Выбрать главу

ГРУМ’Ё

Напісана — кабыла лысая, жарабё рабое — з’еў воўк абое. Аднак запіска яўна хлусіць, калі ў ёй сказана, што гэта гаварыў я.

КРАВЕЦ

(чытае)

«Па-першае, свабодна аблягаючае плацце».

ГРУМ’Ё

Клянуся, сіньёр гаспадар, што, калі я каму-небудзь гаварыў «свабодна аблягаючае плацце», няхай мяне зашыюць у яго падол і лупцуюць да смерці канцом суровай ніткі; я проста сказаў «плацце».

ПЕТРУЧ’Ё

Чытай далей.

КРАВЕЦ

(чытае)

«З невялікім круглым каўняром-жабо».

ГРУМ’Ё

«Каўняром» — гаварыў, а «жабы» — не памятаю.

КРАВЕЦ

(чытае)

Рукаў — трубачкай.

ГРУМ’Ё

Не рукаў, а два — гэта я казаў.

КРАВЕЦ

(чытае)

«I каб рукавы з выдумкай».

ПЕТРУЧ’Ё

Вось, вось: гэта якраз і выдумка, Грум’ё.

ГРУМ’Ё

Тут памылка ў запісцы, сіньёр, яўная памылка. Я гаварыў, каб рукавы былі спярша выкраены, а пасля ўшыты, і я табе, кравец, дакажу гэта, хоць твой палец і ўзброены напарсткам.

КРАВЕЦ

Я гавару праўду. Папаўся б ты мне ў другім месцы, я б табе даказаў!

ГРУМ’Ё

Дык, калі ласка,— я перад табой; дай мне ў рукі твой аршын, вазьмі запіску і дубась не шкадуючы.

ГАРТЭНЗ’Ё

Барані бог, Грум’ё. Тады ў яго не будзе аніякіх шанцаў на аплату.

ПЕТРУЧ’Ё

Мне вас шкада, а плацце не па мне.

ГРУМ’Ё

Нашто ж па вас? Яно па гаспадыні.

ПЕТРУЧ’Ё

Забірай яго ў карысць твайго гаспадара.

ГРУМ’Ё

I не падумай, нягоднік, забіраць плацце маёй гаспадыні ў гардэроб твайго гаспадара.

ПЕТРУЧ’Ё

А што? Ты што пад гэтым разумееш?

ГРУМ’Ё

Пад гэтым — нічагуткі, а вось глыбей — Глыбокі змест і форму. Я не дам. Дарыць яе уборы нейкай глыбе, Азызлай з тлушчу — нечай там мадам!

ПЕТРУЧ’Ё

(на вуха Гартэнз'ё)

Скажы, што ты краўцу за ўсё заплаціш.

(Да Краўца.)

Бяры і прэч — і больш не галагань.

ГАРТЭНЗ’Ё

(на вуха Краўцу)

Кравец, я заўтра заплачу за плацце. Згаджайся з ім ва ўсім, паддаквай, гань. Ідзі. Гаспадару скажы мой дзякуй.

КРАВЕЦ выходзіць.

ПЕТРУЧ’Ё

Ну што ж папішаш, Кэт, на бацькаў баль Паедзем мы ў будзённым, пахадзякі, У гэтых трантах, на вялікі жаль. Прынята і вядзецца так спрадвеку, Што цэняць не ўпакоўку, а тавар. Бо не адзежа красіць чалавека, А розум. Як праз аблачыны ўдзень Багацце сонца ззяе, так і зроду Свіціцца чэсць праз бедны ўбор людзей. Ці ж салавейка не раўня удоду, Якога апярэнне багацей? Няўжо мы станем выхваляць яхідну I ганіць вераценніка-вугра За тое, што на выгляд ён агідны, А футра у яхідны з серабра? О не, каток! Цябе твой скромны выгляд Не зганьбіць і не ўнізіць ані-ні. Ён так табе да твару, быццам выліт. А будзе сорамна, ва ўсім віні Мяне, нягодніка. Пара дадому. Развесяліся. Едзем жа гуляць. Кліч слуг. Вось будзе радасці старому! Стаеннікаў за браму падагнаць, Туды — за ўзгорак, у канец прысады. Мы дойдзем, тры вярсты — не дальні свет. Разыдземся крыху. Вось будуць рады, Раптоўна, нечакана — на абед Такія госці! Ранак нейкі шэры. Зарэе. Сем гадзін — не больш цяпер.

КАТАРЫНА

Ўжо дзве гадзіны дня. Мы не паспеем, Не толькі на абед, а й на вячэру.

ПЕТРУЧ’Ё

Мы выедзем у сем, дакладна ў сем. I што ў цябе за нораў, Катарына, Ці я раблю што, ці кажу, ці нем — Ты ўсё наперакор? Гэй вы, дружына, Назад! Не еду. Будзем тут датуль Сядзець, пакуль свой нораў не паправіць Мая непаслухмяная Катуль.

ГАРТЭНЗ’Ё

(убок)

Дальбог, ён хутка сонцам стане правіць.

Выходзяць.

СЦЭНА IV

Падуя. Перад домам Баптысты.

Уваходзяць ТРАНЬЁ і ПЕДАНТ, пераапрануты пад Вінчэнц'ё.