Выбрать главу

БАПТЫСТА

Наперад вы павінны з ёй таксама Пагаварыць: ці любіць яна вас?

ПЕТРУЧ’Ё

Э, дробязь! Бацька, гавару вам прама: Яна — палын, а я — не хлебны квас, Яна — наруга, а ў мяне — папруга; А калі ўссыпаць вугальку на жар Ды пададзьмуць яшчэ — шугне пажар. Я — крэмень, і змагу такога струга Ёй адцясаць, што стане ўся, як шоўк. Я — не хлапчук, не блазен, не п’янчуга, Што дзеля кпінаў сватацца прыйшоў; Я не люблю ні спешкі, ні наскоку...

БАПТЫСТА

(сам сабе)

Дай бог, каб гэты спрыт не выйшаў бокам.— Аднак рыхтуйся да размоў няветлых.

ПЕТРУЧ’Ё

Пабачым: буду як гара пад ветрам; Вятры бушуюць, а яна ні з месца.

Уваходзіць ГАРТЭНЗ'Ё з разбітай галавой.

БАПТЫСТА

Сіньёр, вы пабляднелі, мне здаецца. Чаго вы так збянтэжаны, мой друг?

ГАРТЭНЗ’Ё

Ад страху ледзьве пераводжу дух.

БАПТЫСТА

А як дачка? Ці ёсць у ёй задаткі?

ГАРТЭНЗ’Ё

Усе як на падбор,— дзеля салдаткі: Не лютня ёй патрэбна, а пішчаль.

БАПТЫСТА

Ўсё гэта праўда, на вялікі жаль. Няўжо яна за йгрою вас чапала?

ГАРТЭНЗ’Ё

Няўжо! Аб чэрап лютню пашчапала. Я толькі ёй заўважыў на памылку Ў ладах і палец мерыўся прыгнуць, А тая — наравістая кабылка — Круць бокам, нібы ладзіла ўбрыкнуць, I ў крык: «Не ладзіцца? Няма хацення? Вось я вам паказаць лады хачу»,— I так мне лютняй трахнула па цемю, Што ажно стала зелена ўваччу, А галава праскочыла праз струны. Я ачмурэў: стаю, разявіў рот, Уставіў вочы, як баран бязрунны Каля чужых зачыненых варот. Яна ж усяк: свістулькаю і грыжай Давай мяне хрысціць і абзываць, Нібы грахі замольвала пад крыжам.

ПЕТРУЧ’Ё

Бядовая — магу і я прызнаць. Яна мне ў сто разоў мілейшай стала; Ах, як я прагну пабалакаць з ёй!

БАПТЫСТА

Вы ласыя, сіньёр, як кот на сала.—

(Да Гартэнз'ё.)

Пайшлі, пабудзьце з меншаю маёй; Павучыце яе, яна ў два разы Здальнейшая, і нораў — хоць куды.— Сіньёр Петруч’ё, можа, пойдзем разам, Ці мо вам лепей Кэт прыслаць сюды?

ПЕТРУЧ’Ё

Прашу прыслаць: я тут яе сустрэну.

Выходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё, і ГАРТЭНЗ'Ё.

Як толькі прыйдзе, так і аглушу: «О, птушачка, спяваеш ты не дрэнна»,— Калі яна пачне сваю імшу; «Ты выглядаеш, як уранні ружа, Абсыпаная ядранай расой»,— Калі зацыкае сярдзітым вужам Альбо скасурыцца ў мой бок казой. Замоўкне на хвілінку, пачакае — Пачну хваліць празмерна, як на здзек, Што і гасцінная, і гаманкая; А гнаць пачне, схапіўшы нейчы стэк,— Рассыплюся ў падзяках дробным макам, Нібыта просіць з тыдзень пагасціць; Адхіліць прапанову,— я са смакам Падлашчуся: «Калі ж вяселлю быць?» Яна ідзе. Петруч’ё, за работу! —

Уваходзіць КАТАРЫНА.

Дзень добры, Кэт! Даруйце за турботу: Я чуў, што Кэт — найлепшае з імён.

КАТАРЫНА

Чуць звон не значыць ведаць, дзе той звон Мяне завуць не Кэт, а Катарына.

ПЕТРУЧ’Ё

Мана, вы звацца Кошачкай павінны; Лагоднай Кіскай ці зласлівай Кісай, Курняўкай Муркай, ласачкай Кіс-Кіс Ці кошкай-ведзьмай з маляванай пысай, Ці кіскай-чортам — цьфу, бадай ён скіс! — Паслухай, кіска Кэт, маё прызнанне: Прачуўшы, як цябе за хараство Ўсе людзі розных цэнзаў, станаў, званняў Расхвальваюць, а ціхі нораў твой Не знаюць як і ўзносіць, я прыкінуў: Пахвалы — фіміам, але не вам,— I рушыў сватацца, кажу без кпінаў.

КАТАРЫНА