Выбрать главу

ДУДКА

А зараз мая чарга красамоўнічаць?

ХВІГА

Ну, ведаеш!.. А чыя ж яшчэ!.. Ты мусіш уцяміць, што ён падаўся, каб толькі ўбачыць лямант, які ён пачуў, а потым зноў вернецца да цябе.

ДУДКА

«Вяльможнейшы Пірам, бялейшы за лілею, Ружовейшы за ружу ў густой лістоце той, Надзейны, быццам конь, што ўсё рабіць умее, Каштоўны, як брыльянт, з паставай маладой... Мы стрэнемся, Пірам, ля Нінчынай магілы...»

ХВІГА

«Ля Нінавай магілы», хлопча! Але табе яшчэ рана гэта казаць, гэта ты скажаш Піраму потым. Шпарыш усю ролю галопам, усё змяшаў у адну кучу. Пірам, уваходзь. Ён заскочыў наперад цябе. У яго рэпліцы апошнія словы былі «...з паставай маладой».

ДУДКА

Ага! «Каштоўны, як брыльянт, з паставай маладой».

Уваходзяць ПУК і МАТАВІЛА з аслінай галавою.

МАТАВІЛА

«Каб я быў прыгажун, я быў бы толькі твой!..»

ХВІГА

О, жах! О, пекла! Маліцеся, людцы! Ратуйцеся!.. Тут насланнё! Нячыстая сіла! На помач!..

ХВІГА, ЗЭДЛІК, ДУДКА, ХРАПА і НЕДАЕДАК уцякаюць.

ПУК

Я за вамі, людцы, ўслед, Я ў кальцо замкну ваш свет. Праз балота і карчы Буду гнаць вас і таўчы. То пад ногі сяду пнём, То забліскаю агнём. Буду рохкаць, выць, іржаць, Дапякаць і пагражаць, Адусюль на вас глядзець: Вось я — пудзіла-мядзведзь, Вось я — дзік, сабака, конь, Вось я — зманлівы агонь!

(Знікае.)

МАТАВІЛА

Аднак чаго яны ўсе так усхадзіліся? Ведаю-ведаю: гэта ўсё штукі, каб збіць мяне з панталыку.

Убягае ХРАПА.

ХРАПА

Матавіла, трасцы з хваробаю! Цябе перавярнулі! О, што я бачу на табе!..

МАТАВІЛА

Што ты яшчэ можаш бачыць, недавярак?! Хіба што сваю асліную булдавешку!

ХРАПА выбягае. Убягае ХВІГА.

ХВІГА

Ратуй цябе бог, Матавіла! Ратуй цябе бог! Цябе абалванілі! (Выбягае.)

МАТАВІЛА

Мяне не проймеш. Наскрозь бачу іхнія шахі-махі! Яны змовіліся даказаць, што я асёл. Спуду на мяне нагнаць. Няхай што хочуць вычвараюць, я з гэтага месца не зрушуся. Буду шпацыраваць сабе туды-сюды і песні галёкаць, каб яны чулі, што я не спалохаўся. (Спявае.)

Пені-пенічка-вяснічка, Чорны, з рыжай дзюбай дрозд, Зяблік, пташка невялічка, Чыжык-чыж — куртаты хвост...

ТЫТАНІЯ

(прачынаецца)

Мяне анёл у ложку з кветак будзіць.

МАТАВІЛА

(спявае)

Вера-вера-верабейка, I зязюля, што вякі Нам вясткуе весткай нейкай,— Мы ж маўчым як мерцвякі...

Шчыра кажучы, хто стане спрачацца з такой дурніцай? Хто скажа шэрай шэльме, што яна нахабна брэша, колькі б разоў яна ні паўтарала сваё ку-ку?!

ТЫТАНІЯ

О не змаўкай, яшчэ спявай, яшчэ!.. Твой дзіўны голас лашчыць мне душу, Твой зорны твар уражвае мне вочы, А прыгажосць — і дзе ты ўзяў яе?!.— Табе маё каханне аддае!..

МАТАВІЛА

Я, пані, мяркую, што ў аснове вашай гаворкі не хапае нітак розуму. Зрэшты, яно і не дзіва, бо каханне і розум у наш век не дужа між сабой ладзяць. Ад гэтага добрым суседзям адна шкода, аднак яны нічога не могуць зрабіць, каб іх запрыязніць. Ну як? Бачце, я часам і жартаўнік не абы-які.

ТЫТАНІЯ

О так, твая мудрасць такая ж, як і прыгажосць.

МАТАВІЛА

Ну, гэта кампліменты: я і не мудры, і не прыгожы. Але б калі ў мяне хапіла глузду выблытацца з гэтых нетраў, дык на астатняе мне яго хопіць.

ТЫТАНІЯ

О не!.. О не!.. Пакінь свае намеры — Ты будзеш жыць заўжды ў маёй кватэры. Багіня — я, наўкол — мае паветы: У іх ніколі не мінае лета. Цябе кахаю! Будзь са мною, друг!.. Чатыры эльфы да тваіх паслуг — Каб жэмчуг даставалі табе з мора І калыхалі, калі дрэма зморыць. Цябе ачышчу ад зямнога праху — I, роўны нам, ты залунаеш птахам. Хутчэй сюды, Гарчычнае Зярнятка, Гарошак, Павуцінка, Матылёк!

З’яўляюцца чатыры ЭЛЬФЫ.