Выбрать главу

ХРАПА

Трасцы з хваробаю! Гэта ж крымінальная справа.

НЕДАЕДАК

На разумную галаву, ад забойстваў насмерць мы проста абавязаны адпіхнуцца абедзвюма рукамі.

МАТАВІЛА

Ні ў якім разе! Я прыдумаў такую хітрую штуку-друку, што ўсё ўдасца як мае быць. Напішыце мне пралог. I хай пралог растлумачыць, што нашай зброяй мы не прычынім сабе шкоды і што Пірам на самой справе не забівае сябе. А для большай гарантыі скажыце ім, што я, Пірам, зусім і не Пірам, а ткач па прозвішчы Матавіла. I ўвесь іхні страх растане як дым.

ХВІГА

Добра, мы такі пралог змайструем. I напішам яго вершам па восем і па шэсць складоў.

МАТАВІЛА

Не, ты гэты верш яшчэ трохі надтачы. Няхай будзе па восем, а потым яшчэ раз па восем.

ХРАПА

А ці не набяруцца, трасцы з хваробаю, пані ад нас ільвінага страху?

НЕДАЕДАК

А-я-яй, далібог, набяруцца, і сумнявацца не даводзіцца.

МАТАВІЛА

Вы толькі сабе ўявіце, панове! Упусціць ільва ў жаночы асяродак — хай нас бог крые! — гэта жахлівы намер. Бо няма сярод пярнатых драпежнікаў большага злыдня, чым жывы леў. Нам тут трэба ох як паварушыць мазгамі.

ХРАПА

Няхай жа другі пралог растлумачыць, што гэты леў зусім і не леў.

МАТАВІЛА

Правільна! А лепш за ўсё, каб ён сам сказаў, хто ён такі. I каб палавіна яго чалавечай пысы была відаць з-пад ільвінай шкуры. I галоўнае, няхай ён сам загаворыць праз гэтую шкуру і ўсё растлумачыць. Ну вось так, напрыклад: «Далёкашаноўныя спадарыні!..», альбо: «Прывілейныя пані і паненкі! Я ласкава хацеў бы вам пажадаць...», альбо: «Я зычліва хацеў бы вас перасцерагчы...», альбо: «Я ад шчырага сэрца хацеў бы вас папрасіць, каб вы не пужаліся і не заплюшчвалі вачэй. Маё жыццё належыць вам. I калі вы дапускаеце, што я прыйшоў сюды львом, то для мяне гэта смяротная роспач. Але я зусім-зусім не леў і не даводжуся яму ніякім родзічам. Я такі самы чалавек, як і ўсе людзі». I няхай ён тут жа назавецца: без усялякіх фігляў-мігляў так і скажа, што ён Зэдлік, сталяр.

ХВІГА

Так мы і зробім. Але застаюцца яшчэ дзве перашкоды. Перш за ўсё — як увесці ў залу месяцовае святло? Бо, як вядома, Пірам і Фісба сустракаюцца пры месяцовым святле.

ХРАПА

А ці свеціць месяц у той вечар, як нам прадстаўляцца ?

МАТАВІЛА

Хто мае каляндар? Неадкладна праверце, дзе будзе ў той вечар месяц, дзе будзе ў той вечар месяц.

ХВІГА

Не хвалюйцеся, месяц у той вечар свеціць.

МАТАВІЛА

Тады ўсё добра. У той зале, дзе мы будзем паказвацца, адчынім вялікую аканіцу — і хай сабе месяц свеціць проста ў акно.

ХВІГА

Ідэя! А яшчэ лепш будзе, калі нехта ўвойдзе з абярэмкам хмызу і з ліхтаром і абвесціць, што ён прадстаўляе месяцовае святло. Ну, а па-другое вось што: нам у той зале патрабуецца сцяна. Бо Пірам і Фісба, як сведчыць аповесць, размаўлялі праз шчыліну ў сцяне.

ХРАПА

Але ж, трасцы з хваробаю, сцяну ў залу ніяк не ўцягнеш. Як, па-твойму, Матавіла?

МАТАВІЛА

Няхай хто-небудзь увасобіць і сцяну. I хай яго абпэцкаюць якой-небудзь тынкоўкай, альбо глінай, альбо якой вапнай, каб усе здагадаліся, што гэта сцяна. I хай ён вось так растапырыць пальцы: праз гэтую шчыліну Пірам і Фісба і будуць між сабой субяседнічаць.

ХВІГА

Ну калі ўсё так і зробіцца, то будзем лічыць, што мы на кані. А цяпер ладкуйцеся, дзе хто можа, і бярыцеся за свае ролі. Пірам, з цябе пачынаем. Калі скончыш сваё прамаўленне, адхіляйся адразу ў кусты. I гэтак — усе, адзін за адным... Увага!..

За імі ззаду з'яўляецца ПУК.

ПУК

Што за кацапы гарлапаняць тут, Паблізу ад царыцынай калыскі? Ля-ля!.. Тэатр!.. Ну, я тады глядач, А калі трэба — і акцёрам буду.

ХВІГА

Пірам, пачынай! Фісба, бліжэй сюды, бліжэй!

МАТАВІЛА

«Я з твайго рота подых рэстарана...»

ХВІГА

Што ты вярзеш?!. Подыхі старанна... Старанна...

МАТАВІЛА

                         «...подыхі старанна, О Фісба, п’ю, ўнутры ў мяне пажар... Ажно я чую галасы і лямант. Чакай, прыйду я зноўку. Твар у твар».

(Выходзіць.)

ПУК

Ну і Пірам! Дзівосны экземпляр!..

(Выходзіць.)