ПЕТРУЧ’Ё
Вось гэта жонка! Лепшы скарб на свеце.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Твая ўзяла. Шануй і шчасця зыч.
ВІНЧЭНЦ’Ё
Прыемна ба.чыць паслушэнства ў дзецях.
ЛЮЧЭНЦ’Ё
I непрыемна, калі жонка — сыч.
ПЕТРУЧ’Ё
Кэт, нам пара з табой «на бакавую» —
Ты прамахнуў, Лючэнц’ё,— паспяшыў;
Цаляў па роўнай, а схапіў крывую —
Наругу, злую,— вось каб я так жыў.
Не ўсё, брат, сонейка, што слепіць вочы.
Хай бог пашле вам асалоду ўночы.
Выходзяць ПЕТРУЧ'Ё і КАТАРЫНА.
ГАРТЭНЗ’Ё
Ну — пара: кошачка і кот падласы!
ЛЮЧЭНЦ’Ё
Дзіўлюся, як яна яму здалася?
Выходзяць.
Пераклад Алеся Разанава
Дзейныя асобы:
ТЭЗЕЙ, герцаг Афінскі
ЭГЕЙ, бацька Герміі
ЛІЗАНДР, ДЗЯМЕТРЫЙ } кахаюць Гермію
ФІЛАСТРАТ, маршалак цырымоній і гульняў пры двары Тэзея
ХВІГА, цясляр
ЗЭДЛІК сталяр
МАТАВІЛА, ткач
ДУДКА, наладчык арганных мяхоў
ХРАПА, бляхар
НЕДАЕДАК, кравец
ІПАЛІТА, царыца амазонак, нарачоная Тэзея
ГЕРМІЯ, кахае Лізандра
АЛЕНА кахае Дзяметрыя
АБЯРОН, цар эльфаў і феяў
ТЫТАНІЯ, царыца эльфаў і феяў
ПУК, альбо ГАРЭЗА РОБІН, эльф
ДУХМЯНЫ ГАРОШАК, ПАВУЦІНКА, МАТЫЛЁК, ГАРЧЫЧНАЕ ЗЯРНЯТКА } эльфы
Іншыя ЭЛЬФЫ і ФЕІ са світы Абярона і Тытаніі
СВІТА Тэзея і Іпаліты
Месца дзеяння: Афіны і лес непадалёку.
З’ЯВА I
Афіны, палац Тэзея.
Уваходзяць ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ФІЛАСТРАТ і СВІТА.
ТЭЗЕЙ
Да нашага вяселля, Іпаліта,
Рукой падаць. Чатыры дні — й Купалле.
Але павольна ветах растае
I замінае спраўджвацца жаданням,
Бы тая скнара-мачаха ў маёнтку
Ліпіць, рыпіць, а пасынку — трывай.
ІПАЛІТА
Чатыры дні пяройдуць шпарка ў ночы,
Чатыры ночы зачаруе сон,
I маладзік, бы лук срабрысты, гожа
Прарэжацца ў нябёсах і азорыць
Наш урачысты шлюб.
ТЭЗЕЙ
Гэй, Філастрат,
Шыбуй і раскатурхай нашу моладзь,
Гульні гарэзнай горан распалі,
Няхай нуда пляцецца на хаўтуры:
Няма ў нас месца гэтакім гасцям.
ФІЛАСТРАТ выходзіць.
Ах, Іпаліта, у вайне з табою
Тваё каханне я здабыў. За свата
Мне быў мой меч. Але вяселле наша
Згуляем мы на іншы лад: любоўна,—
У баляваннях, досціпах, гульні.