Выбрать главу

Выходзяць.

Уваходзіць ПЕТРУЧ'Ё.

ПЕТРУЧ’Ё

Дзе мука, там, гавораць, і навука, А мне двайная мука, што й казаць. Упадабаць свавольніцу не штука, Ды як з ёй жыць? Спрабуй тут рады даць. Мая саколка хмурая сягоння: Не снедала. Ну, што ж — скубі валлё, Пакуль не закрычу: «Акыш — у лёт За зайцам узагнаным у пагоню!» Нейк галубятнікі мне гаварылі, Як прыручыць галубку, каб стралой На свіст гаспадара, злажыўшы крылле, З-пад хмар ляцела ўніз, на вільчык свой — Пазбавіць трэба сну, не даць спачыну, Як беркута, каб выбіць дух ліхі. Вось так і я ўтаймую Катарыну I выб’ю наравісты дух благі. Не спала тую ноч і зноў не будзе Адпачываць і ў гэту — пахадзі, Пабудзь у калатні, у перапудзе Ды мужу ўсім і ўсюды дагадзі. Падняў учора гвалт з-за парушынкі Ў булёне, з-за прыгарачкі ў рагу, А сёння «пакаштуе смак разінкі», Калі я ў спальні гэтак жа змагу Віхурай усхадзіцца, прычапіцца Да шлюбнае пасцелі і пачну Падушкі, коўдры і яе спадніцы Шпурляць пад ногі і не дам ёй сну Ніводнае хвіліны.                             А знябытай, Асалавелай кошачцы сваёй Зманю, што муж нервовы і сярдзіты З кахання: ён душы не чуе ў ёй. Пачне драмаць. «Ах, спаткі захацела?» — Пачну шаптаць на вушка: шу-шу-шу. Такою ласкай можна выбіць з цела Не толькі дух благі. Мой бог,— душу! А наравы змяніць — і пагатове. Не ўсё ж мядок, калі пайшло на тое. Вам што, сіньёры, шкода маладой? Лепш не магу. Парайце вопыт свой.

(Выходзіць.)

СЦЭНА II

Падуя. Перад домам Баптысты. Уваходзяць ТРАНЬЁ і ГАРТЭНЗ’Ё.

ТРАНЬЁ

Няўжо магчыма, каб сіньёра Б’янка Любіла не Лючэнц’ё, а другога? Хто толькі не накпіў з мяне, дурнога: Замест гасцінца — дзірка з абаранка.

ГАРТЭНЗ’Ё

Каб вам праверыць праўду слоў маіх, Паслухайце цішком «навуку» іх.

Адыходзяць убок.

Уваходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКА.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Расказвайце пра поспехі ў чытанні.

Б’ЯНКА

А вы — пра вашы поспехі ў каханні.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Любві навука — гэта мой прадмет, А раб навукі — у любві аскет.

Б’ЯНКА

Вам лепш бы майстрам быць таго прадмета, А не рабом яго.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

                                   Я вам на гэта Адно скажу: хай сведкай будзе бог, — Аскет — ваш раб, і ён ля вашых ног.

Адыходзяць убок.

ГАРТЭНЗ’Ё

Паспех і поспех — сутнасць не адна: Тут розніца ўся ў націску.— Скажыце: Не вы мне прысягалі, што яна Кахае толькі вас?

ТРАНЬЁ

                               Э, лепш маўчыце. Каварства пад прыгожанькім абліччам. Паверце, Ліч’ё, крыўдна мне — хоць плач.

ГАРТЭНЗ’Ё

Прэч гульні ў жмуркі! Я, сіньёр,— не Ліч’ё I не скрыпач. Так-так, і не скрыпач. Абрыдла мне таіцца тут пад маскай Дзеля яе адной, што можа ўзяць Кумірам сэрца нейкага падпаска, А сыну двараніна ганьбы даць. Дык вось, сіньёр, мяне завуць Гартэнз’ё.

ТРАНЬЁ

Сіньёр Гартэнз’ё, я так часта чуў Пра даўнасць вашых да яе прэтэнзій, Што вам па шчырасці сказаць хачу: Цяпер, пераканаўшыся ў каварстве I легкадумнасці яе пустой, Я разам з вамі, за яе махлярства,— Пры ўмове, калі згодны вы са мной,— Адмоўлюся ад Б’янкі назаўсёды.

ГАРТЭНЗ’Ё

Сіньёр Лючэнц’ё, гляньце вы на іх: Цалуюцца, мілуюцца. Я згодны: Клянуся ад імя усіх святых, Што век не закрану яе, не гляну. Яна не варта жару пачуцця Маёй душы, якой і боль, і рану Нанесла гэта здраднае дзіця.