Выбрать главу

Надзя ўстала, прайшла далей. Вусаты дзядзька ў старэнькім кажушку разам з хлопцам гадоў дваццаці збіраў свае збанкі і гаршкі.

— Натаргаваў...— злосна бурчаў ён.— Дзень тут мёрз, а каб было за што...

— Нічога, нічога,— супакойваў яго хлопец.— Заўтра пашанцуе... Затое ў мяне ёсць адна прапанова.

— Прапанова? — ажывіўся дзядзька.

Хлопец агледзеўся і, не звяртаючы асаблівай увагі на Надзю, зашаптаў:

— На тытунёвай фабрыцы можна пажывіцца. Праўда, махорку ўсю выграблі. Але застаўся пыл. Курыць можна.

Дзядзька ўзрадаваўся:

— Праўда? Дык давай хутчэй. А то разнюхаюць, наляцяць, тады свішчы...— I прыкрыкнуў на Надзю: — А ты чаго тут таўчэшся?.. Папругі хочаш?

Але Надзя і сама ўжо кінулася назад. У галаве ў яе нарадзіўся план. Трэба бегчы на тытунёвую фабрыку. Набраць таго пылу. Хлопцам у атрадзе няма чаго курыць...

Яна растлумачыла ўсё Ваню, але той засумняваўся:

— Ці трэба? Раптам пападзешся...

— Я? Пападуся? — Надзя хацела расказаць, у якіх пераплётах яна бывала, але вырашыла, што гэта зойме шмат часу, і па-камандзірску строга загадала: — Ты чакай тут. А я хуценька... Заадно зірну на вуліцы....

Схапіўшы торбу, яна знікла.

Ваня патаптаўся на месцы, узяўся за санкі. Ён разумеў, што нельга было адпускаць Надзю. Яму ж казаў Скуматаў: «Стрымлівай»... Ды і без табакі можна абысціся. Падумаеш, курыва! Ён не курыць, і — нічога. Не вялікая бяда, калі і іншыя пажывуць без гэтага дыму...

Яго аклікнуў мужчына ў акулярах:

— Хлопец! Мяцёлкі прадаеш?

— Прадаю. Купіце,— Ваня падняў з санак самую, на яго думку, лепшую.— Трэба?

— Ды трэба... А што бярэш?

— Хлеб, бульбу...

— Ну! Такое глупства, і — хлеб... Не, браток, гэта не тое... Хочаш цукерак?

Ваня рашыў адмовіцца, але перадумаў і з цікавасцю зірнуў на мужчыну:

— Пакажыце.

— Цудоўныя,— мужчына выцягнуў з кішэні некалькі рознакаляровых «падушачак».

У Вані ажно пад лыжачкай засмактала, і ён, не зводзячы вачой а дзядзькавай далоні, кіўнуў:

— Бярыце...

Адну цукерку Ваня адразу ж паклаў у рот, астатнія схаваў. I тут жа аблаяў сябе ў думках: «Слюнцяй! Расплыўся перад цукеркамі...»

На душы стала прыкра. Хіба яго сюды паслалі, каб ён цукеркі еў?..

Людзі з базару ўжо сталі разыходзіцца. Пацішэла. Знікла тлумнасць. Памалу пачынала шарэць.

З'явілася радасная Надзя з мяшком за плячыма.

— Амаль поўны,— падміргнула яна Ваню.— А ты казаў — не трэба... Ведаеш, як хлопцы абрадуюцца!..

Ваня хацеў прамаўчаць, але не стрымаўся, пахваліўся:

— А я мятлу прадаў,— палез у кішэню і падаў ёй цукеркі.— На. Твае асталіся.

Надзя не паверыла:

— «Падушачкі»?

— Ага.

— Сапраўдныя?

— Салодкія...

Гэта было ўжо цудам...

Яшчэ так нядаўна «падушачкі» лічыліся проста недарагімі цукеркамі. Цяпер жа Надзя глядзела на іх, як на казачны ласунак.

Цукеркі вельмі хутка расталі ў роце, і яна кіўнула Ваню:

— Пайшлі. Я была каля вакзала, паглядзела. Можна. Вывесім. I яшчэ ёсць адно месца. Там трэба абавязкова...

Яны паціху рушылі да вакзала. Цягнулі санкі з нікому не патрэбнымі мётламі, уважліва азіраліся па баках. То тут, то там высіліся закопчаныя руіны. Няўтульна выглядаў Віцебск — нібы дом, які раптам страціў клапатлівага і рупнага гаспадара.

Групкамі па вуліцах праходзілі фашысты, з аўтаматамі на грудзях, з настаўленымі каўнярамі шынялёў. Гучна перагаворваліся, смяяліся.

Надзя звярнула ўлева. Трошкі прайсці — і будзе старая хата. Ніхто ў ёй не жыве, яна ледзьве ліпіць, вось-вось абваліцца: там можна схаваць мяцёлкі, адпачыць.

У хаце было цёмна. Толькі праз шчыліны прабівалася некалькі палосак шэрага вячэрняга святла. Ваня нерашуча пераступіў парог.

— Хадзі, хадзі,— падагнала яго Надзя.— Не бойся. Падлога цэлая. Я тут была.

Пасярод хаты стаяў стол. Каля яго — дзве шырокія лаўкі.

— Халаднавата, а то жыць можна,— падхвальвала прытулак Надзя.— Мы трошкі пасядзім. А потым я табе пакажу і вакзал, і камендатуру, і тое месца...

Яна села на лаўку і горача зашаптала яму:

— Разумееш, у былым рамесным вучылішчы цяпер іхняя казарма, а ў двары — лагер ваеннапалонных. Нашы там. Трэба сцяг... Разумееш, раніцай глядзяць, а тут — чырвоны сцяг!..

Ваня маўчаў.

— Ты не думай, што так ужо цяжка. Там можна... Але Ваня ўсё яшчэ маўчаў, нешта думаў. I тады Надзя пакрыўдзілася: такі план, такая радасць будзе для нашых ваеннапалонных, а ён з сябе начальніка строіць, асцярожнічае... I выпаліла:

— Я адна зраблю! Не пабаюся. На гэта Ваня рашуча сказаў:

— Нічога адна рабіць не будзеш. Нас паслалі дваіх. Дваіх і будзем выконваць заданне. Я старэйшы...