Выбрать главу

ГЕРМІЯ

Пра што ты кажаш? Што на ўвазе маеш? Не я цябе ганьбую, ты — мяне.

АЛЕНА

А хто ж яшчэ Лізандра падбухторыў, Каб ён мяне хваліў, хадзіў за мною? А хто свайго другога заляцанка, Які мяне нагой піхаў, намовіў, Каб ён мяне зваў німфаю, багіняй, Нябеснай, райскай? Чаму раптам той, Што брыдзіўся мяне, мяне вялічыць? Чаму Лізандр умомант забывае Сваё каханне, што насіў у сэрцы, I прысягае мне ў каханні палкім? Няма сумнення: з тваёй згоды толькі. Не гэтак ясна шчасце свеціць мне, Не гэтак, як цябе, удача лашчыць, Кахаць і некаханай быць — мой лёс... Ён варты не пагарды, а спагады.

ГЕРМІЯ

Куды ты хіліш — я не разумею.

АЛЕНА

Прыкідвайся, блазнуй, вачамі лыпай, Ну а за спінай дык рабі гіморы, З хаўрусам пераміргваючыся кпліва,— Магчыма, вас праславіць гэты жарт. Калі б вы мелі гонару на шэлег, На грош спагады — так рабіць не сталі б. У нечым і сама я вінавата. Ды ўсё паправіць смерць альбо расстанне.

ЛІЗАНДР

Чакай, Алена! Мне сказаць дазволь — Жыццё маё, душа мая, Алена!

АЛЕНА

Ах, як прыгожа!

ГЕРМІЯ

Не цвяліся, любы!

ДЗЯМЕТРЫЙ

Прасіць не варта — я яго прымушу.

ЛІЗАНДР

Ты не прымусіш, а яна не ўпросіць: Дым — яе просьбы, дым — твае пагрозы I я свайго жыцця не пашкадую, Каб прысароміць кожнага, хто кажа, Што я хлушу... Не, не хлушу — кахаю!.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Мацней, чым ён, кахаю я — павер!..

ЛІЗАНДР

Ідзі і дакажы на справе гэта.

ДЗЯМЕТРЫЙ

I ты са мной!

ГЕРМІЯ

Дык што гэта, Лізандр?!

ЛІЗАНДР

Прэч, эфіопка, прэч!

ДЗЯМЕТРЫЙ

                           Трымай, трымай! Ха-ха! Ён толькі пыл пускае ў вочы, А сам ні з месца. Баязлівец пан.

ЛІЗАНДР

Пусці, назола! Адчапіся, кошка! А то страсу цябе, нібы вужаку.

ГЕРМІЯ

Чаму ты гэткі грубы стаў? Адкуль Такія перамены, мой каханы?

ЛІЗАНДР

Каханы твой?! Прэч, бурая татарка! Згінь, здрадлівае зелле, згінь, атрута!

ГЕРМІЯ

Жартуеш ты?

АЛЕНА

Ага, з табой на пару.

ЛІЗАНДР

Я спраўджу свой намер, Дзяметрый!

ДЗЯМЕТРЫЙ

                                     Кволы, Гляджу я, у цябе ён, каб паверыць. Ты б далучыў да абяцанняў доказ.

ЛІЗАНДР

Дык што ж я мушу — даць ёй кухталёў Альбо насмерць зацюкаць? Ненавіджу, Ды болю прычыняць ёй не жадаю.

ГЕРМІЯ

Твая нянавісць мне баліць найболей. Ты ненавідзіш?! А за што, за што?!. Што здарылася раптам? Што набегла? Я гэткая ж прыгожая, бы ўчора. Ноч наставала — ты мяне кахаў, Не скончылася ноч — а ты ўжо кінуў. Дык ты папраўдзе — о багі, багі! — Мяне кідаеш?