Надзя не спускала вачэй са Слесарэнкі, трымалася яго, не звяртаючы асаблівай увагі на астатніх. Ззаду і з бакоў чуўся шоргат і перарывістае дыханне.
Наперадзе, ужо зусім блізка, была вёска. Усё бліжэй. Хаты нібы вырастаюць, павялічваюцца і робяцца няўклюднымі і непрыступнымі.
Слесарэнка спыніўся. Шэптам загадаў:
— Надзя са мной, астатнія — улева...
Нечакана ў кагосьці бразнуў затвор, і ў марознай цішыні пачуўся спалоханы голас паліцая-вартавога:
— Стой! Хто там?
Нехта з партызан прыўзняўся.
— Ляжаць! — злосна скамандаваў Слесарэнка.— Ляжаць!..
Вартавы ўжо больш патрабавальна паўтарыў:
— Хто там?
Грымнуў стрэл, і Надзя пачула, як мякка ўпаў на снег вартавы. «Малайчына, Слесарэнка, не разгубіўся»,— падумала яна. А начальнік разведкі ўжо ўсхапіўся на ногі і, не хаваючыся, крыкнуў:
— Бягом!
Надзя сіганула следам за Слесарэнкам, на хаду адвязваючы лімонкі.
Дзядзька Ферапонт бег лёгка, трохі прыгнуўшыся, не звяртаючы ні на кога ўвагі, ні на міг не спускаючы вачэй са штаба. «Паспець! Паспець! — калацілася ў грудзях сэрца.— Не даць апамятацца». Не дабегшы да будынка, ён наўздагад паласнуў па ім з аўтамата, потым шпурнуў у чорныя вокны адну за адной дзве гранаты і адскочыў за суседнюю хату. Пачуў звон разбітага шкла, убачыў, як мільганулася Надзіна постаць, і з радасцю адчуў — здрыганулася ад выбуху зямля. «Паспелі... Цяпер ужо будзе лягчэй... Ініцыятыва ў нашых руках».
Паласнула полымя на другім канцы вёскі, дзе павінен быў быць Яўсееў са сваімі хлопцамі, узвілася ў неба ракета. I Балбекі абудзіліся. Пачуліся крыкі. Застракаталі аўтаматы. Гахнулі яшчэ і яшчэ раз гранаты. I загрымела «ўра!».
Надзя стаяла за вуглом хаты, пільна сачыла за вуліцай. Рукі адчувалі востры халадок аўтамата, цела пачынала біць нервовая ліхаманка. «Ну, ну,— нібы падганяла яна фашыстаў і паліцаяў,— выбягайце, не сядзіце!.. Ну, хутчэй, хутчэй!..» I тыя пасыпалі проста з вокан, у сподніках, разгубленыя і няўцямныя. Яны не маглі разабрацца, што тут робіцца, і стралялі абы-куды, не ведаючы, дзе свае, дзе чужыя.
Ліхаманка перастала калаціць Надзю, прыйшлі спакой і ўпэўненасць, і яна націскала, націскала на спускавы кручок. «Гэта вам за Ваню, за Марусю, за «Мінёра».
Да яе падбег Слесарэнка. Азіраючыся па баках, прашаптаў:
— Давай прабірацца наперад. Сачы за ракетай. Не адставай...
I пабег, прыціскаючыся да парканаў. Надзя рушыла за ім, толькі цяпер успомніўшы пра здаравілу і яго ўтульнае гняздо. Трэба не абмінуць... Яна збочыла на агароды, падалася бліжэй да канца вёскі. Хата тая стаяла. Яна гэта ясна бачыла. Стаяла вялікая, чорная, нават цяпер самазадаволеная і спакойная.
Надзя абмацала ў кішэні дзве лімонкі. Хопіць. Галоўнае, каб гаспадар не ўцёк, каб не ўпусціць яго.
I раптам Надзя стала, як укапаная. Там, на ўскрайку Балбекаў, загаварыў нямецкі кулямёт. Так, так. Яна цяпер ясна бачыла. З гарышча старэнькай, з забітымі вокнамі і пашчапанымі дзвярыма хаты біў кулямёт. Страляў па нашых. Кароткая чарга, доўгая, яшчэ кароткая, яшчэ доўгая. Надзя нават у начной цемры бачыла, як падалі партызаны. Яны ж не чакалі. Яны ж не ведалі пра гэты кулямёт.
«Што я нарабіла! Што я нарабіла!..» Надзя закусіла вусны. Як жа гэта, як жа яна зусім не звярнула ўвагі на гэтую хату? Ішла паўз яе, два разы ішла паўз яе. I нічога не заўважыла... Палічыла проста струхлелай, даўно пакінутай гаспадарамі, нікому не патрэбнай...
А кулямёт страляў. Кароткая чарга... Доўгая... Кароткая... Кароткая. Замоўк. Зноў доўгая чарга...
Надзя напрасткі кінулася да кулямёта. Бегла, не зважаючы ні на што. Яна верыла, што дабяжыць, паспее. Не можа быць, каб не паспела. Яна павінна прымусіць гэты кулямёт змоўкнуць. Не хто-небудзь іншы, а яна, толькі яна. Перад самаю хатай яна нечакана спатыкнулася. З рук выслізнуў аўтамат. Рыўком Надзя падскочыла да хаты, з усяе сілы шпурнула адну за другой лімонкі і кіпулася на зямлю.
Выбуху яна не пачула, бо нечакана пакацілася ўніз — хата стаяла на ўзгорку, і Надзя ў спешцы не заўважыла гэта. Яна кацілася, ніяк не магла спыніцца і са страхам чакала, што вось-вось там, наверсе, зноў загрукоча кулямёт, а ў яе ўжо няма ні лімонак, ні нават аўтамата. Але кулямёт маўчаў. Да яе толькі даляцеў крык Слесарэнкі:
— Надзя! Надзя!..
Нарэшце яна спынілася, выплюнула снег, што набіўся ў рот, пачала папраўляць хустку. Ёй здалося, што на яе хтосьці глядзіць. Яна павярнулася і міжволі ўскрыкнула. Проста за спіной на снезе з ручным кулямётам ляжаў здаравенны рыжы немец. Відаць, ён не чакаў сустрэчы з Надзяй, не мог ніяк зразумець, адкуль яна з'явілася, і глядзеў на яе разгублена і недаўменна.