ГАРТЭНЗ’Ё
(убок)
Не скора ж прыйдзе той жаданы час.
КАТАРЫНА
Чакайце, я, здаецца, маю слова
I я скажу адкрыта, без прыкрас.
Я не дзіця, і верце — я не хлушу —
Не вам раўня, а слухалі мяне,—
А стане прыкра, зашпаклюйце вушы;
Язык, як мяліца,— усё самне,
Што коле ў сэрца, і сыпне кастрыцай —
Калючай праўдай, жорсткаю, як жвір.
Бо станеш уступаць вам і таіцца,
Ад крыўды рынеш галавой у вір.
ПЕТРУЧ’Ё
Э, што там гаварыць: убор не модны
Варэнік, бурбалка, шаўковы торт.
Люблю цябе, што ты са мною згодна.
КАТАРЫНА
Любі ці не любі, а слухай, чорт:
Не згодна, і хачу капэлюш-чэпчык
Вось гэты, толькі гэты,— не другі.
КРАМНІК забірае клумак і выходзіць.
ПЕТРУЧ’Ё
Кравец, а ты там што ў парозе шэпчаш?
Прынёс заказ? Ды што ж гэта — кругі,
Якіясь абручы? Ты не для ціра
Ўсё гэта нашпіляў? Тут што — рукаў?
Дальбог, пузыр. Раздутая марціра
I ромбы, нібы кросны ў павука;
Надрэз, прарэз, прарэха на прарэсе —
Курыльніца з цырульні: крыжык, крыж,
Так-сяк і накасяк. Чаго ты трэшся,
Чаго блішчыш? Чакаеш на барыш?
Ты спадзяешся, што табе заплацяць
За твой так званы падвянечны ўбор?
ГАРТЭНЗ’Ё
Ўсё ясна: быць ёй без чапца і плацця.
КРАВЕЦ
Вы ж самі загадалі мне, сіньёр,
Пашыць і па сезону і па модзе.
ПЕТРУЧ’Ё
Так, загадаў у час падгатаваць,
Па модзе скроіць і пашыць — і годзе.
А хто ж табе загадваў сапсаваць?
Складай манаткі і скачы панура;
Даскачашся, як блошка, на пліце:
Заказы знікнуць, знікне кліентура,
I кішкі справяць хор у жываце.
Бяры свой хлам, рабі з ім што захочаш
I — з богам!
КАТАРЫНА
Я ізноў адкрыта ў вочы
Скажу: такога плацця я ніколі
Не бачыла — прыемны мне фасон,
Па модзе, зграбнае. Вы, муж-саколік,—
Страшыдла, пудзіла пужаць варон
З мяне зрабіць хацелі б?
ПЕТРУЧ’Ё
Гэта праўда,
Але не я, а ён, вось гэты чмут.
КРАВЕЦ
Сіньёра, ваша міласць, плаццю рада.
ПЕТРУЧ’Ё
Страшэннае нахабства! Лжэш, хамут.
Выкручваешся, вуж, цурбан, напарстак,
Крывы аршын, шырынка і прарэх.
Ты, спрытная блыха, пакінь штукарства,—
Мне ў злосці не да жартаў, пустабрэх!
Запечны цвыркунок, а бачыш — прытак,
Кусае спадцішка. Сляпая моль.
Ці чулі — ён, вось гэта шпуля нітак,
Мне грубіяніць, сыпле ў рану соль?
Вон, вон з пакоя, вылівак курыны!
Абрэзак, лапікла з азадка — вон!
А то я так цябе тваім аршынам
Прамеру, што ў вушах зазвоніць звон.
Я гавару, што плацце ты схалтурыў.
КРАВЕЦ
Не, ваша міласць, плацце ў самы раз:
Прыгнана і пашыта па фігуры,
Як Грум’ё, ваш слуга, і даў заказ.
ГРУМ’Ё
Я даў матэрыю, а не ўказанне.
КРАВЕЦ
А ўсё ж, вы як сказалі мне пашыць?
ГРУМ’Ё
Іголкай з ніткай і дадаць старанне.
КРАВЕЦ
А скроіць як сказалі вы? Маўчыць!
ГРУМ’Ё
Ты многіх рабіў фасоністымі?
КРАВЕЦ
Многіх.
ГРУМ’Ё
А мяне цябе не перафасоніць: я не хачу, каб мяне абалванілі і перафасонілі. Сцвярджаю, што я загадаў свайму гаспадару плацце пакроіць, а не пакрамсаць яго на дробныя шматкі; а пагэтаму ты хлусіш.
КРАВЕЦ
Чакайце, вось запіска, дзе сказана аб пакроі плацця.
ПЕТРУЧ’Ё
Чытай, што напісана.