Выбрать главу

ПУК

Апрацаваў. Даваў ён храпака. Дзяўчына з ім ляжыць — непадалёку. Яна яму ўпадзе адразу ў вока.

Уваходзяць ДЗЯМЕТРЫЙ і ГЕРМІЯ.

АБЯРОН

Ідуць сюды абое. Сцішся, стой!..

ПУК

Дзяўчына тая, ды хлапец не той!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Чаму ты бэсціш, хто цябе кахае? Хай ворагу даецца лютасць тая.

ГЕРМІЯ

Яшчэ ўшчуваю толькі, ды няшчасце Ўжо да кляцьбы загадвае прыпасці. Калі тваёй рукой Лізандр забіты — Ў крыві па пояс, да канца брыдзі ты I мне ўгатуй таксама гэту ж згубу. Як сонца — дню, адданы быў мне любы. Каб ён уцёк, калі я спала?!. Не!.. Не можа быць!.. Лягчэй паверыць мне, Што пракапалі шар зямны ў Афінах Наўпрост, наскрозь, на тую палавіну, Да нашых проціземцаў — антыподаў, Каб месяц сонца ўбачыць мог заўсёды... Няўжо забіў?! Ах, неба ў сведкі клічу: Глядзіш забойцам, страшнае аблічча.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я не забойца, я забіты ўсё ж. Ты ў сэрца мне бязлітаснасці нож Накіравала, а сама — о божа!..— Нібы Венера ў небе, ззяеш гожа.

ГЕРМІЯ

Які Лізандру з тваёй мовы плён? Скажы, Дзяметрый, дзе падзеўся ён.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я труп ягоны кіну лютым псам!

ГЕРМІЯ

Як я трываю гэта? Псіна — сам. Прэч, дрэнь! Я мацюкацца стану. Двурушны твой язык, душа — з рызману. Няма табе больш месца між людзей — Кажы мне праўду, чуеш, ліхадзей! Забіў яго?!. Было табе з ім блага?!. А ў вочы паглядзець не меў адвагі I соннага прыкончыў?!. Ма-лай-чак!.. Гадзюка так зрабіла б ці чарвяк. Дык хай цябе кахаюць чарвякі, О прападзі ты пропадам — такі!..

ДЗЯМЕТРЫЙ

Пакінь, аднак, свае сляпыя кляты — Ў крыві Лізандра я не вінаваты. Не мёртвы ён: што-што, але не гэта.

ГЕРМІЯ

Дык ён жывы?!. О, не чыні сакрэту!..

ДЗЯМЕТРЫЙ

А што ў аддзяку будзе мне за тое?

ГЕРМІЯ

Ніколі больш не бачыцца са мною. Ты цешышся з маёй бяды, ліхвяр! Агідны мне і голас твой, і твар. Я адыходжу, але ўжо мяне Не смей больш бачыць — мёртвы ён ці не!

(Выбягае.)

ДЗЯМЕТРЫЙ

Ісці за ёю — ганьбіцца ў граху. Лепш прыкархну дзе-небудзь тут крыху. Маркоціцца маркота даастатку, Калі не аддае ёй сон падатку. Пасплю, дальбог, сабе я тут часіну — Вось і аддасца нейкая часціна.

(Кладзецца і засынае.)

АБЯРОН

Што ты зрабіў?!. Як зблытаў ты ўсё,ўрэшце!.. Абпырскаў вочы шчырыя чыесьці. Праўдзіваму падсунуў зману лусту, А рэспуста не выбавіў з распусты.

ПУК

Так водзіцца здаўна ў людскім хаўрусе: Адзін хтось кажа праўду, процьма — хлусіць.

АБЯРОН

Сюды-туды крутніся вокамгненна I расшукай афінскую Алену. Яна каханнем хворая, збляднела, Адно ўздыхае, як душа без цела. Прываб яе сюды якою вабай, Я ж вочы ўстаўлю гэтаму нахабу.

ПУК

Глядзі — бягу, хаваюся ў імглу Імклівей за татарскую стралу. (Знікае.)

АБЯРОН

(выціскае сок на павекі Дзяметрыю)

Квет барвовы, квет сурочы Хай прасочваецца ў вочы, У вантробы і ў сустаў, Каб станоўчым хлопец стаў, У пячонку і ў мазгі, Каб ён вобраз дарагі У сабе насіў нязгасна I прасіў у дзеўкі краснай, Падхапіўшыся ва ўзруху, Каб дала яму аддуху!

Вяртаецца ПУК.

ПУК

Валадар! Усё чын чынам — Набліжаецца дзяўчына. Той, абпырсканы, амеля Ёй пра сувязь сэрцаў меле. Ну, падзівімся забаву — У смяротных глузд кульгавы.