Як той Абрам, што заблудзіў між брам.
Хто здуру рушыў, той — я вам не хлушу —
Рухомая маёмасць.
ПЕТРУЧ’Ё
Хто ён, Кэт?
КАТАРЫНА
Старызна, хлам, напрыклад, табурэт.
ПЕТРУЧ’Ё
У цэль! Сядай вярхом, гані да жару...
КАТАРЫНА
Аслам пад грузам быць і бог вялеў.
ПЕТРУЧ’Ё
А наравістым — вохкаць пад цяжарам.
КАТАРЫНА
Ідзі шукаць такіх у іншы хлеў.
ПЕТРУЧ’Ё
Цябе, катулька, я не абцяжару:
Ты кволая і лёгкая, як пух.
КАТАРЫНА
Такая лёгкая, што ўшчэнт запару,
Калі пагоніцца, як ты, цяльпух.
Мая вага такая, колькі важу.
ПЕТРУЧ’Ё
Ты — пчолка і гудзеш: жу-жу-жу-жу.
КАТАРЫНА
А ты — гарласты сыч.
ПЕТРУЧ’Ё
Я не абражу,
Калі па шчырасці табе скажу:
Галубка, сыч табе палічыць косці.
КАТАРЫНА
А гарлапан — на горле кіпцюры.
ПЕТРУЧ’Ё
Ого! Аса, пры ваяўнічай злосці
Кусае, але толькі да пары.
КАТАРЫНА
Ах, гэта я — аса? Дык бойся джала!
ПЕТРУЧ’Ё
Я вырву джала, і які там страх?
КАТАРЫНА
Калі б дурному розуму ставала
Знайсці яго.
ПЕТРУЧ’Ё
Катуля, церпіш крах:
Вядома ўсім, дзе скрыта джала ў восаў:
Ў хвасце, ў пушку.
КАТАРЫНА
О не, у языку.
ПЕТРУЧ’Ё
Чыім?
КАТАРЫНА
Тваім, што тыцкаешся носам
Асе пад хвост. Бывай!
ПЕТРУЧ’Ё
Зыкуй, зыкуй,
Пярэдайка ў спадніцы! Ну — манеры!
Так заляпіць у твар абразай мне?
Я дваранін.
КАТАРЫНА
Дварняга — дакладней,
А, зрэшты, я праверу.
(Дае яму аплявуху.)
ПЕТРУЧ’Ё
Дай яшчэ раз,
Клянуся: здачы дам; удар за ўдар.
КАТАРЫНА
Галантны кавалер, а зубы шчэрыш
На слабы, мірны пол. Ты ж уладар,
Гербовы дваранін, а двараніну
Пачаць разбой — з дваранствам развітацца.
ПЕТРУЧ’Ё
Разумна, Кэт. Даволі калатніны;
Ты — гербазнаўца, бакалаўр мастацтва.
Запісвай вернага раба свайго ў гербоўнік.
(Кленчыць перад ёй.)
КАТАРЫНА
Што тут на шлеме ў вас — курыны чуб?
ПЕТРУЧ’Ё
Будзь куркай, я твой пеўнік-палюбоўнік.
КАТАРЫНА
Курам не даспадобы курашчуп.
ПЕТРУЧ’Ё
Ну хопіць, Кіса, не глядзі так кісла.
КАТАРЫНА
Так кісы ўсе глядзяць на слімака.
ПЕТРУЧ'Ё
А дзе слімак? Сказала, і не лыса.
КАТАРЫНА
Пры боку.
ПЕТРУЧ’Ё
Дзе? Падаць яго, жука!
КАТАРЫНА
Шкада, няма люстэрка,— паказала б.
ПЕТРУЧ’Ё
Мой твар?
КАТАРЫНА
Здагадлівы малакасос.
ПЕТРУЧ’Ё
Я не дарос, дык пацягні хоць залап,
Мо падрасту.
КАТАРЫНА
Дарос, і перарос,
I пераспеў.
ПЕТРУЧ’Ё
Турботы.