Выбрать главу

ТРАНЬЁ

I я клянуся, што не ажанюся З ёй ні за што, каб нават са слязьмі Яна прасіла. Лепей утаплюся, Чым параднюся з гэткімі людзьмі. Цьфу, аж агідна, як яна там трэцца Каля таго ўюна.

ГАРТЭНЗ’Ё

                         Хай цэлы свет Яе асудзіць, збэсціць і зрачэцца. А я, сіньёр, я здзейсню запавет. Праз дзень ці два з багатай удавою Аформлю шлюб. Яна мяне даўно Трымае на прыкмеце. Бог з табою, Гардыня Б’янка... Вам цяпер адно Скажу я, мой сіньёр, на развітанне: Не хараством сваім, а дабратой Жанчына заваёўвае каханне. Ну і бывайце! Клятвы я сваёй Не адмяню.

(Выходзіць.)

ТРАНЬЁ

(сам сабе)

                      А складна ўсё ж маню.— Сіньёра Б’янка, пажадаць вам шчасця, Якое вам не снілася дваім? Такога шчасця, што і ўсе напасці Рассеюцца, нібы на ветры дым. Падцікаваўшы вашае спатканне, Сіньёры Траньё і Гартэнз’ё, іх Я падтрымаў: я з імі ўжо ў кампаніі — Вас выракліся.

Б’ЯНКА

Праўда, удваіх?

ТРАНЬЁ

Абодва.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Значыць, Ліч’ё — не жаніх?

ТРАНЬЁ

Ён парашыў да нейкай удавіцы Пасватацца, жаніцца ці ўдавіцца.

Б’ЯНКА

Дай бог ім радасць.

ТРАНЬЁ

Ён яе ў баранні Ражок сагне і вышкаліць.

Б’ЯНКА

                           Няўжо Ён так хваліўся?

ТРАНЬЁ

               Ў школу ўтаймавання, Здаецца, запісаўся ваш дружок.

Б’ЯНКА

Куды? А дзе была такая школа?

ТРАНЬЁ

Была і ёсць. Там класнаю сіньёрай Сіньёр Петруч’ё, швагер ваш вясёлы, Дасціпна выкладае, як і чым Выструньваць паслухмяны, ціхі нораў У наравістых непакор-жанчын.

Б’ЁНДЭЛА

Сіньёр, сіньёр, ад бегання і посту Я збіўся з ног, нібы стары ганчак. I вось, нарэшце,— бачыце, ля мосту, З узгорка клыпае сюды апостал,— Ён нам якраз.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

А хто ён, небарак?

Б’ЁНДЭЛА

Не ведаю: гандляр ці таннай платы Педант-настаўнік; па сваёй хадзе, Гадах і выгляду — ён ніштаваты Для нашай справы. Вунь, сюды ідзе.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Ну, як па-твойму?

ТРАНЬЁ

                            А не падвядзе? Калі прастак і згодзіцца ўсё чыста, Што я яму скажу, на веру ўзяць, То будзе за Вінчэнц’ё, і Баптысту Паабяцае ўсё, што па ўгаворы Мы абяцалі ў спадчыну аддаць Сіньёры Б’янцы. А цяпер, сіньёры, Зрабіце ласку не перашкаджаць.

Выходзяць ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКА.

Уваходзіць ПЕДАНТ.

ПЕДАНТ

Дапамагай вам бог, сіньёр.

ТРАНЬЁ

                                I вам, сіньёр. У пуць ці мо завернеце на двор?

ПЕДАНТ

Пабуду з тыдзень тут, куплю спажывы, А там — дарога зноў у самы Рым, А з Рыма ў Трыпалі, каб толькі жывы.

ТРАНЬЁ

Адкуль вы?

ПЕДАНТ

                Я — вандроўнік, пілігрым З самое Мантуі.

ТРАНЬЁ

                Не смеяцеся? Вы з Мантуі? Пан бог вас барані. I за сваё жыццё не баіцеся У нашай Падуі?

ПЕДАНТ

                       Жыццё? Ні-ні. Не разумею вас: чаго баяцца?