Выбрать главу

У прыцемках згубілася дарога - прывяла на луг і знікла ў высокай траве; адшукаць яе Анастасся не здолела. Яна павяла старых на пагорак, пасадзіла і занялася вогнішчам. Сляпцы супакойвалі яе - знойдзецца сцежка. У нас усе простыя сцежкі старцамі пратаптаныя, казалі яны; князі, ваяры, усе відушчыя - па вадзе могуць, а нам не бачна, дзе горш, дзе лепш - мы прасцяком. Толькі добрую сцежку не праб'еш малым лікам ды босымі нагамі. Але ранкам адчуюць яны стары след... Так, яны сляпыя, не бачаць знешняга, ды адчуваюць лепш за відушчых. Замест зроку багі ім чуццё даюць. Відушчы часам больш сляпы за іх, бо толькі знешняе бачыць, яны - нутраное, сэнс... «Які ж у нашым жыцці сэнс?» - спытала Анастасся. «Кожны свой мае», - адказвалі старцы. У іх такі: ходзяць яны па зямлі, глядзяць на іх людзі, баяцца такой бяды, спачуваюць, дабрэюць - даюць есці, даюць прытулак. Адно блага - трэба хадзіць; каб свая воля - сядзелі б увосень і зіму ля печы, а вясной і ўлетку - на прызбе. Але ж няма дзе; хоць дождж, хоць мароз, хоць разводдзе - хадзі ад вёскі да вёскі, пакуль не сканаеш...

Паціху напаўзаў на іх сівы вячэрні туман, закрываючы луг, кусты, сцяну блізкага лесу. Знік свет у гушчыні туманаў, быццам і не было нікога, апроч маці Анастассі і трох старцаў, што грэліся ля агню. Раптоўна лёгкі шолах пачуўся ўверсе, Анастасся ўзняла вочы і ўбачыла - плыве над імі сівая, як і туман, птушка; хутка і знікла яна ў тумане, нібы была прывід; і хутка прагучаў рэзкі, гаротны крык, быццам дзесьці блізка за туманнай заслонай абарвалася жыццё.

- Лунь! - сказалі старцы. - Памёр нехта. Ён заўсёды на смерць крычыць.

Смутак ахапіў маці Анастассю. Усіх серабрыць жыццё, пазначае гады цярпення, падумала яна. Можа, па смерці душа абяртаецца ў сівую птушку і ляціць скрозь туманы, як лунь, да нейкага памятнага месца і з гаротным крыкам рассейваецца над ім празрыстым, як сляза, пылам...

Ранкам сцежка аб'явілася. Старцы выстраіліся гужам, паклалі адзін аднаму на плячо руку і пацягнуліся за Анастассяй па лесе, ціха пастукваючы кійкамі. Як розна людзі свой век жывуць, думала Анастасся. Адны ў палатах мяркуюць, каго б яшчэ далучыць, прыціснуць, пабіць, другія ходзяць з кійкамі па сцежках, каб людзі баяліся далучаць, прыціскаць, біць, бачачы такія вынікі. А маё жыццё і не такое, і не гэтакае. Сляпцы хоць свае быліны нясуць людзям, а я з чым іду - са скаргай. Не, сын мой Ізяслаў, вось невідушчыя, але ж міласціны не просяць - вячэрай і начлегам ім дзякуюць, а мяне забівалі, у самоце пратрымалі дзесяць гадоў, і мая быліна - гэта начныя стогны. Чаму ж старцам пра гэта не ведаць? Вяцічаў князь Уладзімір пабіў - ратны подзвіг. А мяне забіваў - як назваць? Няхай спяюць старцы ў Полацку - дзеля праўды і вяртаюся. Але аповяд свой маці Анастасся адклала да начлегу. Прыцемкамі прыйшлі яны ў вёску. Каля старцаў сабраліся людзі, прынеслі лаўку, старыя селі, пра нешта пашапталіся і запяялі. Хрыплыя слабыя галасы нібы плакалі, ламаліся на канчатках словаў, няспешлівыя ўздыхі зліваліся ў сіплы гуд. Пустыя вачніцы сляпцоў быццам прасякалі час і прастору; здавалася, што людкі апавядаюць пра чалавечую нядолю...

Пад ранак маці Анастассі прысніўся сон, што Бедавей і Дабрыня ў заслаўскай царкве выпалілі ёй вочы. Яна апынулася ў цемры і не рухалася, ведаючы, што яе паставілі на беразе Свіслачы, ля віру; калі зробіць крок - патоне. Раптам чыясьці рука павяла яе ад віру. Яна дакранулася выратавальнай рукі і пазнала руку Ізяслава. Нічога не бачачы, яна ўсё чула і разумела. Ён вадзіў яе па гарадах, дзе жылі яго браты і сёстры. Начнымі палямі пад крыкі драчоў прыйшлі яны ў Ноўгарад. Яна не ўяўляла, які гэта горад, але ведала, што недзе блізка Яраслаў, і адчувала маўклівую зачараванасць натоўпу, які глядзеў на пустыя яе вачніцы. Яе пасадзілі на лаўку, яна пачала пець пра трох старых, якія абяцаюць, падманваюць і руйнуюць. Нехта падышоў і пацалаваў яе ў скронь. Яна зразумела, што гэта Яраслаў і што ён просіць дараваць яму. Яна даравала... Цяпер яны ішлі зімовай дарогай; яна трымала руку на сынавым плячы, а навокал былі ваўкі... Яны апынуліся ў нейкім невядомым горадзе, у атачэнні чужых, варожых людзей, сярод якіх нехта моўчкі плакаў. Яна здагадалася, што плача, спачуваючы ёй, дачка Прадслава. Раптам сляза ўпала ёй на шчаку і сцякла па зморшчынах на губы. Яна адчула гаркоту слязы і сама наўзрыд зайшлася...