Выбрать главу

Юра задумаўся. Яму таксама надакучыла быць на вуліцы. Але ж нялоўка пакідаць пост. Раптам патруль — хто тады папярэдзіць...

Надзя настойвала:

— Пара ісці. Цёмна. I дождж.

Юра здаўся.

— Ну, ладна,— сказаў ён.— Пойдзем... Ты наперадзе. Я — следам.

Надзя выбралася з руін, кінулася да падвала. I ў гэты момант ярка-ярка штосьці ўспыхнула перад самымі вачыма і рванулася зямля з-пад ног. Страшэнны выбух аглушыў яе, а нейкая невядомая сіла падняла над зямлёй і адкінула назад. Надзя балюча выцялася галавой аб тупую жалязяку. На яе пасыпалася тынкоўка і дробныя каменьчыкі. Ад пылу і гаркаты яна на міг задыхнулася. Нічога не разумеючы, паднялася на ногі і зусім блізка пачула спалоханы Юркаў голас:

— Надзя!.. Надзя!..

— Што? Тут я! — азвалася яна і няўпэўнена пайшла на голас сябра, трымаючыся за галаву, якая налівалася тупым надакучлівым звонам.

Юра падхапіў яе, агледзеў з усіх бакоў, радасна абнадзеіў:

— Жывая!.. Нічога, Надзя. Ты — жывая...

Не згаворваючыся, яны кінуліся да падвала. I спыніліся ва ўтрапенні. Там, дзе быў падвал, дымілася яма. Вялізная, глыбокая чорная яма. Курэлі пыл і дым. Ціха асыпаўся пясок. I не было нікога... Нікога...

— Падарваліся,— яшчэ сам сабе не верачы, прашаптаў Юра.

Толькі цяпер Надзя зразумела ўсё. Падарваліся. Маруся. «Мінёр». Усе... Падарваліся... Няма. I ніколі не будзе...

— Маруся!.. — закрычала Надзя ў адчаі: — Мару-ся-а-а!..

Ніхто не адгукаўся. Толькі побач плакаў Юра... Непадалёк пачулася нямецкая лаянка, загрукацеў аўтамабіль.

Юра схапіў Надзю за руку і пацягнуў далей ад гэтага страшнага месца...

— А ты дзівіўся, што я ведаю Віцебск,— Надзя ўздыхнула.— Я, Ваня, Віцебск ніколі не забуду.

Яна змоўкла. Успамінала сваіх сяброў, што загінулі недарэчна і нечакана, так і не ўзарваўшы варожы склад. Успамінала Марусю, «Мінёра». Самы вопытны сярод іх падрыўнік, ён проста не ўмеў абыходзіцца з запаламі і толам...

А Ваню ўспамінаўся дзіцячы дом і родны Ленінград. Шырокі Неўскі праспект. Нява. Смольны, куды іх вадзілі на экскурсію... Дзе цяпер ягоныя сябры? Можа, загінулі так вось, як Надзіны. Можа, трапілі да партызан. А можа, у тыле ходзяць у школу, гуляюць, вучаць на памяць вершы...

Адчыніліся дзверы. Салдат, што прыносіў есці, знакамі загадаў ім выходзіць.

Пасля цёмнага падвала на вуліцы асляпіла дзённае святло. Снег пад нагамі не рыпеў, а ціха асядаў. Са стрэх сям-там капала. Пачыналася адліга.

Нямецкі афіцэр чакаў іх на двары.

— Вы мелі час падумаць,— старанна падбіраючы словы, сказаў ён.— Вы маглі выбіраць жыццё і смерць... Я спадзяюся ваш розум...

— Мы нічога не ведаем,— панура вымавіў Ваня. I Надзя пацвердзіла:

— Не ведаем...

Афіцэр нетаропка расшпіліў кабуру, выняў пісталет, узвёў курок, коратка выдыхнуў:

— Сцяна!..

Салдат пачаў паслужліва падпіхваць Надзю і Ваню:

— Шнэль... Шнэль...

Надзя чула, як стукаюць у яго зубы, адчувала, як дробна дрыжаць рукі.

— Я буду лічыць тры,— афіцэр узняў пісталет.— Пасля тры я буду страляй.

Надзя павярнула трошкі галаву, зірнула на Ваню. Ён моцна сцяў вусны і закрыў вочы.

— Айн,— выкрыкнуў афіцэр.

Проста ў яе перад вачыма — цагляная сцяна. Краі ў многіх цаглін абкрышыліся...

— Цвай...

Куды ён стрэліць? У галаву? У спіну? Толькі б адразу...

— Драй!

Загрымеў стрэл. Надзя пахіснулася і лбом упёрлася ў сцяну. Зверху на яе пасыпаліся кавалачкі цэглы, пыл. Што гэта? Яна не адчувае ніякага болю... Зірнула ўбок — Ваня таксама стаіць... Прагрымеў яшчэ адзін стрэл. Зноў пасыпалася цэгла. I зноў — нічога... Не папаў?.. Яшчэ стрэл... I яна зразумела — афіцэр спецыяльна страляе паверх галоў.

— Ну! — закрычаў ён.— Прызнавайся. Кляйнэ швайн!.. Кулі цяпер ціўкалі каля самага вуха. Яна, здаецца, нават адчувала, якія яны гарачыя... Адна... Другая... Нарэшце афіцэр стаміўся.

— Вы... Вы...— голас у яго перарываўся.— Вы неразумныя дзеці... Так нельга...

Ад нервовага напружання ў Надзі закружылася галава, усё цела абвалакла цёплая, цяжкая стома. Яна марудна павярнулася да афіцэра і папрасіла:

— Страляйце... Страляйце...

Афіцэр нічога не адказаў. Ён паклікаў салдата, які стаяў непадалёк, аддаў нейкі загад і пайшоў, нават не зірнуўшы на Надзю і Ваню.

Салдат зняў з пляча вінтоўку, паказаў дарогу.

Ён прывёў іх у лагер ваеннапалонных. Упіхнуў за калючы дрот, сказаў нешта вартавому і пайшоў.

Надзя і Ваня спыніліся каля самых варот, агледзеліся. Гэта была вялікая пустка, абнесеная калючым дротам. Групкамі, у абадраных шынялях, у ватоўках, пінжаках, тут і там сядзелі палонныя. Худыя, няголеныя. У многіх перавязаны бруднымі бінтамі галовы, рукі.