР ТОБІ

А чым жа іншым нам, лайдакам, заняцца? Ці мы нарадзіліся не пад хвастом у цяльца?

СЭР ЭНДРУ

Цяльца, цельца!.. У маім уяўленні — гэта грудзі і сэрца.

СЭР ТОБІ

Не, рамантык. Гэта лыткі і сцягнякі. Пакажы лепш свой спрыт, як ты скачаш. Гоп-ля, вышэй, вышэй! Гоп-ля, гоп! Надзвычайна!

Выходзяць.

СЦЭНА IV

Пакой у палацы герцага.

Уваходзяць ВАЛЯНЦІН і ВІЁЛА ў мужчынскім адзенні.

ВАЛЯНЦІН

Калі герцаг і далей будзе рабіць вам такую ласку, Цэзарыё, то вы далёка пойдзеце, ён знае вас усяго тры дні, а вы ўжо тут зусім не чужы.

ВІЁЛА