Выбрать главу
Я й рад бы, але ж крыху страшнавата: Трыбух для жоўці шкодны — вось бяда. А як наконт грудзінкі, вы — не хваты? З хранком сярдзітым? Смачная яда.

КАТАРЫНА

З’ем, не пытай: я ўсё гатова з гора Са смакам з’есці.

ГРУМ’Ё

                              Так,— не без прычын. Але ж хранок — ён можа ўзбурыць горыч.

КАТАРЫНА

Грудзінку прынясі, а хрэн пакінь.

ГРУМ’Ё

Без выбару: альбо хранок з гарчыцай, Альбо нічога; выбар невялік.

КАТАРЫНА

Не раздражняй, каварная лісіца, Мяне харчы цікавяць, а не лік. Я з голаду не знаю, дзе прысесці. Хутчэй прынось абы-якую дрэнь: Дзве стравы ці адна — абы пад’есці.

ГРУМ’Ё

Ну, што ж, цудоўна: я прыношу хрэн.

КАТАРЫНА

Душыся хрэнам сам, ілгун каравы; Пайшоў адгэтуль, чортаў абармот! Кпіць проста ў вочы пералікам страваў, Калі ў мяне к спіне прысох жывот. Чума на вас усіх, на вашу зграю! Ты чуеш,— прэч, у будку марш сваю.

Уваходзіць ПЕТРУЧ'Ё з талеркай у руках, за ім — ГАРТЭНЗ'Ё.

ПЕТРУЧ’Ё

Катулечка, ну як ты пажываеш?

ГАРТЭНЗ’Ё

Сумуеце, сіньёра?

КАТАРЫНА

Не, пяю.

ПЕТРУЧ’Ё

Развесяліся, глянь разок з усмешкай, Які ў цябе руплівы, добры муж: Сам пёк, сам смажыў, поркаў галавешкі, Не ў свой упрогшыся мужчынскі гуж,— I вось прынёс, каб заслужыць падзяку Хаця б за ўвагу, клопаты.

(Ставіць талерку на стол.)

Маўчыш? Відаць, мае прысмакі не да смаку I за старанні мне ў падзяку — шыш.

(Да слуг.)

Прыміце прэч!

КАТАРЫНА

Прашу вас, не прымайце.

ПЕТРУЧ’Ё

За харч падзякуй, звычай ёсць такі. Хто дзякуе, тым кажуць: «Спажывайце».

КАТАРЫНА

Што ж, дзякуй.

ГАРТЭНЗ’Ё

                            О, жаніх, вы гаваркі Прыдзірлівы педант, што нам аж сорам.— Сіньёра, я падсяду ў пару к вам.

ПЕТРУЧ’Ё

(шэпча на вуха Гартэнз'ё)

Гартэнз’ё, ты адзін з’еш гэты скорам.— Жуй, жуй, каток, работу дай зубам, Бо час бяжыць, а мы павінны сёння Дапяць у Падую пад ноч хаця I там гульнуць. Журботнае дзіця, Пакінь нуду. Дзе пешкі, а дзе конна Даедзем, дойдзем — і на людным сходзе Так здзівім свет раскошаю абноў — Шаўкамі плаццяў па агюшняй модзе, Плюмажаў, фіжмаў, брыжаў і штаноў, Капелюшоў, візітак, руж і рушак, Пярсцёнкаў, завушніц, калье, камей I розных фінціфлюшак і бразгушак, Што зайздрасць вочы выесць у гасцей. Ты скончыла жаваць? Кравец чакае, Каб аксамітам твой аздобіць стан.

Уваходзіць КРАВЕЦ.

Ідзі сюды. Чаго дрыжыш, як Каін? Кладзі тавар.

Уваходзіць КРАМНІК.

А што ў цябе, кафтан?

КРАМНІК

Капелюшок, сіньёр, для ваша кіска.

ПЕТРУЧ’Ё

Ну-ну, развязвай вузел, пакажы. А гэта што тут — плісавая міска, Кіла ці вымя дойнае казы? I ты асмеліўся мне ў дом прыстойны Прынесці бессаромна гэту дрэнь — Курыны вылівак, благі падойнік, Што хоць варон пужаць на кол надзень? Цьфу! Забірай свой лямец і па згодзе Паказвай большы.

КАТАРЫНА

                        Гэты — самы шык. Цяпер капелюшы малыя ў модзе, Блін-капялюш — апошняй моды крык. У свеце ўсе прыстойныя жанчыны
Такія носяць.

ПЕТРУЧ’Ё

                       Вось і ты, калі Пакорнай, свецкай станеш, Катарына, Сабе закажаш гэты самы блін, А да тае пары не мар аб новым.