- Можна, маці Анастасся?
- Сядайце.
Манашкі прыселі ля печы. Поп Сымон зноў засяродзіўся, зрок яго прасякаў загадкавасць даўніны, калі пыл на дарогах захоўваў сляды Хрыста, а жывым яго словам запальвалася вера. Анастасся глядзела на сваіх царкоўных сёстраў. Ефрасінню яна любіла, Праскоўю цярпела, чуючы ў ёй патаемную злараднасць. Ефрасіння пайшла ў чарніцы пасля адначаснай смерці трох дзетак і мужа, забітых маланкай. Вера папа Сымона прывабіла яе надзеяй сустрэцца з роднымі пасля смерці. Ціхмянасцю Ефрасіння марыла заслужыць права на шчаслівы век з дзецьмі ў раі. Праскоўя стала манашкай у той жа год, што і маці Анастасся, калі па жаніцьбе Ўладзіміра чысцілі княжы двор у Бераставе і выгналі прэч сабраных там дзевак. Некаторых з узнагародай вярнулі да бацькоў, большасць павыдавалі замуж, бяздомных пастрыглі ў чарніцы. Пра свае гады ў Бераставе Праскоўя ніколі не гаварыла - не сваёй ахвотай прыходзілі туды дзеўкі. А што ў гэтым гняздоўі рабілася, маці Анастасся ніколі не распытвала - і без роспыту лёгка было ўявіць ліхое берастаўскае гулянне: пілі да чарцей у вачах, тады клікалі дзевак, і пачыналіся Садом і Гамора. Але Берастава новы бог не спапяліў. Цяпер Праскоўя асуджана да скону маліцца - можна яе пашкадаваць. Думка, што гэтая жанчына магла лашчыць яе мужа ці Дабрыню, калі тыя прыязджалі бражнічаць, што тады яны такія розныя - вялікая княгіня і распусная дзеўка - цяпер зраўняліся чорнымі хусткамі і чорнымі расамі, адзінотай і ўмовамі жыцця, - гэтая думка апякала памяць маці Анастассі. Уладзімір забыў, думала яна, што Рагнеда нараджала княжычаў, а тая дзеўка галубіла дружыну. І яны абедзве выракліся свету дзеля славы нейкага Хрыста, новага бога, - Праскоўя выраклася распусты, Анастасся - пяці дзяцей. Калі думаеш пра гэта - галава расколваецца... А Праскоўю, адчувала маці Анастасся, гэтая роўнасць новых абставін суцяшала. Вось і ты, княгіня Гарыслава, паміраеш тут падобна мне, чытала яна ў вачах Праскоўі, і нічым не лепшая, і не вышэйшая, таксама выкінута з жыцця і нічога не маеш; дык я і жонкай не была, простая дзеўка, а цяпер мы абедзве - чорныя царкоўныя мышы. Але я не мыш, думала Анастасся. Я і ў чорнай расе княгіня, дагала мяне раздзенуць і выставяць на мароз - усё роўна княгіня. І ніхто не зраўняецца са мной. Як не зраўняліся з богам папа Сымона, з гэтым Хрыстом, разбойнікі, распнутыя на крыжах побач з ім. Дзе ён, дзе яны - а балела ім роўна. Хто можа зраўняцца? Той, хто страціў столькі ж, каб параўнацца. Вось Ефрасіння страціла дзетак, думала Анастасся. Дык іх Пярун забіў, ён над хмарамі сядзіць, яму не бачна, куды маланкамі б'е. Як упадабняць божую руку і чалавечае зло? Як раўняцца: адна жыве, каб цярпець, другая церпіць, каб ажыць...
«Прыйшла Пасха, - чытаў поп Сымон, - і пайшоў Хрыстос у горад». Слухаючы краем вуха айца Сымона, маці Анастасся, адначасна са сваімі думкамі, ацэньвала тое, пра што апавядаў ён. Поп Сымон гаварыў: «Увайшоў у храм божы. І мноства народу тоўпілася ў храме». - «Ну і што?» - думала Анастасся. «Але мала стаяла вернікаў, а стаялі мянялы, і гандляры прывялі жывёлу і прынеслі птушак на продаж». - «У нас не так», - адзначыла сама сабе Анастасся. «І ўгневаўся Ісус, і зрабіў бізун, і стаў біць мянял і гандляроў...»
- Што, што? - здзівілася Анастасся.
- Што, маці Анастасся? - павярнуўся да яе поп Сымон.
- Хрыстос біў? Няўжо біў?
- Біў Ісус, біў без літасці, гаварыў: «Бяжыце, святататнікі! Бо дом божы ператварылі ў рынак і скаціну ўвялі ў прыстанак духа святога».
- Значыць, трэба біць грэшных? - спытала Анастасся.
- Хто святыні абражае - трэба, - сказаў поп Сымон. - А грэшных нельга - хто без граху? Усе мы грэшнікі; калі хто не грашыць наяве, дык у думках грашыць, бо што злое падумаў - гэта ўжо і ёсць зло.
- Ага, значыць, трэба, - задумліва казала Анастасся, не слухаючы папа Сымона. - Значыць, хто кашчунствуе - трэба. Не шчокі падстаўляць, як ты раней, поп Сымон, а бізуном біць.
- А хто кашчунствуе? - па-лісінаму спытала Праскоўя.
- А што, няма кашчуноў?
- Не біў Ісус, - адумаўся нарэшце айцец Сымон, - а выгнаў з места свайго. А шчаку падставіць - гэта другое. Сіла на сілу - вайна. А любоў на сілу - мір.
- Змірыся, так, айцец Сымон?
- Не змірыся, а ўзвысся!
- Паўзі чарвяком і кажы: любоў вам і мір. Так?
Пачалі спрачацца і забыліся на Праскоўю і Ефрасінню. Сёстры незадаволена сядзелі каля печы. Праскоўя, калі дагарала лучына, неяк нясмела падымалася ўваткнуць новую. Сарваўшы голас, айцец Сымон змоўк. Чарніцы, стомленыя ад крыкаў, падняліся: «Мы пойдзем, айцец Сымон?» - «Схадзіце, сёстры, памаліцеся», - абыякава адказаў поп.