Выбрать главу

ЛІЗАНДР

                             Далібог, папраўдзе! Больш не жадаю бачыць твайго твару, Адкінь сумненні, просьбы, спадзяванні, А ведай, ведай: не на жарт цябе Я ненавіджу, а яе кахаю.

ГЕРМІЯ

Ах, вось што!.. Прайдзісветка!.. Моль, што точыць Бутоны ружы!.. Чорная зладзейка!.. Падкралася ты ў цемры апраметнай I ўкрала сэрца ў любага...

АЛЕНА

                          Някепска! Згубіла ў лесе ты дарэшты сорам, Дзявоцкую прыстойнасць, што зрываеш Адказ нясціплы з маіх сціплых вуснаў. Ачомайся, камедыянтка, лялька!

ГЕРМІЯ

Ах лялька!.. Лялька!.. Зараз разумею — Ты рост наш параўноўваеш. Цыбатай Паставай сваёй хвалішся. Мяне Ты ад Лізандра засланіла ёю, Прывабіла яго, звяла, купіла. Ты вырасла ў яго вачах высока, Бо я не надта ростам удалася. Ну, тычка маляваная! Якой бы Малой я ні здавалася, а ўсё-ткі Да зекраў тваіх кіпцямі дастану.

АЛЕНА

(Дзяметрыю і Лізандру)

Хаця вы і кпіцё з мяне абодва, Абараніце ад яе. Я зроду Заядлай не была. Не ўмею біцца У згодзе з баязлівасцю дзявоцкай. Хай меншая яна, але змагацца Не здолею я з ёй.

ГЕРМІЯ

Зноў! Меншая! Вы чулі?!.

АЛЕНА

Ах, Гермія, не злуйся на мяне. Цябе я ўсёй душой заўжды любіла, Усе твае сакрэты берагла. I толькі раз, учора, безразважна, Дзяметрыю, кахаючы яго, Ўзяла й адкрыла план уцёкаў вашых. Ён рынуўся за вамі, я — за ім. Мяне ён бэсціў, зневажаў бязбожна, Знявечыць пагражаў, забіць... Я не магу Тут больш трываць. Дазволь мне — я ў Афіны, Назад, падамся, а з сабой вазьму Адно сваю дурноту і другі раз Сюды больш не вярнуся. Адпусці!.. Маю пакору бачыш ты...

ГЕРМІЯ

                              Дык з богам! Ідзі хоць зараз. Хто цябе трымае?

АЛЕНА

Ніхто, апроч майго сляпога сэрца, Якое застаецца тут.

ГЕРМІЯ

З Лізандрам?

АЛЕНА

З Дзяметрыем.

ЛІЗАНДР

                     Алена, не хвалюйся, Яна цябе, клянуся, не зачэпіць.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Не, не зачэпіць, хоць бы й ты быў з ёю.

АЛЕНА

Калі яна злуецца — ведзьма, й годзе. Баяліся яе — такой — і ў школе: Няхай малая — лютасці праз меру.

ГЕРМІЯ

Малая! Зноў! Каторы раз — малая. Вы ж маўчыцё: хай зневажае!.. Так?!. Пусці!.. Дай да яе дарвацца!..

ЛІЗАНДР

                                   Прэч! Прэч, ліліпутка, вош, пухір, калючка, Насенне злое, прэч!..

ДЗЯМЕТРЫЙ

                                   Ажно занадта Слугуеш той, хто на твае паслугі Глядзець не хоча. Сам прэч ад яе! Заступніцтва тваё, тым больш твае прызнанні Ёй не патрэбны. Калі ты Алене Хоць заікнешся пра сваё каханне — То сцеражыся.

ЛІЗАНДР

                                   Гермія мяне Ўжо не трымае... Калі ты, васпан, Не баязлівец, то ідзі за мною. Мы вырашым сам-насам канчаткова, Хто на Алену мае больш правоў.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Я за табою? Не, плячо ў плячо.

ЛІЗАНДР і ДЗЯМЕТРЫЙ выходзяць.

ГЕРМІЯ

А за цябе ўвесь гэты гвалт, паненка!.. Куды ты? Не ўцякай...

АЛЕНА