Выбрать главу

— А ну, топайце сюды!

Надзя і Ваня пакорліва падышлі.

— Хто такія? — строга папытаўся паліцай і для большай упэўненасці ўзяў у рукі вінтоўку, што ляжала ўпоперак саней.

— Ды... Мы...— Надзя пачынала хныкаць,— мы... хлеба просім.... Сіроты мы...

— Адкуль ідзяце?

— Па вёсках ходзім... Хлеба просім... Сіроты...

— Сіроты, сіроты,— перадражніў яе паліцай.— Дзе былі?

— У Гарадку былі...

Яны падалі яму свае торбачкі — і паліцай, не развязваючы, стаў прывычна абмацваць іх.

— Так... бяры,— ён кінуў Ваню ягоную торбу і ўзяўся за Надзіну.— А тут... Чакай, чакай...— развязаў і здзівіўся: — Табака? Адкуль?

— Я знайшла. На дарозе... Не адбірайце,— Надзя ўхапілася за торбу.

Але паліцай быў дужэйшы, і торба асталася ў яго.

— Нешта, галубочкі, тут не так... Сядайце ў сані. Паедзем у Гарадок. Там і разбяромся, хто вы такія і чаго тут швэндаецеся...

Усю дарогу Надзя думала, чаму іх затрымалі. Выпадкова? А можа нешта ведаюць? Можа, у Віцебску іх нехта прыкмеціў?.. Здаецца, усё рабілі добра, нідзе не памыліліся...

Праклятая табака...

Сані ўехалі ў Гарадок. Надзя з цікавасцю глядзела па баках. Драўляныя дамы з палісаднікамі. У вокнах часам паказваюцца цікаўныя твары.

I раптам Надзя ледзь не ўскрыкнула. Сані занесла ўбок, і — над самай яе галавой захісталіся пасінелыя босыя ногі... Яна ўзняла вочы — над ёю вісеў мужчына. На ліпе. З дошкай на грудзях. На дошцы няроўныя чорныя літары: «Партызан»... Трошкі праехалі — на бярозе яшчэ... Дзяўчына. Рукі звязаны ззаду. Босая. Дошка на грудзях...

Паліцай заўважыў, што Надзя спалохалася, і растлумачыў:

— Гэта галоўная вуліца...

Надзя маўчала. Яшчз ні разу яна не бачыла столькі павешаных.

— Здымаць іх забараняюць,— зноў растлумачыў паліцай.— Кожны дзень вешаюць...

Ён паспешна спыніў каня ля будынка паліцыі. Ускінуў вінтоўку на плячо, загадаў Надзі і Ваню:

— Пайшлі!

На ганку прывітаўся з нейкім дзядзькам, папытаўся:

— Мордзік ёсць?

— Ёсць... Дзе ж. яму быць?

Паліцай прыдзірліва агледзеў малых, для большай важнасці яшчэ раз памацаў іх торбы і адчыніў дзверы.

Начальнік раённай паліцыі Мордзік, убачыўшы Надзю і Ваню, незадаволена зморшчыўся. Навошта яму гэтыя дзеці? У яго хапае работы з дарослымі...

— Ну, што ў цябе? — прыкрыкнуў ён на паліцая.

— Падазроныя, пан начальнік,— выцягнуўся перад Мордзікам паліцай.— Затрымаў каля Болецка.

— А што падазронае?

— Табака...— і паліцай паслужліва падаў начальніку торбу з махорачным пылам.

— Ну...— Мордзік яшчэ не зусім разумеў свайго падначаленага.

— Кажуць, пан начальнік, у Віцебску не былі. А адкуль табака?

— Ясна,— Мордзік нарэшце нешта скеміў.— Больш нічога?

— Нічога.

— Можаш ісці. А вы,— ён кіўнуў на Надзю і Ваню,— сядайце, расказвайце. Хто такія, адкуль, як завуць? Адным словам, усё...

— Сіроты мы,— пачала Надзя дрыготкім голасам.— Ходзім па вёсках, хлеба просім...

— А чаго ты калоцішся?

— Змерзла...— Надзя раптам расплакалася:—Я хацела на хлеб выменяць... А ён забраў...

— Ну, супакойся.— Мордзік павярнуўся да Вані: — А ты што скажаш?

Ваня паціснуў плячыма:

— Нічога... Надзя казала: міласціну просім... Мордзік прыкрыкнуў на Надзю:

— Не румзай. Цябе ніхто не чапае... Дзе табаку ўзяла?

— Знайшла... На дарозе... Мяняць хацела...

— Дзе знайшла?

— Каля Зазер'я...

— Цікава...— Мордзік не верыў ёй, але нічым не мог даказаць, што яна маніць.— Значыць, на дарозе валяўся мяшок...

— Ага...

— А дзе вас паліцэйскі ўзяў?

— Каля Болецка.

— Та-ак... А калі вы з Віцебска выйшлі? — нечакана спытаў ён.

— Мы не былі ў Віцебску,— Надзя зноў пачала плакаць.

— Дапусцім.— Мордзіку пачынала надакучаць уся гэтая валтузня з малымі. Ён падышоў да дзвярэй: — Эй! Хто там? Трэба адвесці арыштаваных у капліцу. Хай трошкі пасядзяць, падумаюць...

Шчыра кажучы, Мордзік не бачыў нічога падазронага ў хлопчыку і дзяўчынцы. Колькі такіх, асірочаных і выгнаных з дому вайной, ходзіць цяпер па дарогах! Калі ўсіх арыштоўваць, дык і турмаў не хопіць. Але што паробіш — загад...

З жандармерыі паведамілі, што ў Віцебску ноччу вывесілі чырвоныя сцягі і, мяркуючы па слядах ля казармы, зрабілі гэта падлеткі.

Мордзік яшчэ раз агледзеў Надзю і Ваню. Не, не верыў ён, што гэта партызаны. Не верыў ён і таму, што мяшок з махорачным пылам яны знайшлі на дарозе. Укралі. У гэтым ён быў перакананы. Укралі. Можа, нават і ў Віцебску... Але каб яны вывесілі сцягі над вакзалам і над нямецкай казармай... Дудкі! Ён чалавек вопытны і ведае, як ахоўваюцца дарогі ў Віцебск, як сцерагуць вакзал, казарму... Калі б не загад, ён бы зараз добра ўсыпаў гэтым смаркачам, каб не бралі чужога, і адпусціў бы. Клопатаў і без іх хапае. Няма таго дня, каб не даручалі арыштоўваць некага, вешаць, расстрэльваць.