«Поп Сымон, поп Сымон... Няма ў мяне роднай душы, поп Сымон... Горач была на душы... Здымаюць яе твае словы, айцец Сымон... Ажывае сэрца ад тваіх словаў... Як святло яны для мяне, Сымон... Сымон, мой бедны!..»
Айцец Сымон абняў яе; выратаваныя, вынесеныя раптоўнай хваляй на шчаслівы бераг, шапталі яны адзін аднаму простыя словы сваёй радасці... О, багі! Праз дваццаць гадоў здзейснілася яе мара, споўнілася намроеная Марай шчасце... Светлае сэрца - вось сапраўдны белы вершнік. Сівы, з перабітымі рэбрамі, бескарыслівы айцец Сымон - вось яе вершнік, ён прынес ёй любоў, і нічога яму не трэба ад яе, ён прыйшоў да яе, адарванай ад жыцця, таму што любіць... Свістаў за сцяной вецер, плыла зімовая ноч і першая шчаслівая ноч Анастассі ў яе трэцім жыцці, пакуль не абарвалі яе крыкі пеўняў. Маці Анастасся раптам забаялася сустрэць разам ранак і адправіла Сымона... Ён выйшаў; яна глядзела яму ўслед... Багі, багі! Як шчасліва і як позна...
Неяк прысніўся Анастассі сон; просты і балючы ён быў, як смяротная хвіліна. Прысніліся маці і бацька на парожку даўняга, Уладзімірам спаленага дома. Стаяць яны, знядужаныя разлукай, і цягнуцца да яе іх слабыя рукі, і прайсці ў дом, пазбегнуць іхных абдымкаў немагчыма. Але калі абдымуць - павядуць да сябе, у тагасветную цемру. І яна адступае ад бацькоў, кажа ім - нельга, любыя, нельга вас пашкадаваць і абняць, у мяне справа няскончаная. Расталі іх постаці, і засталіся перад ёю чорным прагалам расчыненыя дзверы ў хату. І боязна ёй пераступіць парог, бо там, адчувае яна, затаіліся і чакаюць яе другія людкі, шчыльна набіліся яны ў пакоі дома. Не бачыць яна нікога, але быццам бачыць, як у нямым цярпенні сядзяць там браты, і шэрагамі ўздоўж усіх сцен пабітыя палачане, і бабка Прадслава, і з дакорлівымі вачыма заслаўскі вяшчун. Чакаюць яе, нешта мусяць сказаць ёй - у іх крыўда.
Анастасся паведала сон Сымону. Той засумаваў, разумеючы ейнае жаданне.
- Маці Анастасся, - сказаў ён з нейкай разгубленасцю. - Мацнее князь Уладзімір. Няма нікога, хто здолее з ім ваяваць. Вось устанавіў ён дзесяціну для царквы, кожная дзесятая грыўня, кожны дзесяты сноп пойдуць царкве. Уславіць яго царква. Хутка пабудуюць вялікія храмы, і адна вера аб'яднае розныя землі. І зараз царква славіць князя - так трэба. Ён і хрысціўся для ўзмацнення ўлады. У Візантыі кесар не толькі ў людскіх справах, але і ў царкве галоўны. Князь Уладзімір хоча, каб і тут было так. Раней князь перад вашымі старымі багамі стаяў нароўні з народам, зараз ён вылучаны. І не пацерпіць... Вось Ноўгарад, кажуць, яго да ўлады прывёў, а запярэчыў князю - дык пасек Дабрыня ноўгарадцаў... Няўжо думаеш, што табе пашчасціць? Табе і расстрычыся не дадуць - трэба, каб уладыка дазволіў. У Хрыста ўсё чыста, у царкве не заўсёды. Уладыка Кірыла грэх прыняў на душу, калі гвалтам пастрыгалі цябе. З яго за гэта спытае гасподзь, але табе мітрапаліт не верне волю... Сама скінеш расу - цябе адшукаюць і замкнуць...
- Не тыя, не тыя словы гаворыш, - нахмурылася Анастасся. - Вось глядзі! - і яна паказала пальцам на столь над печчу. Віселі там пучкі зёлак.
- Тут розныя ёсць, на кожную хваробу, - казала маці Анастасся, - а гэты шэры пучок, айцец Сымон, гэта цыкута. Калі карэньчыкі яе настаяць і выпіць, тады хутка апынешся ў той хатцы, дзе чакаюць жывых людкі... Даўно вісіць тут. А чаму не скарыстаныя? У найгоршыя дні цеплілася ў мяне надзея, што зменіцца лёс... А цяпер, айцец Сымон, мае лепшыя дні, я шчаслівая, і прысніўся гэты сон, каб я не забылася пра тое, чаго чакала дваццаць гадоў.
- Нядоўга пабудзеш там, маці Анастасся, - сказаў Сымон, - сама ведаеш чаму...
- Ды хоць дзень, - усміхнулася Анастасся. - Мне слова тваёй любові ўсе гады маіх бедстваў апраўдала, усе гады пераважыла. А хоць дзень у Полацку ўсё маё жыццё апраўдае, віну здыме з сэрца. Хіба мала, айцец Сымон?
- Не ведаю, маці Анастасся.
Прагучала гэта як просьба: «Не трэба, маці Анастасся!» Ён хацеў утрымаць яе побач з сабой.
- Не хачу баяцца, айцец Сымон, - адказала яна.
Вячэрняй часінай, пад звон біла, маці Анастасся паднялася на вежу, дзе цяпер старажаваў Руды. Уперадзе, над снежнай пустэчай балотаў, цяжка кіравалася да лесу чарада варон, рэзка раздзірала цішыню краканне важака. Чорны пласт чарады рассякаў напалам круг вечаровага сонца - халодны малінавы круг, які адносіў з сабой яшчэ адзін дзень жыцця. Кружачы над лесам, чарада разбіралася на пары для начлегу ў прамерзлых гнёздах, злосны ці радасны грай і хрыплыя крыкі ляцелі над заслаўскім жыллём, абвяшчаючы блізкасць ночы, час нечысці і воўчай бяссонніцы.