Той пачаў збірацца. Даволі хутка ён на вазку з дзесяцкім выехаў з горада. Маці Анастасся адстаяла на сцюдзёным ветры да іх вяртання. Вазок ішоў гонка, ды змрочна сядзелі ездакі. Анастасся прадчула новае няшчасце. Вазок пад'ехаў, поп Сымон паглядзеў на яе з шкадаваннем.
- Што? - спытала яна.
- Ваўкі, - патлумачыў дзесяцкі. - З'елі Рудога ваўкі. Усяго і засталося: ад яго - меч, ад каня - сядло. Вось дык ловы! - Ён са скрухай уздыхнуў і павёў вазок у горад паведаміць сям'і.
Маці Анастасся знясілена пацягнулася ў сваю келлю, зачынілася на зашчапку і, як забітая, павалілася на лаву. Амаль услед пачула яна адчайны, нібы стогн, голас Сымона: «Маці Анастасся! Адчыні мне, маці Анастасся!» - «Малюся, поп Сымон!» - адказала яна і больш не адгукалася.
Трэба было б падняцца і пайсці на няшчасны двор, дзе ўжо адзначалі плачам раптоўнае сіроцтва дзеці і галасіла Рута, праклінаючы нечаканае крушэнне жыцця. Маці Анастасся ведала, што павінна ісці, і не магла крануцца, разбітая цяжарам жаху: Руды загінуў з-за яе, яна была вінаватая ў яго жудаснай смерці, і Рута, якая скардзілася цяпер на свой лёс, мела больш падставаў пасылаць праклёны ёй, сваёй сяброўцы, бо яна спрычынілася да ўсіх яе бедстваў.
І ўсё ж маці Анастасся прыйшла да Руты і перажыла тут свой найгоршы час. «Нашто, нашто было яму гэтае паляванне?» - дапытвала Рута лёс, і калом уваходзіла ў маці Анастассю гэтае пытанне. Пашкадаваў Руды абяздоленую княгіню, і зграя ваўкоў раздзерла яго за спагаду. Чуўся маці Анастассі прагны ляскат воўчых іклаў, бачылася паўкола безлітасных чырвоных вачэй, крывавае месіва - крывёй папярэджвалі яе не вяртацца...
Як памагатая смерці Рудога, заходзіла яна цяпер да Руты. Паліла яе жаданне апусціцца перад ёй і дзецьмі на калені і прасіць іх, зруйнаваных: «Біце мяне, гэта я паслала яго!» Ды нельга было адкрываць такую таямніцу, бо стала б ім яшчэ горш, і маці Анастасся мучылася віной у сваёй келлі. Рута сама прыйшла да яе - ссівелая і знядужаная, яна нібы хацела развітацца перад смерцю. Руды загінуў, няма каму абараніць яе, і ўсё разбураецца; старэйшы пасынак гоніць яе з дзецьмі прэч, можа, дацерпіць да цяпла, а куды вясной? Адно застаецца - пааддаваць дзяцей у парабкі людзям, а самой пайсці на лёд і гукаць тую ж зграю...
- Ты што, ты што, Рута! - напужалася маці Анастасся. - Не трэба так. Я дапамагу, - і зразумела, як дапаможа. - Ты супакойся, я даведаюся, скажу табе...
Маці Анастасся апранулася і пайшла да цівуна.
- Серада, - сказала яна, - ніколі не прасіла ў цябе нічога, а зараз прашу. - Цівун насцярожыўся. - Для мяне гэта важна. Дапамажы Рудога жонцы. Ты ж ведаеш - яна ў мяне ключніцай была, з дзіцячых гадоў разам. Пасынак яе змучыць; дзе ж ёй жыць?
- Што я магу? - уздыхнуў цівун; жыццё Руты яго не займала. - Сама падумай, княгіня. Хату зрубіць? Араць, сеяць, касіць? Хто за мужыка зробіць. Карову даць? Хіба адна яна такая?
- А хіба яе дзеці ад Рудога правоў на спадчыну не маюць? - спытала Анастасся.
- Маюць, - усміхнуўся цівун. - Ды што дзяліць у іх? Хату напалам?
Анастасся задумалася, нібы ацэньваючы нявырашальнасць справы, і выказала падрыхтаваную прапанову.
- Дык адпусці яе ў Полацак. Князь Ізяслаў на свой двор возьме. Я напішу яму...
- Няхай ідзе, - згадзіўся цівун.
- Ідзе! Куды ж яна пойдзе пешшу з двума дзецьмі і ў такую пару. Вазкі дай, чалавека ў ахову. Загадай пасынку, каб прыпасаў даў, аўса коням... Ты не хвалюйся, тваё не ўменшыцца - яшчэ і нарасце. Рута князю не чужая, да сямі год за няньку была...
- Добра, - пагадзіўся цівун. - Гэта зраблю.
Вось і ўсё, Рута вяртаецца ў Полацак, думала маці Анастасся. Вось які выпадак патрабаваўся - ваўкі і кроў. Вось хто паведае Ізяславу ўсю праўду, усё яе жыццё. Няўжо кроў Рудога адкрые дарогу і ёй... Ужо і забылася Рута на Полацак, а прыйдзе туды першай. Няўжо так багі наканавалі, тыя тры старыя...
Праз два тыдні Рута пакідала Заслаўе, маючы берасцянае пасланне да Ізяслава. Поп Сымон запісаў на бяросце словы маці Анастассі: «Сын мой, князь Ізяслаў. Рута цябе гадавала. Выслухай яе і паклапаціся. Чакаю цябе, сын. Княгіня Гарыслава».
Анастасся праводзіла сяброўку да Свіслачы. Упершыню яны так разлучаліся, і магло стацца, думала кожная, назаўжды. Шлях быў няпросты, ды маці Анастасся верыла, што Рута абавязкова дабярэцца. Цівун даў тры вазкі, да Нямігі даедуць, а там да якога абоза на Полацак далучацца - і дзён праз дзесяць Рута ўбачыць князя. А праз месяц-другі ўбачыць сына яна; ён прыедзе...
Увечары ў келлі поп Сымон чытаў ёй з Бібліі. Раптам пачуліся за сцяной лёгкія крокі; з такой асцярожнасцю Сыч раней не хадзіў. «Што ён так падкрадваецца?» - падумала маці Анастасся і нечакана зразумела, чаму і як загінуў Руды. Нібы туман разышоўся, і ўбачыла яна з дакладнасцю відавочцы, што адбылося на лёдзе ў той злавесны дзень. Злучыліся ў адзінства розныя падзеі, і выявілася праўда. Успомніла яна, як Сыч лез на вежу, а Руды адціснуў яму пальцы - нешта ён тады і падслухаў. І яшчэ згадала злы позірк Сыча. А далей было так, казала яна сабе: апоўдні Сыч выбраўся на лёд, затаіўся ў сумётах, а калі Руды праехаў міма, стрэліў яму ў спіну. Ён забіў, а ваўкі з'елі... «Уваходзь, Сыч! - перапыняючы папа Сымона, крыкнула Анастасся. - Чаго мерзнеш, нібы воўк!» Той увайшоў, усміхнуўся: «Вечар добры. Праходзіў міма...» Ох, звярынае, звярынае аблічча! Вось хто ў іх быў важаком... Маці Анастасся дапытліва ўтаропілася ў Сыча: забіў ці невінаваты. У Сыча забегалі вочы - ён, падумала яна, але засумнявалася: яны ў яго заўсёды бегаюць - можа, не ён? Дазнайся цяпер; хто без сумлення, той свайго зла не помніць; калі і стрэліў у спіну, дык ужо і сцёр з памяці - увесь грэх на ваўках.