Выбрать главу

СЛУГА выходзіць.

Не так-та ўжо і цяжка пераняць Паходку, голас і натуру лэдзі. Аднак хацелася б хоць раз зірнуць, Як апівоку будзе зваць ён мужам I як прыслуга будзе дагаджаць Мужыцкай пысе, душачыся смехам. Я сам пайду прыцішыць весялосць, Перасаліць — о не, не дам дазволу! Не іх вучыць, што значыць лорда злосць I што чакае іх за перасолы. (Выходзіць.)
СЦЭНА II

Спальня ў доме Лорда.

Уваходзяць адзін за адным СЛАЙ і СЛУГІ: адзін з адзеннем, другі з тазікам, трэці з гарлачыкам і іншымі прадметамі дамашняга ўжытку; нарэшце — Лорд, пераапрануты ў вопратку слугі.

СЛАЙ

Ох, напрамілы бог — хоць куфель квасу!

1-шы СЛУГА

Мо кубачак наліўкі, ваша міласць?

2-гі СЛУГА

Ці мо бруснічкі варанай, мілорд?

3-ці СЛУГА

Што апрануць жадала б ваша светласць?

СЛАЙ

Я — Крыстафер Слай; не велічайце мяне ні міласцю, ні чэсцю. Я зроду не наліваўся наліўкай. I калі ўжо такія пераліўкі, што вам зажадалася замарыць мяне варэннем з брусніцы, то мне лепш замарыць чарвяка варывам з ялавічыны. Не пытайцеся ў мяне, што я апрану, бо ў мяне, апрача штаноў, ніякіх абноў, тут і сурдут і камзолы, а зад голы, столькі панчох, колькі ног, у чаравіках ступні, а нагой не тупні, бо тыя шчукі-чаравікі ні больш ні менш як для прылікі: ні падкоў, ні шнуркоў, толькі пальцы — тыц з наскоў.

ЛОРД

Ад гэткіх жартаў — барані вас божа. Ну як жа можна, каб такі вяльможа, Пачцівы, знатны і высакародны, Кпіў, блазнаваў. Фэ, сорам, ваша чэсць!

СЛАЙ

Што гэта, ці не хочаце вы ачмурыць мяне? Ці ж я не Крыстафер Слай, сын старога разносчыка Слая з Бэртан-Хіта,— не разносчык па паходжанні, не ваўначос па рамястве, не мядзведжы павадыр па волі лёсу і не меднік па цяперашнім занятку? Запытайцеся ў Мар’яны Гэкіт, у гэтай набрынялай шынкаркі з пастаялага двара за паселішчам Уінкот, ці ведае яна мяне. Калі яна скажа, што я не вінаваты ёй чатырнаццаць пенсаў медзякамі за яе — цьфу ты! — ячменную бурду, бэсціце мяне як апошняга злыдня ва ўсім хрышчоным свеце. Ну, што вы на гэта скажаце? Я ж хоць і піў, але ж розуму не прапіў. Вось я тут...

3-ці СЛУГА

Праз гэта і смуткуе ваша жонка.

2-гі СЛУГА

Праз гэта і ў жалобе вашы слугі.

ЛОРД

Вас выракацца стала ўся радня,— Яе палохае шальмоўства ваша. О, знатны лорд, падумай, чый ты сын, Успомні слаўных продкаў і з выгнання Вярні свой шык былы, былую мудрасць. Гані трызненне прэч. Ты толькі глянь, З якой адданасцю шчыруюць слугі, Гатовыя па першым жа кіўку Разбіцца, каб зрабіць табе паслугі. Ты чуеш? — музыка. Сам Феб іграе!

Музыка.

I дваццаць салаўёў шчабеча ў клетках. Ты, можа, адпачнеш? Што ж — добрай ночы! Мы аднясём цябе на гэткі ложак, Які не сніўся і Семірамідзе — Даліна шоўку і гара падушак. Ці хочаш прагуляцца? Будзе конь, Такіх стаеннікаў табе прыгонім, Як лялек, збруя ззяе пазалотай. Папаляваць захочаш — сокал твой Ўзляціць у вышыню, куды й жаўрук Ніколі не ўзнімаўся. Пажадаеш Пайсці на зайца — псярня пад рукой. Так заяхкочуць, так зальюцца брэхам, Што неба і зямля адкажуць рэхам.