Выбрать главу
Пасля турбот, падману, перашкоды, Нарэшце паміж намі мір і згода, Цяпер, калі нам шчасце лёс падкіне, I усміхнуцца б час былому дзіву. Вітай жа свёкра, жонка-гаспадыня, Як я — цясця, сардэчна і пачціва. Швагерка Катарына, брат Петруч’ё I ты, Гартэнз’ё з любай удавой, I ўсе — бярыце дам сваіх пад ручку, I, проша да стала, каб пір — гарой. Сядайце, і завершым нашы справы. Расправай над гарою рознай стравы.

ПЕТРУЧ’Ё

Нам — што? Хутчэй засесці ды пад’есці.

БАПТЫСТА
Гасцінны горад — Падуя, зяцёк.

ПЕТРУЧ’Ё

I людзі ў ім гасцінныя, цясцёк.

ГАРТЭНЗ’Ё

Хай будзе так, але ж каб не напіцца.

ПЕТРУЧ’Ё

Дальбог, Гартэнз’ё за ўдаву баіцца

УДАВА

Сіньёр, паверце: я не з баязлівых.

ПЕТРУЧ’Ё

Разумніца, а ўсё ж і не змаглі вы Уразумець, што ён трымціць за жонку.

УДАВА

Відаць, вам жонка ўелася ў пячонку.

ПЕТРУЧ’Ё

Уедліва.

КАТАРЫНА

Аб чым у вас гаворка?

УДАВА

Мы з ім сышліся.

ПЕТРУЧ’Ё

                     Спарыліся? Горка! А што нам скажа наш маладажон?

ГАРТЭНЗ’Ё

Петруч’ё, твой язык нібы ражон. Сышліся ў поглядах: — яна сказала.

ПЕТРУЧ’Ё

I толькі? Для такіх дзябёлых мала.

(Да ўдавы.)

Цалуйце мужа, калі ён вам любы.

КАТАРЫНА

Наконт чаго вы буркнулі праз зубы Пра жонку і пячонку?

УДАВА

                              Пра мужчын: Наш мерыць нас, жанчын, на свой аршын, А ваш, апёкшыся на наравістай, Гатоў усіх жанчын праводзіць свістам. Вось я куды цаляла.

КАТАРЫНА

Ў неба пальцам.

УДАВА

О не,— у вас.

КАТАРЫНА

                     Эй, ты, куцця з закальцам. Сама нябось з душком.

ПЕТРУЧ’Ё

У нос ёй, Кэт!

ГАРТЭНЗ’Ё

Лупі ёй, удава.

ПЕТРУЧ’Ё

                             Вось і канцэрт: Іду ў заклад, што Кэт наколе дроў.

ГАРТЭНЗ’Ё

А муж нашто?

ПЕТРУЧ’Ё

На тое ж. Будзь здароў! (П'е за Гартэнз'ё.)

БАПТЫСТА

(да Грэм'ё)

Дасціпнікі, сусед,— вось тая двойка.

ГРЭМ’Ё

Бадуцца бойка, чуючы папойку.

Б’ЯНКА

Бадуцца? Недасціпна і няўдала; На вашым месцы я б пажартавала: Басціся мусіць той, хто носіць рогі, Напрыклад,— вы, знаток мастацтваў строгі.

ВІНЧЭНЦ’Ё

Гром смеху разбудзіў у сына жонку. Дзе й сон падзеўся.

Б’ЯНКА

                          Гэта я спрасонку. Гром разбудзіў, але не напалохаў, І я ізноў засну.

ПЕТРУЧ’Ё

                                      Не будзе сну. Хто ў бой палез, стральнуўшы хоць бы ў неба, Павінен паспытаць вайну, як хлеба.

Б’ЯНКА

Дык што ж я — дзіч? Цяцера ці глухар? Вы цэльцеся, смакуйце новы жарт, Што раніць чэсць глыбей, чым стрэлы — цела, А я з куста — пырх-пырх і паляцела.

Выходзяць Б'ЯНКА, КАТАРЫНА і ЎДАВА.

ПЕТРУЧ’Ё

Аперадзіла стрэл.— Як справы, Траньё? Па гэтай кнігаўцы і ты цаляў Ды схібіў, брат. Дык вып’ем, як дваране, За ўдачу тых, хто колісь маху даў.