Выбрать главу

ПЕТРУЧ’Ё

Разява, кляча дохлая, кіжлай. Ці ж я не загадаў табе, наруга, Нас выйсці сустракаць пад самы гай I за сабою весці гэту «схізму»?

ГРУМ’Ё

Калі ж Натаньел латаў свой сурдут, А Пітэр, выбачайце, ставіў клізму, А Габрыэль, здаецца, шыў хамут; Уолтэр — той, казалі, ля сталярні Тачыў кінжал. I толькі пад рукой Былі Адам і Рэльф, ды на вяндлярні Ўсё кашляў Грэгары. Вось тут і строй Такое войска беднаму кур’еру, А ўсё ж я іх пастроіў і прывёў.

ПЕТРУЧ’Ё

Марш, лайдакі! — Прынесці нам вячэру.

НЕКАЛЬКІ СЛУГ выходзяць.

(Петруч'ё напявае.)

«Дзе дні юнацтва засталіся? Дзе дні...»                  Ты, Кэт, сядай і не сумуй. Ох-ма, жыццё, жыццё...

Уваходзіць СЛУГА, несучы вячэру.

                         Ну, што ж ты, Кіса, Стаіш, маўчыш? Сядай.— А ты, статуй, Сцягні мне боты. Чуеш, недаробак?

(Напявае.)

«Жыў-быў дзябёлы капуцын, Ліхі ахвотнік да жанчын...» Лягчэй, халява,— вывіхнеш нагу. Цягні другі — і атрымай заробак.—

(Дае слузе поўху.)

Вады падаць! — Кэт, што ж ты ні гу-гу? Развесяліся.— Дзе вы, арыштанты? Прывесці пса Траіла! — Прэч, цюхцяй; Пакліч сюды кузена Фердынанда.

СЛУГА выходзіць.

Кэт, Фердынанд — наш мілы хлопчык-пай.— Вы дзе пантофлі дзелі і ці скора Дасце вады?

Уваходзіць СЛУГА з тазам.

                              Ну, мый жа рукі, Кэт, I будзь за гаспадыню.

СЛУГА ўпускае з рук таз.

                              Ох ты гора! — Няўклюда, сухарукі шпінгалет.

(Б'е слугу.)

КАТАРЫНА

Не біце, ён неназнарок; не біце!

ПЕТРУЧ’Ё

Кіжлай, шлапак, сляпая курая.— Сядайце, Кэт, і трошкі закусіце. Памолішся сама ці, можа,— я? Тут што, рагу з бараніны?

1-шы СЛУГА

З ягняці.

ПЕТРУЧ’Ё

Хто пpадаваў?

ПІТЭР

(слуга)

Я.

ПЕТРУЧ’Ё

                                 Гэта ж вугалі. Згарэла ўсё дазвання. О, пракляцце! Дзе кухар? Выкапаць хоць з-пад зямлі I зараз жа — сюды! Ці ж не распуста? Як вы адважыліся мне падаць На нейкіх кішках шэрую капусту? Прыбраць, вы чуеце? Усё прыбраць!

(Змятае ўсё са стала і раскідае па сцэне.)

Ах лізуны збрадлівыя, падлюгі! Вы што — бубніць? Чакай жа мне, лайдак!

КАТАРЫНА

Прашу вас, муж, не трэба заварухі. У мяса, я сказала б, добры смак.

ПЕТРУЧ’Ё

А я кажу, што тут прыгаркі ў мясе, Нібы яго пяклі на пажары. Не то што я, а кошка б не ўзялася Такое палізаць. Мне дактары Ад смажаніны раяць адхрысціцца: Яна турбуе жоўць і будзіць гнеў. I нам абоім лепей папасціцца, Бо й без таго з касцямі б часам з’еў У злосці я цябе, а ты — Петруч’ё. Не будзем хрумстаць гэту карыну. Перагавеем ноч пасля заручын; Ўжо ж неяк перацерпім ноч адну, А раніцай нам пададуць сняданне. Хадзем, каток, на шлюбны ложак наш.

Выходзяць КАТАРЫНА, ПЕТРУЧ'Ё і КЭРЦІС.

Уваходзяць паасобку НЕКАЛЬКІ СЛУГ.

НАТАНЬЕЛ

Ты, Пітэр, бачыў гэта ўтаймаванне?

ПІТЭР

Па кліну клінам ды абухам пляж!

Уваходзіць КЭРЦІС.

ГРУМ’Ё

Ну, дзе ён дзеўся?

КЭРЦІС

Там, у спальні, чытае ёй пропаведзь аб устрыманні. Шуміць, грыміць, і лаецца, і бэсціць, А ёй, гаротнай, гэта ў навіну: Не знае, дзе прылегчы, дзе прысесці, Маўчыць, як непрытомная са сну. Хадзем, хадзем адсюль! Ён зараз прыйдзе.