Выбрать главу
Лупіў Пярун           I Гапалон, У дахі трун,           Як медальён, Крышыў, як тур,    Прагнаўшы змрок, Астрожны мур.      Блішчаў здалёк.

Ну як, праняло? А цяпер выклікай астатніх акцёраў. Вось гэта — Грэкулесаўскі стыль, разбойніцкі. Каханак — ён слязлівейшы.

ХВІГА

Францішак Дудка, наладчык арганных мяхоў.

ДУДКА

Я тутака, Пятрусь Хвіга.

ХВІГА

Дудка, ты возьмеш на сябе Фісбу.

ДУДКА

Фісбу? А хто гэта? Хіба вандроўны рыцар?

ХВІГА

Гэта паненка, якую будзе кахаць Пірам.

ДУДКА

Не, далібог, не давайце мне жаночай ролі. У мяне ўжо вусы растуць.

ХВІГА

Гэта не мае розніцы. Ты будзеш выступаць у масцы, а гаварыць можаш самым танюткім голасам.

МАТАВІЛА

Калі знойдзецца маска, дайце мне згуляць таксама і Фісбу. Я буду красамоўнічаць жахліва танюсенькім галаском: «Хвіся, Хвіся!», «Ах, Пірам, каханак мой ненаглядны! Я твая мілая Фісба, я твая абранніца дарагая!..»

ХВІГА

Не, не... Ты згуляеш Пірама, а ты, Дудка, Фісбу.

МАТАВІЛА

Ну, добра! Падавайся далей.

ХВІГА

Беньямін Недаедак, кравец.

НЕДАЕДАК

Мы тут, пане Хвіга.

ХВІГА

Беньямін Недаедак, ты згуляеш Фісбіну матку. Тамаш Храпа, бляхар.

ХРАПА

Вось я, трасцы з хваробаю.

ХВІГА

Ты — Пірамаў бацька, а я — Фісбін бацька. Зэдлік, сталяр, табе даручаецца роля льва. Ну вось, здаецца, і ўсе асобы размеркаваны.

ЗЭДЛІК

А ці ёсць у цябе львіныя рэплікі? Калі ёсць, давай адразу, а то мне навука ідзе, як сырое гарыць.

ХВІГА

Тут і вучыць няма чаго, згуляеш без рэплік: табе давядзецца толькі рыкаць.

МАТАВІЛА

Дайце і мне льва згуляць! Я так буду рыкаць, што ў вас сэрца будзе радавацца; я так буду рыкаць, што сам герцаг скажа: «Ну-тка, хай рыкне яшчэ разок, хай рыкне яшчэ разок».

ХВІГА

Калі ты рыкнеш на ўсё горла, ты перапалохаеш герцагіню і ўсіх паненак. Яны закрычаць, а то і самлець надумаюць, а гэтага хопіць, каб нас усіх павесілі на адным дубе.

УСЕ

А-га-га, перавешаюць нас усіх — і квіта.

МАТАВІЛА

Святая праўда, сябры. Калі мы ў пух і прах перапалохаем мамзэляў, дык лепшае платы і шукаць не давядзецца. Але я так расчулю свой арган, што буду рыкаць, як галубяня ў гняздзечку, я буду рыкаць, як той салавейка ў садзе.

ХВІГА

Апроч Пірама, табе і гуляць нікога нельга, бо Пірам — пісаны прыгажун, кавалер на ўсе сто, з манерамі, выкшталцоны, словам, цюцелька ў цюцельку такі, як ты... Табе проста на раду напісана гуляць Пірама.

МАТАВІЛА

Згода, пераканалі, я бяруся. А ў якой барадзе з ім выстаўляцца?

ХВІГА

У якой хочаш.

МАТАВІЛА

Дык я зарэкамендую яго з барадой саламянага колеру, альбо з вогненна-рудою, альбо нават з пурпуроваю, альбо, лепш за ўсё, з барадой па-натуральнаму жоўтай, ну, як французская крона.

ХВІГА

Французская карона?!. Да твайго ведама, асобныя прадстаўнікі французскай кароны зусім безвалосыя, і табе, у такім разе, давялося б гуляць з паголенай пысай... Шаноўныя панове, калі ласка, вось вашы ролі. I пры гэтым прашу вас, малю і заклінаю, каб да заўтрашняй ночы ўсё ведалі назубок. А заўтра ноччу мы спаткаемся ў замкавым лесе, за вярсту ад горада: там і наладзім пры месяцовым асвятленні сваю рэпетыцыю. Бо сабярыся ў горадзе — прычэпяцца розныя разявакі, салапякі, расплявузгаюць загадзя аб нашым намеры. За гэты час я складу спіс рыштунку для нашага спектакля. Яшчэ раз нагадваю — не падвядзіце.

МАТАВІЛА

Прыйдзем, пра што гаворка. Збяромся і прарэпеціруем свае ролі на ўлонні прыроды бязбоязна і бессаромна. Каб нам не пляснуцца тварам у гразь — трэба старацца. Да скорай сустрэчы!

ХВІГА

Сустрэча — каля Старога дуба.

МАТАВІЛА

Добра. Са скуры павылузваемся, а будзем на месцы.

Выходзяць.

ДЗЕЯ II

З’ЯВА I

Лес непадалёку ад Афін.