Выбрать главу

Надзя асцярожна прылягла каля Юры, прыслухалася да яго цяжкага, перарывістага дыхання. Якія ўсё ж моцныя людзі!.. Іх з Юрам білі плёткамі, нагамі, білі бязлітасна, не шкадуючы, а яны ўсё жывуць. I боль, здаецца, ужо не такі востры цяпер.

Заварочаўся Юра, узняў галаву.

— Надзя!

— Я. Я, Юра...

— Вярнулася?

— Ага...

— Добра... А я нешта захварэў. Горача і баліць усё...

— Гарачка ў цябе. Яна пройдзе.

— Заўтра зноў мяне... возьмуць...

— Не бойся. Можа не возьмуць...

«Не возьмуць»... Як быццам Юра паверыць!..

Надзя заплюшчыла вочы, паспрабавала заснуць. У вушах звінела. Рукі і ногі здаваліся змярцвелымі. На спіне і жываце саднілі раны. Колькі іх было, Надзя не лічыла. Хіба пералічыш усе, вялікія і малыя! Яна прывыкла да іх, не звяртала на іх асаблівай увагі, ды і балелі яны менш, чым самыя першыя, быццам дзялілі між сабой боль і на кожную прыпадала не так ужо многа. Калі баліць не ў адным месцы, тады лягчэй...

Юру ўзялі з самай раніцы. Толькі прачнуліся ўсе, толькі прабіліся праз шчыліны ў дзвярах першыя праменні, як па яго прыйшлі. Ён не змог сам узняцца, і яго вывалаклі за рукі. Надзя памкнулася памагчы яму, але яе адпіхнулі.

У Надзі пачало шчымець сэрца, у галаву роем палезлі сумныя думкі. Няўжо гэта апошні іх дзень? Няўжо Юра не вернецца?

Яна ўставала, рабіла два-тры крокі, у знямозе зноў садзілася. Пачала жаваць травінку і выплюнула: трапіўся горкі палын. Падсела да дзеда, чакаючы, што той нешта раскажа, але ён маўчаў. Тады ў думках пачала лічыць. Збілася. Пачала ўсё спачатку.

Юры не было. У здранцвенні Надзя не зводзіла позірку з дзвярэй. У вачах стала рэзаць, пакаціліся слёзы, але яна глядзела і глядзела. Сама сабе загадала, што, калі Юра вернецца, усё будзе добра, яны застануцца жыць, вырвуцца з гэтага пекла... Але яго не было.

Замест Юры паказаўся паліцай.

— Дзе Юра? — кінулася да яго Надзя. — Дзе? Паліцай чамусьці азірнуўся і адказаў ціха:

— Няма... Прыстрэлілі... Выкалалі вочы, рукі выламалі і... прыстрэлілі...

Надзя хвіліну стаяла ва ўтрапенні, потым упала на падлогу і закрычала, зарыдала. Да яе падскочыў дзед, яшчэ хтосьці. Яна сутаргава білася ў іх на руках, не хацела нікога слухаць.

Паліцай, відаць, не чакаў такога і хуценька прычыніў дзверы. Але ненадоўга. Разам з ім паявіўся мужчына ў галіфэ і з парога загадаў:

— Багданава! За мной!

Дзед ірвануўся да яго, замахнуўся сваімі худымі рукамі:

— Вы... Дзяцей мучыце! Сваіх забіваеце! Хай вас пакарае неба, хай маткі вас выракуцца...

Мужчына з усяго маху ўдарыў старога па твары, і той адляцеў ад дзвярэй, глуха ўдарыўся аб падлогу.

Надзя выцерла слёзы, сцішылася, падышла да паліцаяў:

— Вядзіце!

Яны адступілі на некалькі крокаў, і яна, хістаючыся ад слабасці, выйшла на двор.

Колкі вецер прыемна ахаладзіў твар. Надзя азірнулася навокал. Можа ў апошні раз убачыла клець на ўзгорку, недалёкія зубцы лесу, шэрае неба.

Афіцэр, калі ўвялі Надзю, выйшаў. Вярнуўся ў шынялі і шапцы.

З Надзі сарвалі хустку, ватоўку, знялі валёнкі. Пакінулі ў адной нацельнай кашулі. Вывелі на мароз.

Яна спачатку ступала па снезе асцярожна, нібы баялася параніць ногі. На сцежцы ледзь не пакаўзнулася. Пачалі заходзіцца ад холаду пальцы ног, пяткі.

Нарэшце афіцэр спыніўся, паглядзеў на Надзю, шчыльней захутаўся ў шынель. Трошкі наводдаль спыніліся салдаты. У руках у аднаго чамусьці былі вядро і вялікая алюмініевая кварта.

Надзю праціналі дрыжыкі. Нібы ў клешчы, браў мароз у свае абдымкі яе худзенькае цела. Ногі ўжо пачыналі касцянець. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадвала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Яна чула, што людзям, якія замярзаюць, робіцца цёпла, іх хіліць у сон. Але ёй было нясцерпна холадна. Вецер, што раптам наляцеў, нібы загнаў у цела адразу тысячу іголак.

Афіцэр кіўнуў салдатам, і яны падышлі да Надзі. Адзін схапіў яе за рукі, моцна сціснуў іх. А другі зачэрпнуў з вядра вады і стаў падымаць над ёю кварту. Цяжкая, нібы свінец, вада ўдарыла па галаве, марудна пацякла па валасах, па твары, прасочваючыся на спіну і грудзі...

Надзя плакала і ад болю і ад бяссілля, і слёзы разам з вадой пачыналі замярзаць на ёй. Яна адчувала, як робіцца калянай, нібы з бляхі, кашуля, як пруцянеюць ногі. А па галаве біў і біў струмень вады — нібы падалі камяні. Яны хілілі і хілілі галаву на грудзі, і не было сіл падняць яе, не было сіл паварушыцца...

Ачнулася Надзя каля пліты. Афіцэр паспеў ужо распрануцца, толькі на руках у яго былі чорныя скураныя пальчаткі. Ён падышоў да яе, здзекліва пацікавіўся:

— Што, холадна?