ПЕТРУЧ’Ё
Не дакучайце! Так вось і з’яўлюся.
БАПТЫСТА
Хоць да вянца вы замяніце ўбор!
ПЕТРУЧ’Ё
Ні ў якім разе. Што вы тут, сіньёр,—
Ўсё вопратка ды вопратка! Катуся
Вянчаецца са мной, не са штанамі.
Каб змог я, што яна ў мяне ўнутры
Парве, пашаматае без пары,
Змяніць на транты, то, сказаць між намі,
Я палічыў бы транты за знаходку.
Ды што я тут балакаю ўсім вам,
А не іду вітаць сваю лябёдку
I запрашаць радню на месу ў храм.
Выходзяць ПЕТРУЧ'Ё і ГРУМ'Ё.
ТРАНЬЁ
Ну што ты з ім?.. Крыўлянні, адгаворкі;
Ён нейкі план забраў у галаву.
Хадзем усё ж прасіць, каб хоць знадворку
Пераапрануўся ў лепшае ў царкву.
БАПТЫСТА
Пайду за ім і гляну, што рабіць.
Выходзяць БАПТЫСТА, ГРЭМ'Ё і СЛУГІ.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, к яе каханню неабходна
Спагаду і любоў да вас схіліць
Баптысты так, каб ён сказаў: «Я згодны».
Для гэтага мне трэба падшукаць
Якога-небудзь падуанца-дзядзьку,
Што даў бы згоду пізуанцам стаць,
Каб ролю выканаць Лючэнц’ё-бацькі,
I тут, у Падуі, каб паручыўся
За сумы, што ад вашага імя
Тады пры сватанні не паскупіўся
У спадчыну за вас прызначыць я.
Калі знайду такога, вашы шанцы
Жаніцца на сваёй красуні Б’янцы
Лічыце пэўнымі.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Каб пільным вокам
Пракляты Ліч’ё тут, на кожным кроку,
За Б’янкай не сачыў, мы б пры прыёры
Даўным-даўно звянчаліся ў саборы.
А ўжо тады, каб нават цэлы свет
Паўстаў на нас, парушыць запавет
Было б па часе — я зрабіў сваё;
Што ўзяў у рукі, дудкі, брат,— маё!
ТРАНЬЁ
Турбот у нас — не схопіш і ў бярэмя.
Тут трэба тонка, з мерай пачуцця,
Каб акалпачыць пня старога Грэм’ё,
А разам з ім і хітрага цясця
Дый й Ліч’ё-скрыпачу падсунуць дулю,
I ўсё вам на карысць, мой гаспадар.
Уваходзіць ГРЭМ'Ё.
Вы ад вянца, сіньёр, ляціце куляй?
ГРЭМ’Ё
Лячу, як з перапуду на пажар.
ТРАНЬЁ
Жаніх з нявестай адбылі дадому?
ГРЭМ’Ё
Дадому ці ў салому — невядома,
А жанішок, сіньёр, скажу вам — зелле.
ТРАНЬЁ
Ну не такі ж упарты, як яна.
ГРЭМ’Ё
Ён — чорт, нячысты дух, бязбожны шэльма.
ТРАНЬЁ
Дык што ж,— да пары, чорт і сатана.
Як кажуць, чорт за чорта ды ў балота.
ГРЭМ’Ё
Яна — галубка ў параўнанні з ім,
Ягнё бязмоўнае, святая цнота,
Анёлак, легкакрылы херувім.
Вось вы ўявіце, мой сіньёр, карціну:
Царква. Вікарый, скончыўшы абрад,
Пытае: «Згодны дзеву Катарыну
У жоны ўзяць?» А ён, нібы снарад,
Як вухне: «Згодзен, забіраю дзеўку».
Ажно канонік трэбнік долу бразь;
Нагнуўся, каб падняць, а той знячэўку
Як штурхане, аж толькі шпора — хрась...
Служыцель культу — носам у падлогу,
А ён: «Маліся, ксёндз, за грэшных богу».
ТРАНЬЁ
А калі ксёндз падняўся, маладуха
Аблаяла Петруч’ё?
ГРЭМ’Ё
Вы — фантаст:
Збялела і дрыжала ўся без духу,
Як на асіне ліст у грозны час.
А ён каноніка ўшчуваў, гарланіў,
Нібыта ў тым уся была віна.
I толькі на канцы, пасля вянчання,
Калі паднеслі маладым віна,
Схапіў з падноса чашу і са спрытам
Кіўнуў, гукнуў: «Здарова будзь, каток».
Нат не скрывіўшыся, адзіным глытам
Каўтнуў — і толькі аблізнуў раток.
Як быццам ён пасля страшэннай буры
З камандай баляваў сабе ў шынку.
Зарагатаў, а чашу так і шпурыў
У твар каноніку, не юнаку,
Які — яму здалося — прагна сліну
Глытаў і трос казлінай барадой,
А потым хап за шыю Катарыну
I гэтак цмокнуў проста ў вусны ёй,
Што ажно рэха ўдарыла ў скляпенне...
Я з сораму і ганьбы ледзь жывы
Перахрысціўся ды да пабачэння,
А ўслед за мной і ўсе — бягом з царквы.
Такога апраметнага вянчання
Я колькі жыў не бачыў за свой век.
Ён чортам створан — гэты чалавек.—
Ідуць. Чуваць жа музыкі ігранне.