Выбрать главу

БЛАЗЕН

Хай табе, мадонна, пашле бог Меркурый дар прыхлушвання за тваю добрую праўду пра блазнаў!

Вяртаецца МАРЫЯ.

МАРЫЯ

Міласцівая мілэдзі, там каля нашых варот стаіць нейкі малады сіньёр; ён вельмі хоча пагаварыць з вамі.

АЛІВІЯ

Ад графа Арсіна, мабыць?

МАРЫЯ

Хто ж яго ведае, мілэдзі. З выгляду такі прыгожы малады чалавек, і світа — людзі прыстойныя.

АЛІВІЯ

Хто з маіх людзей яго не пускае?

МАРЫЯ

Сэр Тобі, мілэдзі, ваш дзядзечка.

АЛІВІЯ

Адклічце яго ад варот, калі ласка; ён з людзьмі не ўмее інакш размаўляць, як толькі лаянкай ды крыкам. Вар’ят, проста сорамна за яго.

МАРЫЯ выходзіць.

Ідзіце туды і вы, Мальвольё. Калі там пасланцы ад графа,— мне нездаровіцца, альбо скажыце, што мяне няма дома. Кажыце ўсё, што вам прыйдзе ў галаву, толькі б адчапіцца.

МАЛЬВОЛЬЁ выходзіць.

Ну вось, сіньёр блазен, самі бачыце, што вашы блазнаванні старэюць і перастаюць падабацца.

БЛАЗЕН

Вы заступаецеся за нас, мадонна, так, як бы ваш старэйшы сын сам быў блазнам — набі, святы Юпітэр, яго чарапок мазгамі. Бо ў аднаго — а вось і ён сам! — у аднаго з вашай радні ведьмі рэдзенька ў яго pia matar (Паказвае на галаву.)

Уваходзіць сэр ТОБІ.

АЛІВІЯ

(сама сабе)

Магу прысягнуць — ён добра выпіўшы.— Хто там каля варот, дзядзя?

СЭР ТОБІ

Пачцівы сіньёр.

АЛІВІЯ

Які сіньёр?

СЭР ТОБІ

Кажу ж, адзін сіньёр, а які... Чума на іх, гэтых марынаваных сяледчыкаў! — Ну, як маешся, дурачына?

БЛАЗЕН

Добранькі наш сэр Тобі!

АЛІВІЯ

Дзядзя, дзядзя, як жа гэта вы з самага ранку дайшлі да такой летаргіі?

СЭР ТОБІ

Літургіі? Ану яе ў балота! Там нехта каля варот.

АЛІВІЯ

Хто ж там, скажыце, нарэшце?

СЭР ТОБІ

Хай сабе і сам д’ябал, калі хоча, мне што з таго? Я вам не брашу, а зрэшты — мне ўсё роўна. (Выходзіць.)

АЛІВІЯ

На каго падобны п’яны — чуеш, блазен?

БЛАЗЕН

На дурнога, вар’ята і тапельца: адзін лішні кубак — адурніць, другі — зваліць, а трэці — утопіць.

АЛІВІЯ

Схадзі пашукай следчага, каб агледзеў майго дзядзьку; ён у трэцяй ступені ап’янення і, мабыць, ужо на дне. Бяжы паглядзі, дзе ён.

БЛАЗЕН

Пакуль што, мадонна, ён толькі вар’яцее, і дурню ў самы раз у кампанію з вар’ятам. (Выходзіць.)

Вяртаецца МАЛЬВОЛЬЁ.

МАЛЬВОЛЬЁ

Ваша міласць, той малады чалавек клянецца, што яму неадкладна трэба штось такое вам сказаць. Я яму гавару, што вы хворыя; ён адказвае, што яму ўжо так сказалі, таму ён і дамагаецца дазволу пагаварыць з вамі. Я тлумачу, што вы спіце; яму быццам бы і гэта вядома і таму ён спяшаецца да вас з нейкай навіной. Што яму яшчэ сказаць, ваша міласць? Ён, здаецца, прадбачыць любую нашу адгаворку.

АЛІВІЯ

Скажыце, што са мной размовы не будзе.

МАЛЬВОЛЬЁ

Так ужо было сказана, а ён кажа, што застанецца нерухома каля варот, як слуп пры ганку шэрыфа, і будзе стаяць, пакуль не дачакаецца размовы з вамі.

АЛІВІЯ

Якога роду гэты чалавек?

МАЛЬВОЛЬЁ

Мужчынскага, якога ж яшчэ!

АЛІВІЯ

Якіх манер, я маю на ўвазе.

МАЛЬВОЛЬЁ

Вельмі благіх, ваша міласць: настойліва патрабуе сустрэчы і не пытаецца, жадаеце вы яе ці не.

АЛІВІЯ

Які ён сабой? У гадах?

МАЛЬВОЛЬЁ

Каб сказаць мужчына, дык не, недаростак, а для хлапчука — пераростак; нешта накшталт зялепушкі-яблыка альбо гарохавага стручка ў «лапатачках» — і не надта каб мужчына, і не зусім каб хлапчук. Абліччам прывабны і ў гаворцы порсткі, як скакунок. Глядзіш на яго і думаеш: дзіця горкае, яшчэ ж толькі-толькі матчына малако аблізаў з вуснаў.

АЛІВІЯ

Хай пройдзе сюды. Паклічце маю камерыстку.

МАЛЬВОЛЬЁ

Шаноўная Мэры, мілэдзі кліча! (Выходзіць.)

Вяртаецца МАРЫЯ.

Падайце пакрывала і вуаль; папраўце тут на галаве. Ну што ж, выслухаем яшчэ раз пасольства ад Арсіна.

Уваходзяць ВІЁЛА і СВІТА.

ВІЁЛА

Хто з вас высокашаноўная гаспадыня гэтага дома?

АЛІВІЯ