Вось прыйшла Анастасся, а Рута хлеб пячэ, нявестка памагае, і не маюць яны часу адхінуцца, гультаяваць з манашкай, слухаць яе аповяды. У нязручны час прыйшла маці Анастасся. Ды не сказаць жа: недарэчы ты, княгінька, прыходзь іншым разам; сама мусіць здагадацца, бачыць жа, што занятыя.
- Мой на ловы выбраўся, - гаворыць Рута, каб нешта сказаць. - Не сядзіцца яму.
- Мароз узяўся, - як бы спачувае маці Анастасся, а сэрца радасна б'ецца - паехаў, паехаў Руды, стрымаў сваё слова, і ўжо думка яе падлічвае вёрсты, і выходзіць, што конна ехаць Рудому паўдня, а потым трэба каню адпачыць, самому сагрэцца, і таму Руды сёння ў Заслаўе не вернецца, не паедзе ён у прыцемках прынадай для воўчых зграй.
- Вось і я казала: куды - мароз, сядзі ў хаце, ці мала спраў...
- Вернецца, вячэраць жа трэба, - супакойліва гаворыць Анастасся, жадаючы пачуць падцверджанне сваіх падлікаў.
- Відаць, - сумняваецца Рута, але знаходзіць падставу для ўпэўненасці: - Якія ж ловы ў цемры?
Маці Анастасся і задаволеная, што Руды паехаў патаемна ад жонкі, і ўсё ж нейкая горыч асаджваецца на душы. Яна адчувае гэтую халодную шэрань крыўды. Маці Анастасся разумее, што Руды стрымаў слова, каб не спрачацца з жонкай, не пачуць разумную, але досыць нячулую забарону: «Лепш сядзі ў хаце і не сунься не ў сваю справу. Ёй нічога не будзе, а табе - яшчэ невядома. Мала свайго не зроблена?» Ці больш жорстка: «Хацелася б сынам пабачыць матку, даўно б з'явіліся. Яны не хочуць - а ты вестуном ляціш».
Анастасся пасядзела яшчэ колькі, адчуваючы сваю непатрэбнасць, і пайшла да сябе. Разумела яна сваю даўнюю сяброўку: прыняла Рута, як і ўсе тутэйшыя людзі, што княгіньцы з чарніц не ўзняцца. Ды і хто не страціў бы веры ў магчымасць для яе нейкіх пераменаў; апошнім уборам вісела на ёй чорная зношаная манаская раса.
Маці Анастасся села ў кут, і думка яе дагнала Рудога на ледзяной дарозе. Рысіць яго конь сярод высокіх прырэчных сумётаў, разносіцца рэхам тупат, і хутка, думае маці Анастасся, усё пачне здзяйсняцца... Спраўдзіцца яе мара: прыедзе сын, яна скіне чорную хламіду, абдыме ўнукаў, Ізяслаў забярэ яе ў Полацак і княжацкім імем будуць клікаць сваю бабулю маленькія Ўсяслаў і Брачыслаў... Няхай імчыць Руды - адзіны яе кмет і памочнік. Жывая памяць выратуе яе, зніме той боль, які цярпеў разам з ёю Ізяслаў; ён усё прыгадае: пакуты, паўстанне, любоў, яе казкі, яе наказ. Няхай мчыць Руды, няхай ляціць у Полацак яе гуканне... Яна аддзячыць Рудому за гэтую скачку па Свіслачы ў мароз, за яго веру. Яна возьме з сабой Руту; іх абедзвюх вывезлі дваццаць гадоў назад, з Рутай яна і вернецца. Не, яна не пакіне Руту бедаваць у Заслаўі. Яны прыйдуць у Полацак... Гэта будзе перамога, сапраўднае шчасце пасля шматгадовага вандравання па пакутах...
Цьмяна калыхаліся перад вачыма Анастассі прывіды нейкіх новых зрубаў, надваротных вежаў, княжацкай палаты, дзе ўвечары будуць засынаць у яе на каленях ўнукі, і новай царквы, дзе поп Сымон будзе чытаць людзям пра свайго бога... І ўбачыўся летні ранак ў Заслаўі, апошні дзень заслаўскага зняволення, цівун Серада бяжыць з добрай весткай: «Княгіня, прыбыў твой сын...» Яна здыме чорную змрочную хустку... яна спяшаецца насустрач... і вось ён, яе Ізяслаў, на тым самым месцы, дзе разлучылі іх Дабрыня і Бедавей, і век, што прайшоў з таго дня, ператварыў хлопчыка ў статнага мужчыну, у моцнага Рагвалодавага наступніка, у князя Полацкай зямлі... Яна ўглядаецца ў незнаёмы і такі знаёмы твар, адшуквае памятныя рысы, а ён углядаецца ў твар маці, вяртаючыся праз пражытыя гады ў сваё дзяцінства, не пазнае яе, позірк яго напружваецца, ён прыкладае да яе - сівой, зморанай, змененай маршчынамі - даўні, захаваны ў сэрцы малады яе вобраз. Вось пазнаў, сэрца яго ўздрыганулася, ён ступіў да яе, і сляза ў вачах - жывая вада для яе...