ТРАНЬЁ
Як з ланцуга спусціў мяне Лючэнц’ё:
Ганчак жа гоніць звера на лаўца.
ПЕТРУЧ’Ё
Дасціпна параўнаў, ажно пячэцца.
ТРАНЬЁ
Сіньёр, вы ж не для краснага слаўца
Так завіхаліся і палявалі
Ды, кажуць, не зусім утаймавалі.
БАПТЫСТА
Петруч’ё, чуеш? — Траньё вас падстрэліў.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Прымі падзяку, добры мой штукар.
ГАРТЭНЗ’Ё
Прызнайцеся, што ён удала цэліў.
ПЕТРУЧ’Ё
Драпок — далёка не смяротны ўдар.
Аднак іду ў заклад — адзін на дзесяць —
Я ранены, а вы разбіты ў пух.
БАПТЫСТА
Зяцёк Петруч’ё, годзе куралесіць:
Наруга ваша горш за ўсіх наруг.
ПЕТРУЧ’Ё
О, я не згодзен. Каб не быць у крыўдзе,
Давай пашлём па жонак пасланцоў,
I той, чыя паслухае і прыйдзе
На выклік мужа, той без лішніх слоў
Бярэ заклад, які мы тут паставім.
ГАРТЭНЗ’Ё
Я згодны. Колькі ставіш?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дваццаць крон.
ПЕТРУЧ’Ё
Як, дваццаць крон? Бяры, сіньёр, разгон.
За сокала, за выжла ставяць столькі,—
За жонку ж — болей у чатыры столкі.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Хай будзе сто.
ГАРТЭНЗ’Ё
Даволі.
ПЕТРУЧ’Ё
Ціснем рукі.
ГАРТЭНЗ’Ё
Хто пачынае?
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Я — і без панукі.—
Б’ёндэла, чуеш? Клікні гаспадыню.
Б'ЁНДЭЛА
Іду. (Выходзіць.)
БАПТЫСТА
За Б’янку я пастаўлю палавіну.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Не трэба, цесць. I ў бацькі крон не мала.
Вяртаецца Б'ЁНДЭЛА.
Ну што? Ідзе?
Б’ЁНДЭЛА
Сіньёра вам сказала,
Што размаўляе і прыйсці не можа.
ПЕТРУЧ’Ё
Занятая размовамі? Мой божа!
Які адказ!
ГРЭМ’Ё
А што ж: старыя песні,
Дай бог, каб вам і гэтакі прынеслі.
ПЕТРУЧ’Ё
Я веру, Кэт пакорна мне адкажа.
ГАРТЭНЗ’Ё
Б'ендэла, друг, па службе патранажа
Яшчэ разок прайдзіся на тэрасу
I папрасі ўдаву прыйсці адразу.
ПЕТРУЧ’Ё
«І папрасі». Пры гэтакай пашане
Якая б не прыйшла?
ГАРТЭНЗ’Ё
Без выскаляння!
Да вашай і пашана не прыстане.
Уваходзіць Б'ЁНДЭЛА.
Ну як, а жонка дзе?
Б’ЁНДЭЛА
Там на дыване.
Гаворыць: «Ну й дзівак жа мой жаніх».
Не пойдзе. Вам сказала йсці да іх.
ПЕТРУЧ’Ё
Што больш, то горш. «Не пойдзе». Ох ты, гора!
Якая неслуш! Ну, такой бяды.—
Эй, Грум’ё,— куляй да маёй сіньёры,
Скажы — я загадаў прыйсці сюды.
ГРУМ'Ё выбягае.
ГАРТЭНЗ’Ё
Адказ вядомы.
ПЕТРУЧ’Ё
Што?
ГАРТЭНЗ’Ё
I не скранецца.
З наседжанага месца.
ПЕТРУЧ’Ё
Ёй суфлёр
Больш не спатрэбіцца.
БАПТЫСТА
Мой бог! Зірніце — прэцца!