Выбрать главу

Застаўшыся ўдваіх, Анастасся і айцец Сымон нейкі час сядзелі моўчкі.

- Што маўчыш, поп Сымон? - усміхнулася Анастасся. - Ці язык прыкусіў у крыках?

- Думаю, чаго мы спрачаемся?

- А што думаць? Сябе аднаго слухаеш, айцец Сымон, як цецярук.

- Цецярук, цецярук, - паўтарыў Сымон. - Не таму.

- Чаму ж?

- Падабаецца грашыць спрэчкамі - вось і спрачаемся.

- Жыць хочацца - вось і спрачаемся, - сказала Анастасся. - Табе цікава жыць, поп Сымон?

- Так, добра мне, маці Анастасся.

- А мне нядобра, поп Сымон. Вось і спрачаемся.

- Калі аспрэчваеш мяне - табе лепш?

- Хіба я з табой спрачаюся, поп Сымон? Хіба ты ад сябе гаворыш? Ты яго словамі гаворыш. І яны яго словамі кажуць. Разумны ты, поп Сымон, ведаеш - хто яны, а глядзіш на мяне так, быццам не разумееш. Вы хоць і паасобку, ды аднаго чакаеце. Дык яны не сваё кажуць, але сваё робяць. А дзе тваё - не ведаю. Вось ты шкадуеш мяне, а што з твайго шкадавання - ціхай хочаш бачыць мяне, як сястру Праскоўю. Папрашу суцяшэння - суцешыш: «Бог бачыць, залічвае боль і слёзы». Папрашу дапамогі - што зробіш? Вады падасі, хлеба, печ запаліш - і ўсё.

- А што трэба табе, маці Анастасся? - пакутліва спытаў Сымон. - Ты не прасіла. Скажы - зраблю.

Анастасся хацела сказаць: «Здагадайся - і зрабі!» - і адолела сябе - нашто?

- Позна ўжо, поп Сымон, - сказала Анастасся. - А я змарылася... Не крыўдуй.

Айцец Сымон выйшаў з пачуццём віны і нейкай страты.

Вось такім, вінаватым і сумным ён застанецца тут, калі яна пойдзе, падумала Анастасся. Будзе шкадаваць яе, маліцца аб дараванні яе грахоў. «Даруй ёй грэшнай!» Аб пакаранні Дабрыні і князя Ўладзіміра маліцца і прасіць не стане. Хіба яны грэшныя? Яны за хрысціянскую веру. Ім усё даравалася. Яна ж, насупраць, не палюбіла, не змірылася, не ўзвысілася праз ціхмянасць - выходзіць, грэшная. Для яе яны - душагубы і каты. Для яго - «святло прынялі». Ён праз іх не пакутаваў, яна пакутавала. Хто не пакутаваў - не зразумее. Усё ў нас рознае.

Маці Анастасся задзьмула лучыну, і цемра імгненна сцерла нядаўнія думкі, аблічча папа Сымона, морды душагубаў, а ўбачыўся зімовы дзень у Полацку, лёд на Дзвіне і на ім вершнік. Вершніка звалі Жыжа, ён быў кметам бацькі, і ён прывёз доўгачаканую вестку.

Маці Анастасся лягла на лаўку, накрылася кажухом і згадала сваю радасць, адчутую, калі Жыжа сказаў пра сватоў ад Яраполка... Вось так заўжды мае ўспаміны, падумала Анастасся, пачынаюцца за здароўе, а канчаюцца за памін душы. Сватаўство ўспомнілася. Дзе тыя сваты, дзе тыя ўсе людзі - а я памятаю, як учорашняе, няма мне сну, варушу мінулыя дні... І айцец Сымон зараз не спіць, падумала Анастасся. Ёй не спіцца, ён не спіць ды яшчэ начная варта. А не спіць - чаму ж не прыйдзе? Прыйшоў бы пад акенца: «Маці Анастасся! Што робіш, маці Анастасся?» І пачытаў бы пра свайго бога, каб гукі жывога голасу разагналі гэтыя неадчэпныя і страшныя ў цемры ночы прывіды. Ці паклаў бы ёй на скроні свае рукі: «Трымайся, маці Анастасся!» Ці прытуліў бы да бітых сваіх грудзей, дзе б'ецца сэрца, каб хоць на міг далося ёй адчуць сябе пад абаронай, у літасці і спачуванні. Сястра твая, дык пашкадуй, як сястру шкадуюць, па сэрцу, без падказкі. Прыйдзі, калі клічуць цябе нячутна, а не ўдзень - спрачацца і схіляць да сваёй праўды. Не божага слова хочацца - чалавечага, пяшчотнага. Аднялі ў яе ласку; нядоўга галубіла яна сваіх дачок, мала пацешылі яе дзіцячыя вочкі. Прамаслава любіла ранкам забірацца да яе ў ложак і вадзіць грабянём па валасах. Гладзіць валасы слабая ручка, ляпеча пяшчотны галасок: «Мамка прыгожая!» А цяпер яна - каралева ўгорская. А Прадслава - за польскім каралём. І ніколі ім ужо не сустрэцца на гэтым свеце. Да іх яна не пойдзе - яны не памятаюць яе, яны могуць толькі пашкадаваць яе. Ім і самім можа не надта добра жывецца на чужыне. А Ізяслаў не мог забыць яе. Цяпер хочацца ўбачыць унукаў ад Ізяслава, гуляць з імі ўздоўж Палаты па тым лузе, дзе гуляла сама. Далёкія сыны Ізяслава ўявіліся маці Анастассі ў ззянні дзіцячай прыгажосці і прывабнасці, і яна беражліва трымала перад вачыма гэты прывід...

Раптам пачула яна ціхі, скрозь акенца дасланы шэпт: «Маці Анастасся! Ты не спіш, маці Анастасся?» Сэрца сціснулася, замерла, забілася і штуршкамі пабеглі ад яго па целе гарачыя хвалі. Анастасся ўскочыла, кінулася да акенца: «Заходзь, поп Сымон» - і прытулілася да печы суняць неспадзяванае дрыжанне. Прарыпелі дзверы, Сымон увайшоў і, чуючы паблізу яе дыханне, сказаў, злучаючы разам апраўданне і прызнанне: «Не спіцца, маці Анастасся. І не магу... Не крыўдуй, маці Анастасся, ведай - люблю цябе!» Жаданай абаронай акружылі Анастассю гэтыя запаленыя ў цемры словы. Дваццаць гадоў ніхто яе не любіў, не нашэптваў такога хвалявання сэрцу!.. Маці Анастасся прысунулася да Сымона, апляла рукамі яго шыю і схавала твар у халоднай з марозу расе.