Выбрать главу

Апроч пабочнага Ўладзіміра, былі ў Святаслава сыны Яраполк і Алег - ад «законных» жонак. Тут да месца ўявіць, што князь Святаслаў любіў сваіх дзетак, як любіць кожны бацька сваіх сыноў, і яны любілі тату, увіхаліся каля яго, калі сыходзіў ён з каня пасля пераможных паходаў; што браты любілі адзін аднаго, гулялі разам, гарэзнічалі, вучыліся, слухалі бацькава слова, і прыемна было Святаславу глядзець на тройцу малайцоў, якія ў будучыні павядуць далей ягоную справу. Але да братоў яшчэ вернемся; перамогі князя Святаслава таксама патрабуюць ўпаміну. Гэта ён прайшоў да Каспійскага мора, разбіў хазараў. І печанегі, якія выцеснілі з Прычарнамор'я мадзьяраў да Дунаю, гэтаксама паспыталі сілу яго мяча. Святаславу абавязаны ўзнікненнем Белгарад на Чорным моры ў Днястроўскай губе. Гэта ён быў неадольны ў бітвах, але і ён жа з лютай жорсткасцю пакараў пераможаных балгараў - дваццаць тысяч палонных былі ці распятыя на крыжы, ці пасаджаны на палі...

Не ведаў той век літасці...

На сілу ёсць хітрасць. У 972 годзе на дняпроўскіх парогах асадзілі малую дружыну Святаслава палкі печанегаў, і загінуў адважны князь, а печанежскі хан Курэй загадаў зрабіць з чэрапа ворага чару. Піў хан з гэтай золатам аздобленай ёмістай чары, верачы, што сіла Святаслава пераходзіць у яго разам з віном. Ці не піў, а трымаў чару ў руцэ, разважаючы пра кароткасць жыцця і крохкасць славы, - хто ведае!..

Тры згаданыя сыны Святаслава, на той час падрослыя, атрымалі па старшынству гарады для княжання: Яраполк, пераняўшы вярхоўную ўладу, застаўся ў Кіеве, Алегу дасталася драўлянская зямля, Уладзімір разам са стрыем сваім Дабрынем ад'ехаў у Ноўгарад... Жывуць Святаслававы сыны па сваіх кутах, думаюць кожны сваю думу, і пакрысе блізіцца пачатковая дата нашай аповесці - 980 год. Што яшчэ адбылося паблізу гэтага памятнага вузельчыка на нітцы часу? А вось што: браты пасварыліся, пачалася вайна малодшых са старэйшым за аддзяленне. Загінуў на гэтай вайне князь Алег, а Ўладзімір быў выгнаны з Ноўгарада і ўцёк да варагаў. Праз два гады ён вярнуўся, ноўгарадцы яго прынялі, і, такім чынам, Кіеў і Ноўгарад зноў пайшлі да сутычкі.

Трэцім значным горадам таго часу была сталіца крывічоў Полацак, які стаяў на шляху з варагаў у грэкі. Валадарыў у ім князь Рагвалод. І вось конавы збег абставінаў: Уладзіміру мінула васемнаццаць гадоў, Яраполку - дваццаць, а дачка Рагвалода полацкая князёўна Рагнеда дасягнула ўзросту нявесты.

Выданніца ў даўніну істотна рознілася ад сённяшніх - дзяўчына чатырнаццаці гадоў лічылася спелай нявестай. Вось на час вайны братоў Святаславічаў настала пара замужжа і для Рагнеды. Даспелая дачка крывіцкага князя, безумоўна, прымалася ў разлік малайцамі, што мелі правы дасылаць сватоў на княжы двор. Думалі пра яе Яраполк са сваімі баярамі і Ўладзімір са сваімі. Не па любові сваталіся да Рагнеды браты; лепш сказаць - з нянавісці адзін да аднаго; за кім дачка - за тым і цесцева войска, той і мацнейшы, і лягчэй яму зламаць роднаму брату хрыбет...

Вось, бадай што, і ўсё, чым хацелася папярэдзіць аповесць. Нічога, праўда, не моўлена пра Рагнеду, апроч узросту. Але няма нічога больш красамоўнага, як пражытыя гады; дзесяць... трыццаць... семдзесят... Усё за лічбай: выгляд, сіла, захапленні, клопаты. А Рагнедзе - чатырнаццаць. Б'ецца ейнае сэрца жаданнем любові, радасці, шчасця, прагне таямнічага дарослага жыцця... Хто не згадае светлыя сны, смутак і малітвы закаханага сэрца, дзіўныя малюнкі мары, пасля якіх робіцца нясцерпна нуднай будзённая ява! У глухі начны час абыходзіць не бітае жыццём юнацтва самая вераломная з багіняў - багіня наслання Мара; як толькі яе лёгкі позірк дакранецца чыстай, не мудрай яшчэ душы - снуецца летуценны сон, узыходзіць сонейкам недасяжная мара... І хочацца жыць, жыць вечна! Гэткім, здаецца, цудоўным будзе тваё жыццё...