Выбрать главу

Уваходзіць КАТАРЫНА.

КАТАРЫНА

Вы мелі ласку клікаць, мой сіньёр?

ПЕТРУЧ’Ё

А дзе ж сястрыца і ўдава Гартэнз’ё?

КАТАРЫНА

Гамоняць у гасцінай ля каміна.

ПЕТРУЧ’Ё

Схадзі пакліч сюды, а іх прэтэнзій Не слухай. Клінне вышыбаюць клінам. Гані ў каршэнь, не пойдуць — валачы. Скачы, каток, хутчэй, хутчэй скачы!

КАТАРЫНА выходзіць.

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Вось дзіва, калі ёсць яны на свеце.

ГАРТЭНЗ’Ё

А што вяшчуе гэты дзіўны цуд?

ПЕТРУЧ’Ё

Мір, згоду, цішыню, любоў і дзеці, Трывалую сям’ю і правы суд Главы сям’і і да главы пашану, А карацей — шчаслівы быт, як рай.

БАПТЫСТА

Дык будзь шчаслівы, зяць мой паважаны, Ты ў выйгрышы, а я не скупердзяй. К іх пройгрышу прыбаўлю тысяч дваццаць. Дачка другою стала — і пасаг Павінен быць другім.

ПЕТРУЧ’Ё

                                Сіньёры, братцы, Я выйгрыш свой у вас жа на вачах Хачу законна ўзяць і без машэнства, I пакажу з узораў лепшы ўзор Яе пакорнасці і паслушэнства. Ды вось яна — вядзе шумлівы хор Паклонніц непакорнасці жаночай.

Уваходзяць КАТАРЫНА з Б'ЯНКАЙ і ЎДАВОЮ.

Кэт, ах, які ў цябе нягеглы ўбор! Скінь на падлогу гэты брыль-збаночак.

КАТАРЫНА скідае капялюшык і кідае яго на падлогу.

УДАВА

Дай бог мне не пачуць такі дакор Ад мужыка ніколі. Гэта ж дурасць!

Б’ЯНКА

(Катарыне)

Фэ, сорам! Што ты годзіш ліхачу?

ЛЮЧЭНЦ’Ё

Паверце, што і я таго ж хачу Ад вашай найпакорнейшай натуры. Упартасць ваша мудрая і тон Мне сёння абышліся ў сотню крон.

Б’ЯНКА

У сотню крон? Як гэта легкадумна Такую суму ставіць! Слухаць сумна.

ПЕТРУЧ’Ё

Кэт, навучы ты гэтых непакорных Іх абавязку: што такое муж, I як ім шанаваць мужоў законных, Каб муж быў муж і да ўсяго дасуж.

УДАВА

Нас павучаць? Вучыце лепш прыдворных.

ПЕТРУЧ’Ё

Кэт, не марудзь. З яе вось і пачні.

УДАВА

О, не!

ПЕТРУЧ’Ё

Пачне! Ну, Кіска, драпані!

КАТАРЫНА

Шаноўная, не злуй, не пырскай слінай. Навошта ж соль у прымачку да ран Твайго ж гаспадара і сем’яніна? Гнеў точыць прыгажосць, як снег — туман. Ён можа зганьбіць і зняславіць мужа Ды і ў вачах усіх прынізіць вас. Благая жонка, што благая лужа, Дзе свой «тавар» купае свінапас, А не ручай — крыштальная крыніца, З якой са смагі кожны рад напіцца. Мой муж — мой гаспадар і абаронца, Мой дабрабыт, апека, светач мой. Я сплю, а ён устаў яшчэ да сонца, Унурыўся ў работу з галавой. Каб я ні ў чым ні ў будні, ні ў нядзелі Не ведала нястачы ані-ні, Ён, цягавіты, «ў дзеле» ці «пры дзеле», Як чорны вол у плузе дзень пры дні. Пакуль я паняй кволюся ў пярынах, Ён, мой руплівы, згоніць сем патоў, I за старанне шчырае даніну Ад жонкі патрабуе ён, як доўг, Адзінае — любоў яе, пакорнасць — Мізэрны мінімум за свой мазоль. А мы ў падзяку — што? Капрызы, гордасць. I точым, точым, як тканіну моль. Мы забываемся — і гэта дрэнна! — Плебеі мы. I вучыць нас закон: Плебей — слуга пакорны суверэна. А хто наш суверэн? Вядома ж, ён — Наш муж. I непакорных волі мужа Мы з поўным правам можам тут назваць Адступніцамі таінства замужжа. А што да вас, шаноўная ўдава, То я заўважу: трэба мець сумленне I сварак пазбягаць. Навошта бой Там, дзе нам, жонкам, лепш бы на каленях Маліцца за сямейны супакой! Хацелі б роўнасці і раўнапраўя, Каб казыраць, як тузам з рукава? Дык сам жа бог супроць у гэтай справе, А разам з боскай воляй — і царква. Любіць пакорліва, самааддана — Наш абавязак. Адкажыце: чым Фарсіць нам перад сілаю тытана, Затоенай у мускулах мужчын? Што нашы плечы, рукі, нашы спіны У параўнанні з ёю? Мякіш. Мы Сваю пяшчотнасць і любоў павінны Дарыць мужам, і гэты дар — нямы. Упартыя, мы слабыя, сястрыцы, I я была свавольнаю наўздзіў — Куслівай, злой і горкай чамярыцай, А зараз — хоць к скуле мяне кладзі. Я зразумела з часам: нашы пікі — Салома. Гонар наш і наравы — Пустая мітусня, пустыя ўпікі. Замашкі ўсе на роўныя правы — То ж мімікрыя нашага бяссілля. Мы сыкаем і лезем на ражон, А джаліць чым? Падрэзана ў нас крылле. Дык зложым іх да ног сваіх мужоў I змірымся. Ну, вось і ўвесь урок, Які нам трэба ведаць назубок.