Выбрать главу

Уваходзіць ДЗЯМЕТРЫЙ, следам— — АЛЕНА.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Цябе я не кахаю! Адчапіся! Дзе Гермія і дзе Лізандр? Жадаю Яго забіць, а ёю сам забіты. У лес яны, ты кажаш, уцяклі?! I вось я мітушуся ў нетрах дзікіх I сам дзічэю, Герміі ж не бачу. Прэч! Адкасніся! Я табе чужы!

АЛЕНА

Магніт з няўмольным сэрцам — не жалеза Ты да сябе прыцягваеш, а сэрца Адданае, як сталь. Адкінь жа моц Прыцягваць так — і я цягнуцца кіну.

ДЗЯМЕТРЫЙ

                            Я заляцаюся? Ўпадаю за табой? Кажу табе са шчырасцю вялікай: Не, не кахаю і кахаць не буду...

АЛЕНА

А я ў адказ кахаю ўсё мацней. Я што сабачка. Бі мяне, Дзяметрый,— Я толькі буду лашчыцца. Лічы I сапраўды, што я ў цябе сабачка. Лупцуй, хвашчы, ганьбуй, але дазволь Ісці мне, недарэчнай, за табою... Хіба ў тваёй душы яшчэ ёсць месца, Ніжэйшае — а мне й такога досыць,— Чым тое месца, што пасуе псу?!.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не спакушай нянавісці маёй. Мне моташна, ледзь толькі цябе ўбачу.

АЛЕНА

Мне ж моташна наўпроці — без цябе.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ты сціпласць, мусібыць, паклала спаць, Каб смела дом пакінуць і ўручыцца Рукам таго, хто трызніць не табой, Даверыўшы падшэптам цёмнай ночы I хісткім пакручастасцям пустэчы Скарб нечапанасці сваёй...

АЛЕНА

                                Твой гонар Найлепшая ахова мне. Дзіўлюся Я на тваё аблічча — і начы Ужо не існуе, і тут, наўкола, Не ноч, не пушча, а дзівосны свет, Бо для мяне ты стаўся цэлым светам. Ну, як жа мне казаць, што тут сама я, Калі ўвесь свет са мною размаўляе?!.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Зашыюся я ў нетры, а цябе Драпежнікам пакіну: хай з’ядаюць!

АЛЕНА

Ах, самы хіжы звер не гэткі жорсткі. Што ж, уцякай! Хай казкі зменяць воблік: Хай гоніцца за Апалонам Дафна, За крумкачом — галубка, лань — за тыграм... Дарэмны спех, калі ўцякае змога, А слабасць мкне за ёю наўздагон.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я не жадаю слухаць больш. Пусці! А ўчэпішся за мною зноўку — ведай: Я закатую ў гушчары цябе.

АЛЕНА

Усюды: ў полі, ў горадзе, ў бажніцы Катуеш ты мяне,— й табе не брыдка?! Жанчыну ува мне ты зневажаеш. Змагацца за каханне — каляіна Не нашая... Не мы прасіць павінны, А нас...

ДЗЯМЕТРЫЙ выходзіць.

          Я — за табой. О слодыч мук — Займець загубу ад каханых рук.

(Выходзіць.)

АБЯРОН

Спакойнай ночы! Хутка сам, псяюха, Ён за табой пашпарыць што ёсць духу.

Вяртаецца ПУК.

Вітанне пілігрыму! Кветка ёсць?

ПУК

Вядома. Вось!..

АБЯРОН

                            Давай яе сюды. У лесе ёсць ляха, там, дзе ўсё лета Растуць агаткі, цмен ды першацветы, Там, дзе знаўкола паспляталі шаты Ажына, глог, язмін і бэз кашлаты. Прытомленая скокамі, гульнёй, Тытанія, бывае, спіць на ёй. Звычайна там скідаюць скуру змеі — Апоны найдыхтоўныя для феяў. Там я ўцаджу ёй гэты сок у вочы, Каб яры чмур Тытанію марочыў. Нá і табе! Па гушчарэчы, тут, Ад дзеўкі гожай хлопец-шалапут Хаваецца. Дык ты яму павекі Так нашмаруй, каб твар тае паненкі У вочы ўпаў яму. Той кавалер На гарадскі апрануты манер. I так, глядзі, зрабі, каб моц напалу Яго нясцерпней, чым яе, праймала. Сюды вяртайся зноў да першых пеўняў.

ПУК

Мой валадар, усё зраблю найпэўна.