Выбрать главу

Вось і падышла пераломная хвіліна - Рагнеда дрэнчылася каля дзвярэй, слухаючы вясёлую гамонку знаёмых і незнаёмых галасоў за сцяной. Раптам гаворка змоўкла, пачуліся крокі, дзверы расчыніліся, і бацька сказаў: «Уваходзь!» і падбадзёрыў усмешкай. Замерла на імгненне сэрца, адзначаючы першы крок у новае жыццё, і Рагнеда пераступіла парог. Кінуўся ў вочы новы вышываны абрус на стале, а за сталом сядзелі тры дабрадушныя, барадатыя дзядзькі - сваты. Яна прайшла на сярэдзіну пакоя і пакланілася ім. «Князёўна нашая - Рагнеда!» - прагучаў голас бацькі. Сваты ўзрадавана заківалі, быццам раней ім было няўцям, каго паставілі перад імі, утаропіліся на князёўну, і Рагнеда засаромелася ад іхных пільных позіркаў. Усё, што рыхтавалася бацькам і прыбылымі кіяўлянамі, вяло да вяселля, да нараджэння дзіцяці, і Рагнедзе здавалася, што людзі, якія ўважліва аглядаюць яе, чуюць палкія ўдары крывяных струмянёў у лона, чытаюць яе пужлівыя думкі пра сустрэчу з жаніхом, пра першую іх ноч у цемры шлюбнага пакоя: нібыта голая, стаяла Рагнеда перад Яраполкавымі сватамі...

Князь Рагвалод, даўшы час дачцэ асвоіцца, а гасцям прыгледзецца, сказаў з падкрэсленай адчужанасцю, быццам не надта яго датычыла і ад ягонай волі не залежала:

- Вось, Рагнеда, прыехалі сваты ад князя Яраполка. Ці пойдзеш за кіеўскага князя?

На памяць ведала яна бацькоўскае павучанне, з лёгкасцю магло зляцець яно з языка, але перасохла ў роце ад боязі, сораму і хвалявання, сэрца адчайна білася, адчувала Рагнеда, у якую цану ставіцца зараз яе згоднае слова, і не магла растуліць як бы склееныя ў гэты момант губы. Маўчанне зацягвалася; прыкрасць прамільгнула па бацькавым твары і зламала дзіўную і для самой Рагнеды яе немату.

- За Яраполка - пайду! - адказала яна, падымаючы вочы на кіяўлянаў, і тыя, задаволеныя, па звычаю пакланіліся...

Многа часу сплыло, пакуль зразумела Рагнеда тое запалае ў памяць здзіўленне на тварах сватоў у хвіліну яе маўклівага выйсця з пакоя. Што ўбачылі яны? Выйшла дзяўчынка, апранутая ў добры строй, блішчэлі на ёй залатыя падвескі, ляжалі ў тры ніткі на белай кашулі пацеркі з бурштыну. Што асаблівага ў гэтай дзяўчынцы? Ёсць і прыгажэйшыя. Адна вартасць - дачка князя Рагвалода, полацкага роду дзіця. І дзеля аднаго слова ехалі яны скрозь завеі, цярпелі мароз, слухалі выццё галодных ваўкоў, спалі дзе прыйдзецца, елі іншым днём прамерзлы хлеб з прамерзлым мясам - і ўсё гэта, каб пачуць вымаўленае няпэўным голасам «пайду!», хоць і ў час выезду з Кіева не мелі сумніву, што іншага адказу не пачуюць. Але мусіла прагучаць гэтае слова ўслых і завіснуць у паветры клятвеннай непарушнасцю. Стане пасля гэтага Рагвалодава дачка кіеўскай княгіней, а калі здолее зачараваць Яраполка, дык ад яе слова жыцці будуць залежаць, магчыма, і іхныя баярскія жыцці, іх няўдачы ці поспех. Вялікую моц набудзе тады гэтая зграбная, сарамлівая яшчэ дзяўчынка; ніякай працай і заслугамі не здабыць ім такой улады, а вось яна вымавіць «пайду!» і адразу падымецца вышэй іхных галоваў - ужо ім і кланяцца ёй першым. І нічога больш у гэтай дзяўчынцы зараз няма. І наогул нічога ў ёй асаблівага - дзеўка як дзеўка; але гадамі падыходзіць - вось і нагода ўзмацніцца Кіеву і ўзмацніцца Полацку. Выпадак паставіў яе на сярэдзіну пакоя, каб сказаць неабходныя для дамовы словы «за Яраполка!» Шмат жонак можа набраць сабе князь Яраполк; і ёсць у яго жонка - расстрыжаная грэчаская манашка, ды з яе нічога, акрамя начной уцехі, а з полацкай князёўны і Кіеву, і князю карысць: у небяспечны час дзве сілы будуць яднацца. Дзеля гэтай мэты і прыедзе сюды летам Яраполк, і павязуць чаўны гэтае крохкае дзяўчо ў Кіеў, на княскі двор, і пераселіцца ў якое-небудзь сяльцо ў кіеўскіх прадмесцях смуглявая, чарнавокая грачанка. І будзе вяселле, і пойдуць гулянкі ў Высокім горадзе, а потым, праз адмераны багамі час, пачне гэтая дзяўчынка дараваць князю дзетак. А як загамоніць у хаце чарада княжычаў - ператворыцца сарамлівая Рагнеда ў жорсткую, як меч, вялікую княгіню, і хто скажа, ці не выпадзе ёй кіраваць дзяржавай, як кіравала Кіевам Вольга, а Полацкам бабка гэтай Рагнеды, маці Рагвалода, княгіня Прадслава, калі засталася ўдавой? Нікому не дадзена ведаць наперад ні свайго, ні чужога жыцця. Таму і трэба нахіліць галаву, прызнаючы сілу і таямніцу лёсу...