- Садзіся, Сыч, - пагрэйся, - сказала Анастасся.
- Не, не маю часу, пайду, - не насмеліўся брамнік.
- Ну, тады ідзі. Ідзі.
Ноччу прысніўся ёй сон. Нібыта надыходзіць вечар. Поп Сымон сядзіць у куце і чытае пра гарады. Слухаючы яго, яна таўчэ і кідае ў гаршок цыкуту і для водару пакрысе чабрэц, мяту, мёд. І ўжо булькоча на прысаку зелле. Вось зарыпеў снег, прыстала да сцяны вуха. «Уваходзь, Сыч!» - кліча яна. Ён уваходзіць. «Садзіся, Сыч!» - кажа яна. Ён садзіцца. А поп Сымон працягвае чытаць, ён не чуе і не бачыць, што робіцца ў келлі. «Марозна на двары?» - пытаецца яна Сыча. «Ох, узяўся», - адказвае ён. «Выпі вось, сагрэй нутро», - кажа яна і налівае яму цёмнае, пахучае пітво. «Чаму ж не выпіць, - ківае Сыч, - гарачае добра». Яна паднесла яму коўшык, а ён прыняў. Тут поп Сымон на імгненне замоўк і здзіўлена зірнуў на яе. А Сыч махам уліў атруту ў шырокае горла. «Ну, ідзі, - сказала яна звычна. - Ідзі!» - «Ну, іду», - адказаў Сыч і выйшаў. Поп Сымон змоўк і пачаў пільна ў яе ўглядацца. «Ты не глядзі, айцец Сымон, - сказала яна, - ты далей чытай». Прагуло біла, і айцец Сымон паклікаў яе ў царкву. Яна згадзілася ісці з ім, але на двары скіравалася да надваротнай вежы. Яна паднялася па коўзкай лесвіцы, прайшла міма Сыча, дзівуючы, што ён яшчэ жывы. Яна паднялася на вежу і ўбачыла сонца на захадзе; радасна граялі над лесам вароны. Гэта яны па Сычу граюць, зразумела яна. І сапраўды, той унізе пачаў неяк хістка хадзіць, цяжка ўздыхаць, потым пачуліся яго стогны. Раптам ён палез за ёй наверх. Яна чула як чапляецца ён за драбіну. Нешта ён казаў. Яна пачула: «Заб'ю, заб'ю!» Тады яна нахілілася над лазам і бязлітасна сказала: «Успомні Рудога! Яго ваўкі дзерлі. Вось і табе!» Сыч захрыпеў і памёр. Яна сышла наніз, задаволена паглядзела на мёртвага забойцу і пайшла ў келлю. Тут выліла яна ў печ рэшткі пітва - яны ўспыхнулі сінім полымем... А ранкам прыйшоў да яе поп Сымон і глядзеў на яе з дакорам. «Што, шкада Сыча?» - спытала яна, разумеючы, што ён здагадаўся. - А Рудога не шкада?» - «Бог карае, - адказаў ён. - А табе нашто такі грэх?» - «Бог на тым свеце карае, - не згадзілася яна. - А на гэтым - людзі». Айцец Сымон не адказаў ёй, і яна пачула, як у цішыні крышыцца шчырасць іх сяброўства. «Прабач, маці Анастасся», - сказаў Сымон і выйшаў. Яна зразумела, што ён пакінуў яе навечна. «Сымон!» - закрычала яна і прачнулася...
І пачула, што поп Сымон ціха пастуквае ў акенца. Яна ўпусціла яго і прытулілася да яго як да збавіцеля. «Айцец Сымон, я баюся сябе, - шаптала яна. - Жорсткая раблюся; гінуць з-за мяне людзі, і сама хачу губіць...» - «У цябе не жорсткасць, - суцяшаў Сымон, - ты змарылася. Калі душа стоміцца, ёй страшна, што не дачакаецца»... - «Так, айцец Сымон, бывае мне страшна»... - «Адно людзям выратаванне, - казаў ён, - мацаваць дух». - «Ах, Сымон, Сымон, - шаптала яна, - што дух, калі няма яму прасторы. Адно жывое - сэрца. А спачуванне, суцяшэнне, туга - туман над пустэчай. Што ад нашай тугі Рудому? Што ад спачування Руце? Хата ёй патрэбна, печ, наетыя дзеці - гэта жыццё. І я хачу жыць. І не ведаю як. Я прысніла, што чалавека забіваю, і радавалася. Значыць, і наяве магу... Маўчы, маўчы, айцец Сымон. Я ўсё ведаю пра сябе... Пакладзі рукі на галаву, гарыць мая галава...»
Восеньскім настроем афарбавалася для Анастассі заслаўскае жыццё пасля ад'езду сяброўкі; усё быццам ссунулася ў мінулае, быццам парваўся ланцуг, што ўтрымліваў тут Анастассю; яна адчула свой новы поступ. Без шкадавання хадзіла яна цяпер па мясцінах шматгадовага палону, чакаючы прызначаны час - так ходзяць, збіраючы касяк, буслы. Што ім да восеньскай зямлі, да соннай пожні, да аголеных дубоў, на якіх застаюцца іхныя гнёзды, - яны вяртаюцца ў Вырай, у краіну шчасця, адкуль яны сыходзяць услед за вясновым сонцам, каб нарадзіць і выхаваць сваю змену. А потым, у нейкі дзень, калі нехта падае ім адным зразумелыя знакі: ці вяне лісцё да нейкай асаблівай жаўцізны, ці халодзіць ім ногі ранішняя шэрань, - яны падымаюцца ў паветра, развінаюць белыя крылы і лятуць у паднябесных абшарах да збавіцельнага цяпла даўняй радзімы. Вось і маці Анастасся чакала сваю гадзіну адлёту. Ведала яна і свой шлях, ды раней павінен быў прайсці яго Ізяслаў. Можа, ён і рухаўся ўжо... Бо сонца паціху аблізвала пагоркі, папоўз з дахаў снег, і на дзядзінцы звінеў капеж вясенняга абуджэння. Прыйшоў Вялікдзень, валачобнікі хадзілі па дварах, іх бубны і дудкі абудзілі ў маці Анастассі памяць аб полацкіх велікодных гуляннях; яна думала, што наступны Вялікдзень яна сустрэне там, дзе сустракала яго ў дзяцінстве...