Выбрать главу

МАРЫЯ

Ага, значыць, калі лопне з аднаго боку, з другога прытрымае. А калі лопнуць абедзве, крый бог, дык і штаны з ног?

БЛАЗЕН

Удала, ей-жа-ей, вельмі ўдала. Шпар, шпар і далей такім манерам. Калі б сэр Тобі перастаў п’янстваваць, ты магла б яму быць самым смачным кусочкам Евінага мяса ва ўсёй Ілірыі.

МАРЫЯ

Прыкусі язык, мярзотнік,— хопіць дурыкаў. Вунь ідзе мая гаспадыня; прасі прабачэння і не блазнуй: табе ж самому будзе лепш. (Выходзіць.)

БЛАЗЕН

О, мудрасць! Калі будзе на тое твая добрая воля, пашлі мне добрую дураслівасць. Тыя разумнікі, якія думаюць, што табой у іх набіты кішэні, вельмі часта аказваюцца набітымі дурнямі. А я ўпэўнены, што цябе мне якраз не хапае, магу выдаваць сябе за разумнага. Бо што сказаў філосаф Свінтафал? «Лепш разумны дурань, чым дурны мудрэц».

Уваходзяць АЛІВІЯ і МАЛЬВОЛЬЁ.

АЛІВІЯ

Блаславі вас бог, мадонна. Ганіце прэч дурное стварэнне...

БЛАЗЕН

Вы што, паглухлі ўсе? Ганіце прэч мілэдзі.

АЛІВІЯ

Прэч, прэч з вачэй, пустапарожні дурань! Вы мне больш не патрэбны. Акрамя сваіх заганных выхадак, вы яшчэ становіцеся проста непрыстойным.

БЛАЗЕН

Два недахопы, мадонна, можна выправіць з дапамогай спагады і добрай парады. Паспагадаўшы пустапарожняму дурню, дайце яму паесці і папіць — вось дурань і запоўніць сваю пустату. А непрыстойнаму парадзьце выправіцца. Калі ён выправіцца, то перастане быць непрыстойным, а калі не пойдзе на папраўку, то аддайце яго на рамонт нашым шаўцам. Усё, што іхнімі рукамі кратана,— так-сяк прыбіта і залатана; дабрадзейнасць з душком залатана грашком, выпраўленыя грахі зладзеяў — міласцю дабрадзеяў. Прыгодны вам гэта няхітры сілагізм — прымайце; не прыгодны — з дурня не спаганяйце. На бязрыб’і і рак — рыба, а ў багатым доме — і дурань мудрэц. Мадонна загадала выштурхнуць блазноту, таму я і паўтараю — праганіце яе!

АЛІВІЯ

Сіньёр, я загадвала прагнаць вас.

БЛАЗЕН

Мяне? Страшэннае непаразуменне! Мадонна, cucullus non facit; monachum — другімі словамі: «і ў блазна галава не булава». Найдабрэйшая, міласэрная мадонна, дазвольце мне даказаць, што іменна вы і ёсць блазнота.

АЛІВІЯ

А вы гэта зможаце?

БЛАЗЕН

Найлепшым чынам, дабрэйшая мадонна.

АЛІВІЯ

Дакажыце.

БЛАЗЕН

Для гэтага я павінен паспавядаць вас.

Дабрадзейная мая мышка, адказвайце мне.

АЛІВІЯ

Раз няма іншай забавы, я гатова.

БЛАЗЕН

Найдабрэйшая мадонна, па кім вы носіце жалобу?

АЛІВІЯ

Найдабрэйшы дурачына, па нябожчыку брату.

БЛАЗЕН

Я думаю, што яго душа ў пекле, мадонна.

АЛІВІЯ

А я ўпэўнена, што яго душа ў раі, неразумны.

БЛАЗЕН

Тым больш неразумна, мадонна, шкадаваць, што душа вашага брата ў раі.— Ганіце прэч дурное стварэнне, сіньёры слугі!

АЛІВІЯ

Што вы думаеце пра гэтага дурня, Мальвольё? Выпраўляецца ён ці не?

МАЛЬВОЛЬЁ

А як жа, і будзе выпраўляцца, пакуль яго не выправяць на могілкі. Няздатнасць, мілэдзі,— згуба для разумных і заўсёды вялікая знаходка дурным.

БЛАЗЕН

Пашлі вам, божа, раптоўную няздатнасць, сіньёр, на вялікую карысць вашай дурасці! Сэр Тобі гатовы прысягнуць, што я не лісіца, але ён і двума грошыкамі не паручыцца, што вы не дурань.

АЛІВІЯ

Што вы на гэта скажаце, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

Я проста здзіўляюся, як ваша міласць можа знаходзіць задавальненне ў жартах такога бязмозглага нягодніка. Я нядаўна сам бачыў, як ён збянтэжыўся і замоўк перад нейкім фіглярам, а той і сам быў варты жалю. Ён выжыў з розуму, ды і мазгоў у яго не больш, чым у заваляшчым камені. Вось гляньце — ён ужо здаўся. Калі вы самі не смеяцеся і не даяце яму падставы для блазнавання, то ён і — язычок на кручок. Па-мойму, разумныя людзі, што пацяшаюцца з жартаў такіх нанятых блазнаў, нічым не лепшыя за падручных гэтых дурняў. Запэўняю вас!

АЛІВІЯ

О, ды ў вас хворае самалюбства, Мальвольё, і я запэўняю вас. Вы ні ў чым не адчуваеце смаку. Хто велікадушны і не адчувае за сабой віны,— успрыме ўсё тое, што вы лічыце гарматнымі ядрамі, не больш як стрэлы з курынага крыла. Прызнаны блазен не зневажае, хоць ён тым толькі і заняты, што кпіць і здзекуецца, як не зневажае і разумны чалавек, калі ён толькі тое і робіць, што выкрывае і кляйміць.