Выбрать главу

Надзя павярнула назад. Трэба параіцца са Слесарэнкам, вырашыць, што рабіць далей, куды ісці.

Камандзір разведкі асунуўся ў снег і, здавалася, драмаў. Надзя павалтузіла яго за плячо. Ён маўчаў. Тады яна паклікала:

— Дзядзька Ферапонт... Таварыш камандзір! Слесарэнка маўчаў. Надзя спалохалася. Што ж гэта такое? Зазірнула яму ў твар. Твар быў бледны і хваравіты.

— Таварыш камандзір!..

Слесарэнка цяжка падняў галаву.

— Надзя? Ты?

— Я, таварыш камандзір. Тут дарога недалёка. На Альшанікі ці на Арцюхі... Трэба ісці...

Слесарэнка трохі апрытомнеў, страсянуў галавой, застагнаў.

— Вось што, Надзя... Ты ідзі... Адна. Шукай нашых... Я не магу. Сіл няма... Потым прыйдзеце па мяне. Ідзі...

Надзя бачыла, як блага камандзіру, як вось-вось ён зноў упадзе ў непрытомнасць, і ў адказ толькі круціла галавой:

— Не... Не... Я без вас нікуды. Я не пакіну...

— Ідзі. Ідзі, Надзя... Я загадваю...— Ён зноў застагнаў.— Я загадваю табе...

Яна не магла яго пакінуць. Пакуль яна дабярэцца да партызан, пакуль яны прыйдуць сюды, ён замерзне. Ён столькі страціў крыві. Ён не вытрывае.

Надзя абхапіла яго галаву, заплакала:

— Дзядзька Ферапонт... Не трэба... Я не магу вас пакінуць. Пойдземце, дзядзька Ферапонт, пойдземце...

Ён моўчкі падняўся, апіраючыся на яе худзенькае плячо, зрабіў некалькі крокаў.

— Ну, вось, ну, вось, бачыце,— узрадавалася Надзя.— Мы дойдзем, дойдзем...

Ён ступіў яшчэ некалькі разоў і сеў.

— Не, не магу... Ідзі адна...

Што з ёю рабіць? Як яе прымусіць кінуць яго? Яна не павінна аставацца. Раптам па іх слядах пойдуць немцы ці паліцаі. Навошта, каб гінула і яна?

— Ідзі, ідзі, Надзя...

Слесарэнка зноў страціў прытомнасць. Надзя паспрабавала падняць яго вялікае, абмяклае цела і не здолела. Тады яна вытаптала каля дарогі пад вываратнем яму, наламала яловых лапак, паклала на іх бледнага, непрытомнага Слесарэнку, так-сяк замаскіравала і вырашыла ісці шукаць дапамогі. Адна дацягнуць параненага да жытла, тым больш да базы атрада, яна не зможа. Ад стомы яе хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга.

У лесе па-ранейшаму было ціха. Бязветраная марозная ноч усё яшчэ вісела над зямлёй. I Надзі хацелася, каб ёй не было канца, каб сёння світанне запазнілася. Трэба выратаваць Слесарэнку, трэба даставіць яго да сваіх.

Яна ішла наўздагад, ледзь перастаўляючы ногі. Здавалася, тое, што яна ідзе, ужо не залежала ад яе: проста хтосьці падпіхнуў яе і яна не магла ні прыбавіць хады, ні спыніцца, а так вось марудна пасоўваецца наперад, пакуль нехта выйдзе насустрач і спыніць яе. Час нібы застыў, нібы згубіла сваю меру адлегласць. I асталася толькі гэтая механічная, нудная хада. I яшчэ думка — паспець у вёску да раніцы, знайсці надзейных людзей.

Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Зноў зацеплілася надзея на ўдачу, прыйшла ўпэўненасць. Думка запрацавала ясна і хутка... Гэта, напэўна, Арцюхі... Яна пойдзе ў першую хату. Калі спытаюць, хто такая і адкуль, скажа, што была ў сваякоў у Балбеках, у час бою пабегла ў лес і заблудзілася. Пасля ўжо можна будзе прыгледзецца і павесці гаворку пра Слесарэнку...

Хата стаяла наводшыбе. За ёю зноў пачыналіся кусты і толькі далей ледзьве ўгадвалася вёска. У акне расплыўчата свяціўся агеньчык, слабенькі, кволы. Ці то газоўка ледзь ліпела, ці то акно было завешана старою хусткай.

Надзя смела пашыбавала да хаты. У двары стаяў конь, упрэжаны ў лёгкі вазок. Ён сонна жаваў сена. У хляве было ціха — ці то скаціна спала, ці то хлеў быў пусты. Нікога вакол пе відно. Гэта насцярожыла Надзю. Кінуць аднаго каня, нават не прывязаўшы яго...

Яка асцярожна ўзышла на ганак. Дзверы ў сенцы адчынены. Пераступіла парог, прыслухалася. У хаце гаварылі. Зрабіла некалькі крокаў. Прарэзліва рыпнула маснічына. Галасы ў хаце змоўклі. Потым нехта злосна крыкнуў. Па-нямецку. Надзя спалохана застыла на месцы. Так, так, у хаце хтосьці гаварыў па-нямецку. Яна кінулася ў двор. Пераступаючы парог, зачапілася за пустое вядро. Яно гучна загрукацела. У спіну, як камень, ударыў злосны голас:

— Хто там? Што такое?!

Надзя, яшчэ сама не ведаючы, што робіць, схапіла са спіны ў каня лейцы, ускочыла ў сані і з усяе сілы рванула каня ўлева.

— Но! — выцяла яго лейцамі, выкіроўваючы на дарогу.— Но!..

Ззаду грымнуў голас:

— Куды? Ні з месца! Секануў стрэл — з пісталета.

Надзя сцёбала каня, прасіла яго шэптам:

— Ну, родненькі, ну, міленькі, хутчэй... Хутчэй, даражэнькі... Хутчэй!

Сані імчалі да лесу. Іх кідала ва ўсе бакі. Конь хроп, з-пад яго капытоў выляталі камякі снегу. А ад хаты застракатаў аўтамат, потым другі.