Выбрать главу

Б’ЯНКА

(чытае)

«Я — гама, ўсёй мелодыі аснова; A, re — я за Гартэнз’ё вас малю: B, mi — о, Б’янка, на яго любоў вы слова С, — скажыце, прашанчыце: я люблю. Д, sol, ге — ключ адзін, дзве ноты побач; Е, la, mi — зжальцеся. Каханне ў помач». Дык гэта гама? Не, я не жадаю З ёй знацца. I нашто такі размен? Лепш буду вернай той, якую знаю. Пераацэнка — дрэнны сябар цэн.

Уваходзіць слуга.

СЛУГА

Сіньёра, бацька ваш вам загадалі Пакінуць кнігі і пайсці сястры Дапамагчы прыбраць у іхняй зале: Вяселле ж заўтра, як ні гавары.

Б’ЯНКА

Сіньёры, я развітваюся з вамі. Бывайце!

Б'ЯНКА і СЛУГА выходзяць.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Я іду за вамі ўслед.

ГАРТЭНЗ’Ё

Я ўсе падставы маю пільным вокам Сачыць за шкаляром. Здаецца мне, Што ён занадта сквапна, хоць і збоку Заглядвае на Б’янку. Ім відней, Але калі ты сораму не маеш — Згаджаешся і з іншым на грашкі, Дык знай: ты ад Гартэнз’ё атрымаеш За здраду — здраду, рогі — за ражкі!

(Выходзіць.)

СЦЭНА II

Падуя. Перад домам Баптысты. Уваходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё, ТРАНЬЁ, КАТАРЫНА, Б'ЯНКА, ЛЮЧЭНЦ'Ё і СЛУГІ.

БАПТЫСТА

(да Траньё)

Вось, мой сіньёр, і наступіў той дзень, Калі жаніх Петруч’ё з Кэт-нявестай Павінны павянчацца. Час ідзе, А тут ад жаніха — ніякіх вестак. Што стануць гаварыць з канца ў канец? Якія плёткі пойдуць заўтра ўранні? «Адрокся, не з’явіўся пад вянец, Калі каноннік рыхтаваў вянчанне!» Зрабіць такую ганьбу нам, сіньёр,— За што, скажыце?

КАТАРЫНА

                         Хопіць, гэты сорам На мне адной. Які тут вам дакор, Якая ганьба і якое гора? Я не па згодзе, прызнаюся вам, Рашылася звязаць свой лёс і шчасце З нахабным зухам. Той шалёны хам Мяне гатовы быў з наскоку ўкрасці, Каб выманіць пасаг. А вось пра шлюб Ён і не дбаў. На тыдзень, на гадзіну Жаніўся б... Мог ён быць мне міл і люб, Такі праныра, што пад хітрай мінай Развязнасці хавае злыя жарты I, каб праславіцца, што ён — мастак, Сягоння сватае, а заўтра ў карты Гатоў прайграць нявесту за пятак Альбо засватаць тысячу адразу, Назначыць дзень вяселля, склікаць свет Гасцей, нагнаць турбот і без адказу Прапасці ў шлюбны дзень, замёўшы след? Цяпер пачнуць зласловіць, строіць кпіны, Паказваць пальцам: «Вунь яна ідзе Петруч’ю суджаная — Катарына, Якую кінуў муж у шлюбны дзень!»

ТРАНЬЁ

Цярпенне, цесць; цярпенне, Катарына, Прашу вас верыць доказам маім: Ад вас ён не адрокся і не кінуў; Мо што ў дарозе здарылася з ім? Ён — вісус, зух, але добрасумленны; Ну, зубаскал, але не пустадом.

КАТАРЫНА

Няхай бы лепш я з каменем, з паленам Спазналася, чым з гэткім жаніхом.

Выходзіць плачучы; за ёю Б'ЯНКА і іншыя.

БАПТЫСТА

Ідзі паплач гаротнаю слязой, Я спачуваю — крыўдна, пажурыся. Святая не стрывала б, а з тваёй Натурай непакорнай — хоць разбіся.

Уваходзіць Б'ЁНДЭЛА.

Б’ЁНДЭЛА

Сіньёр, а сіньёр! Навіны, старыя навіны, але такія, што вы яшчэ і не чулі ніколі!

БАПТЫСТА

Навіны і раптам старыя? Як жа гэта магчыма?

Б’ЁНДЭЛА

А ці ж не навіна — пачуць аб прыездзе Петруч’ё?

БАПТЫСТА

Ён прыехаў?

БЁНДЭЛА

Прыехаў? Хто вам сказаў?

БАПТЫСТА

Дык што ж тады?

Б’ЁНДЭЛА

Ён едзе, сіньёр.

БАПТЫСТА

Калі ж ён будзе тут?

Б’ЁНДЭЛА

Калі стане, дзе я цяпер, і ўбачыць вас вунь там.

БАПТЫСТА

Кажы хутчэй, якія ў цябе старыя навіны?

Б’ЁНДЭЛА

Ого! Петруч’ё едзе ў новым капелюшы і ў старой куртачцы; штаны на ім такія вынашаныя — аж свіцяцца, можа, трэці раз пераніцаваныя; боты — не тутэйшай работы, абноскі, у якія пакаёўкі скідалі агаркі свечак і ссыпалі смецце: адзін на спражцы, другі на падвязцы; меч заваляшчы, іржавы, пазычаны ў гарадскім арсенале, рукаятка — летась была, ножны без наканечніка, партупея ў двух месцах перавязана нейкай аборынай. Кабыла пад ім — кульгавая кляча; сядло на ёй — адна трухляціна: так з’едзена моллю — курыцы няма дзе клюнуць; страмёны — адно са Швецыі, другое — з Венецыі,— прывязаны абрыўкам не то лейцаў, не то супоні. Акрамя таго, у яго стаенніцы — сап, грыва ў струпах, спіна ў гузах; губы як трубы; скура ў каросце, кільчак у роце; падбрушша распухла, калені раздуліся — запаленне суставаў ці якая іншая хвароба; на кожным кроку спатыкаецца, у кожнай лужыне валяецца; крыж усыпаны гузамі, сточаны аваднямі; лапаткі тырчаць — і смех, і грэх, і пацеха. А збруя! Божа літасцівы, якая збруя! Едзе не на снасці, а на шчасці: цуглі ў роце ліпяць на дроце, а што да аброці — дальбог, аздоба: ці то з кажурыны, ці з благой ляйчыны; вузлоў — лічы і лік згубіш; падпруга з шасці кавалкаў, нахвоснік — акраек з аксамітнага жаночага сядла і з кляймом: дзве літары, выбітыя галоўкамі цвічкоў, і каб жа цэлы, а то ж звязаны ў двух месцах нейкай каляровай стужкай.