Выбрать главу

Паклічце сюды паліцыю!

Уваходзіць СЛУГА з ПАЛІЦЭЙСКІМ.

Вядзіце гэтага прыдурка ў турму! — Цесць Баптыста, патурбуйцеся, калі ласка, каб яго адправілі.

ВІНЧЭНЦ’Ё

Адвесці мяне ў турму?

ГРЭМ’Ё

Стой, гарадавы! Ён у турму не пойдзе.

БАПТЫСТА

Не заступайцеся, сіньёр Грэм’ё; я вам кажу, што ён пойдзе ў турму.

ГРЭМ’Ё

Асцерагайцеся, сіньёр Баптыста, бо вас уцягнуць у брудную гісторыю. Магу прысягнуць, што гэта сапраўдны Вінчэнц’ё.

ПЕДАНТ

Прысягні, калі пасмееш.

ГРЭМ’Ё

Не, не пасмею.

ТРАНЬЁ

Вы, магчыма, сказалі б, што і я не Лючэнц’ё?

ГРЭМ’Ё

Не, я ведаю, што вы — сіньёр Лючэнц’ё.

БАПТЫСТА

Забірайце круцяля. У турму яго!

ВІНЧЭНЦ’Ё

Вось як у вас зневажаюць і прыцясняюць іншаземцаў.— О несусветны нягоднік!

Уваходзяць Б'ЁНДЭЛА з ЛЮЧЭНЦ'Ё і Б'ЯНКАЙ.

Б’ЯНКА

Мы загінулі! Вунь ён. Адрачыцеся ад яго, адступіцеся, інакш усе мы прапалі.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

(становячыся на калені)

Даруй мне, бацька.

ВІНЧЭНЦ’Ё

Радасць ты мая.

Б'ЁНДЭЛА, ТРАНЬЁ і ПЕДАНТ выбягаюць.

Б’ЯНКА

(становячыся на калені)

Даруйце, бацька родны.

БАПТЫСТА

                              Дайце рады, А дзе ж Лючэнц’ё?

ЛЮЧЭНЦ’Ё

                          Тут. Лючэнц’ё — я. Сапраўднага Вінчэнц’ё сын сапраўдны, Пакуль вы тут з падробным гаварылі, Мы з вашаю дачкой к вянцу схадзілі.

ГРЭМ’Ё

Вось вам і суд, і справа, безліч сведак — I ўсё ж вас акаўпачаць напаследак.

ВІНЧЭНЦ’Ё

А дзе ж нягоднік Траньё, дзе той бусел, Які мне так нахабна ў вочы хлусіў?

БАПТЫСТА

Вы ці не Камб’ё маеце на ўвазе?

Б’ЯНКА

Ваш Камб’ё стаў Лючэнц’ё; я ў адказе.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Зрабіла гэта ўсё адно каханне: Я дзеля Б’янкі стаў слугою Траньё, А Траньё ў горадзе для ўсіх быў мною, I я, сіньёры, назаўжды, навек Пакаштаваў жаданага спакою: I шчасця: я — жанаты чалавек! Даруйце, бацька, Траньё: ён, нявінны, Стараўся як мага для твайго сына.

ВІНЧЭНЦ’Ё

А пры сустрэчы я ўсё ж расквашу нос таму нягодніку, што хацеў мяне пасадзіць у турму.

БАПТЫСТА

(да Лючэнц'ё)

Паслухайце, сіньёр, як жа гэта вы павянчаліся з маёй дачкой без майго дазволу?

ВІНЧЭНЦ’Ё

Не турбуйцеся, сіньёр Баптыста, мы з вамі паладзім. Але я спачатку хачу расквітацца за такія кпіны.

(Выходзіць.)

ЛЮЧЭНЦ’Ё

(да Б'янкі)

Не хвалюйся, Б’янка: твой бацька не будзе доўга сердаваць.

Выходзяць ЛЮЧЭНЦЁ і Б'ЯНКА.

ГРЭМ’Ё

Пайду і я, бо на чужым вяселлі Не выпіўка, як кажуць, а пахмелле.

(Выходзіць.)

Выходзяць наперад ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА.

КАТАРЫНА

Пойдзем за імі, гаспадар, паглядзім, чым скончыцца ўся гэтая шуміха.

ПЕТРУЧ’Ё

Пойдзем, але спярша пацалуй мяне, кошачка.

КАТАРЫНА

Што,— пасярод вуліцы?

ПЕТРУЧ’Ё

А ты што, саромеешся мяне?

КАТАРЫНА

Хай бог крые, сіньёр,— не, але я саромеюся цалавацца.

ПЕТРУЧ’Ё

Ах, так? Назад! — Гэй, чуеш, чмут, дамоў!

КАТАРЫНА

Не, не, не трэба, мілы. Пацалую.

ПЕТРУЧ’Ё

Вось і цудоўна, кіска, і — даволі. Хоць позна, а ўсё ж лепей, чым ніколі.

Выходзяць.

СЦЭНА II

Падуя. Пакой у доме Лючэнц'ё. Вясельны стол.

Уваходзяць БАПТЫСТА, ВІНЧЭНЦ'Ё, ГРЭМ'Ё, ПЕДАНТ, ЛЮЧЭНЦ'Ё, Б'ЯНКА, ПЕТРУЧ’Ё, КАТАРЫНА, ГАРТЭНЗ’Ё і ЎДАВА. У якасці слуг: ТРАНЬЁ, Б'ЁНДЭЛА, ГРУМ’Ё і другія.

ЛЮЧЭНЦ’Ё