Выбрать главу

Нарэшце, вярнуліся вазакі, што адвозілі Руту. Маці Анастасся даведалася, што князь прызначыў сваю былую няньку глядзець за старэйшым сынам Усяславам, але калі прыедзе Ізяслаў, вазакі не казалі, бо нічога ім пра тое не гаварылі. А нашто князю нешта перадаваць з вазакамі, думала Анастасся, ён - валадар, ён зробіць як трэба. Думаючы пра сына і Полацак, яна для сябе згаджалася нават на самую малую перамену - вярнуцца, а там жыць так, як тут, чарніцай. Хоць такое замірэнне з лёсам трымалася ў патайніку сэрца, як апошняе жаданне; хоць яно не вяртала ёй княжацкай годнасці, маці Анастасся адшуквала ў ім радасць. Сын - князь, няхай гаспадарыць; ёй улада не патрэбна; чорнае яе адзенне - памяць па бацьках, па гадах пакутаў; яна будзе жывой памяццю Полацка. І хіба не радасць жыць блізка, бачыць сына, унукаў, хадзіць па знаёмых сцежках. Калі дадуць ёй выбіраць такую долю - яна выбера.

Прайшоў Вялікдзень, растаў снег, салаўі прапелі за Свіслаччу, аздобіў зямлю месяц травень, а Ізяслава ўсё не было. Дзень па дні хадзіла маці Анастасся да Свіслачы і чакала сынаў струг. У гэтым цярплівым чаканні нешта тужліва раставала ў душы, як апошняя свечка. Вось і загас агеньчык - аднаго дня Анастасся зразумела, што чакае дарэмна. Не, ён прыедзе, ён безумоўна прыедзе сюды, але калі-небудзь потым, у невядомы час. А ёй неабходна зараз. Яна не жадала жыць у невядомасці, увесь час яе чакання працёк, яснасць - вось што ёй патрабавалася, а менавіта яснасці сын не даваў. Маці Анастасся разгадала, чаму ён маўчыць і не едзе. Але што здагадкі - яна павінна сама ўбачыць, пачуць, выказацца. Так, цяпер ён князь, яна адкупіла яму дзедаўшчыну гадамі свайго скалечанага жыцця, але ж яна маці-княгіня. Яна ні перад кім не вінавата, нікому не вінна. Няма на ёй граху. Дык нашто ёй чакаць? Ён мог узвысіць сябе прыездам, ён прыніжае сябе маладушшам маўчання. Хто ж ён цяпер? Ці Рута не сказала яму? Ці ён, дарослы, па-ранейшаму верыць у хлусню старога, бессаромнага грэка?..

І маці Анастасся вырашыла ісці. Не адкладваючы, сабрала яна торбачку і пайшла ў царкву развітацца з айцом Сымонам.

- Сымон! - паклікала яна ад парога.

Ён падышоў да яе, зазірнуў у вочы.

- Ідзеш! - зразумеў айцец Сымон і не здолеў стрымаць слязы.

«Ты чакай мяне, Сымон, - шаптала яна. - Я вярнуся. Можа, я вельмі хутка прыйду. Не забывай мяне. Мне трэба ведаць, што ты чакаеш. Я заўсёды хацела любові, Сымон. Бацькоўскай, сынавай, мужавай... А ёсць у мяне толькі твая любоў, самая шчырая. Яна і прывядзе мяне назад... Але не магу не пайсці. Зразумей...»

«Разумею. Вяртайся, маці Анастасся. У мяне толькі бог ды ты. Бог на небе, а на зямлі - ты адна. Я ведаў, что ты пойдзеш. Але калі не выйдзе там шчасця - вяртайся. Не хадзі па другіх гарадах...»

«Куды ж яшчэ хадзіць? - шаптала яна. - Мы ўжо назаўжды разам...»

«Бог нас звёў, Анастасся, - шаптаў ён. - Ён даў нам любоў. Святая яна. Імя тваё для мяне святое. Буду паўтараць яго як малітву...»

«А я тваё, Сымон».

Ён пайшоў праводзіць. Прайшлі разам вярсты дзве за горад. На пагорку Анастасся спынілася: «Расстанемся, Сымон!» - «Бывай, маці Анастасся!» - сказаў Сымон. «Бывай, айцец Сымон!» - адказала яна, закінула за плечы торбачку і пакрочыла ўніз, пакідаючы сляды на мокрым пяску. Але на павароце яна азірнулася - поп Сымон нерухома стаяў на пагорку. Яна развітальна махнула яму, рушыла наперад і засталася адна...

Паднялося сонца, лес поўніўся птушынай гамонкай, высока над лугам віселі жаўранкі - маці Анастасся пачула сябе вольнай. Нішто не страшыла яе. Цяпер яна і не ведала, што хацела знайсці. Сына? Так, сына, калі ён дастойны, велікадушны. Калі ў яго ёсць княжацкая годнасць, ён сам назаве яе княгіняй Рагнедай. Калі злы і абачлівы, сам пазбавіць сябе маці. Ёй ніколі не давалі выбіраць, яна жыла па чужых вырашэннях, нават думкі былі не яе думкамі, а думкамі абароны, адпору, заўсёды нейкімі нячутнымі нікому, але цяжкімі спрэчкамі. Вось толькі зараз, упершыню, ідзе яна ўласнай воляй. Не вязуць яе на колах, не сядзіць яна ў струзе, не душыць яе Дабрыня, не пільнуе Бедавей, не крадзецца следам нікчэмны Сыч. Нікога. Сама. І хто яна для другіх людзей? Ніхто. Чарніца, падарожніца з чужаземным імем Анастасся, якая ідзе ў Полацак да сваякоў. Даўно няма на свеце Рагнеды, век назад згінула яна, згвалчаная ноўгарадскім князем. І княгіні Гарыславы няма на зямлі, звялі яе княжацкі поп і князеў дзядзька дзеля спакою візантыйскай цароўны. А ёсць інакіня Анастасся, і ёй радасна, што акаляе яе вольны свет, лясныя і балотныя сцежкі рознага кірунку...