Выбрать главу

АЛЕНА

Забі мяне, але спыніся ўрэшце!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Дарэмна ты спадзеўкі ў сэрцы песціш!

АЛЕНА

Няўжо мяне ты кінеш тут, у змроку?

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не падыходзь! Стой, дзе стаіш! Ні кроку!..

(Выходзіць.)

АЛЕНА

Я знемагаю. Ледзь плятуцца ногі. Тым меншы плён, чым большыя вымогі. Дзе Гермія? Шчаслівай, што ёй морак, Калі ў паглядзе льсніцца ззянне зорак. Хіба ад слёз святло яе вачэй?!. Мае ў слязах купаюцца часцей. Я брыдкая — о так!..— нібы мядзведзь: Звяры баяцца на мяне глядзець. Не дзіва, што й Дзяметрый, ледзь зірне, Бы ад пачвары, мкнецца ад мяне. Што за люстэрка падало мне знак, Каб з Герміяй спаборнічаць?!. Аднак Тут хтось ляжыць. Лізандр? Няўжо забіты? Але крыві няма. Ён спіць нібыта... Лізандр, прачніся! Што з табою, дружа?!

ЛІЗАНДР

(прачынаецца)

Я за табой пайду ў агонь і сцюжу! Празрыстая Алена! Нібы ў цудзе, Твая душа высвечвае праз грудзі. А дзе ж Дзяметрый?! Дзе гэты свінтух?! Мой меч умэнт з яго дастане дух!

АЛЕНА

Чакай, Лізандр, і словы супакой: Хай сохне ён па Герміі тваёй — Яна цябе кахае. Будзь жа рады!

ЛІЗАНДР

Быць радым?! Дзякуй! Анішто парада. I так я змарнаваў шмат дзён без ладу. Цябе — кахаю! Па табе — спрагнёны! Хіба з галубкай параўнаць варону? Кіруе розум воляю нязменна, За ўсіх, ён кажа, прыгажэй Алена. Усё на свеце паспявае ўпору, Мой розум быў яшчэ няспелы ўчора. Але паспеў — і ўзяў свае правы: Маім жаданням розум — стырнавы. Загадвае ён мне ў вачах тваіх Чытаць няўтольна кнігу з усіх кніг.

АЛЕНА

Што выклікала гэткія знявагі? Чым заслужыла кпіны я, чым — звягі? Няўжо табе, штукар зласлівы, мала, Што я ў жыцці ніколі не зазнала Дзяметравай спагады і пяшчоты? Паздзекавацца йшчэ табе ахвота? О грэх табе смяяцца, быццам блазну, З пачуццяў запаветных безадказна! Ну, што ж, бывай! Не ведала дасюль, Што рыцарства ў табе напарстак, нуль. Калі адным адрынута жанчына, Няўжо для здзеку гэта ўжо прычына?!

(Выходзіць.)

ЛІЗАНДР

Яна не бачыць Герміі. Спі з богам! Перадаёмся розным мы дарогам. Так захапленне ласаю ядой Нязменна адрыгаецца нудой. І ерась уяўляецца найгнюснай Таму, хто смакаваў яе на вусны. Ты — мой ласунак, ты — нуда мая: Агіднай будзь усім, а мне ўдвая. Я моц, адвагу, ўсю душу сваю Па-рыцарску Алене аддаю.

(Выходзіць.)

ГЕРМІЯ

(прачынаецца)

Ратуй мяне, Лізандр, аблегчы муку, Хутчэй здымі з грудзей маіх гадзюку! Жахлівы сон! I мітульга ўваччу! Ну, што ж ты не ідзеш? Я ўся трымчу Мне снілася: жрэ сэрца мне гадзюка, А ты глядзіш з усмешкай — і ні гуку. Лізандр!.. Дзе ён падзеўся?!. Божа!.. Няма. Прапаў? Пусты ягоны ложак. Лізандр! О дзе ты? Адгукніся мне! Малю цябе! Мяне ты чуеш? Не?.. О, я дарма маруджу і чакаю: Яго альбо пагібель напаткаю!

(Выходзіць.)

ДЗЕЯ III

З’ЯВА I

Лес.

ТЫТАНІЯ спіць.

Уваходзяць ХВІГА, МАТАВІЛА, ЗЭДЛІК, ДУДКА, ХРАПА і НЕДАЕДАК.

МАТАВІЛА

Ці ўсё наша кодла ў зборы?

ХВІГА

На сто працэнтаў. Мясціна, вам скажу, якраз для нашай рэпетыцыі. Вось гэтая зялёная палянка будзе нам сцэнай, а вунь тыя кусты глогу — прыбіральняй. I мы разыграем усё рыхтык, як перад самім герцагам.

МАТАВІЛА

Пятрусь Хвіга!

ХВІГА

Я слухаю цябе, шаноўны Матавіла.

МАТАВІЛА

У гэтай кумедыі пра Пірама і Фісбу ёсцека сёе-тое, што сяму-таму будзе не па нутры. Па-першае. Пірам мусіць паказаць свой меч, каб закалоць сябе сваёю рукою, а гэтага не перажыве аніякая пані. Што ты на гэта скажаш?