Выбрать главу
2

Сказала Рагнеда «пайду», ад'ехалі кіеўскія сваты, і пабегла полацкае жыццё далей з ранейшым раскладам дзённых справаў і звычнымі вячоркамі. Нішто, здавалася, не мела парушыць спакойнага чакання радаснага лета, як неспадзявана абвясціла пра сябе, ствараючы сумятню, пабочная сіла... Аднаго дня прымчаў да князя вястун з ноўгарадскага сумежжа і здзівіў Рагвалода навіной - едуць да Рагнеды сваты з Ноўгарада, ад князя Ўладзіміра. І зноў пабегла па дварах полацкага пасада пагалоска, гэтым разам трывожная: не быць дабру, калі два браты да адной дзеўкі падступаюцца... Зноў сышліся ў княжай хаце блізкія Рагвалоду баяры; нічым не рознілася іх меркаванне ад пасадскага - пагражае бедства, непазбежная ўлетку вайна. Калі Ўладзімір не чуў пра сватанне Яраполка, дык разлічвае ўзмацніцца полацкім палком, запалохаць брата такім узмацненнем. Калі ж ведае пра сватаўство і пра згоду Рагнеды, то ноўгарадскія сваты - выклік Кіеву і абраза Яраполку: насмеліўся малодшы брат памерацца мечам са старэйшым. Аднак, калі ведае - то выклік і Полацку. Адмовіць яму - ворагі назаўжды. Ды, хутчэй, невядома Ўладзіміру, інакш не наважыўся б: за Яраполкам вялікая кіеўская сіла, а што за Ноўгарадам? Не, не ведаў Уладзімір; здаецца яму, што апярэджвае брата, ужо, відаць, радуецца поспеху простай сваёй хітрасці, а на яве цягнецца за хвастом Яраполка - малодшы і ёсць малодшы. Радніцца ж Рагвалоду з Уладзімірам, Полацку з Ноўгарадам - карысці небагата: не сцерпіць Яраполк братаву самастойнасць, небяспечнае ноўгарадскае аддзяленне. І чаго варты Ўладзімір? Мала што яму хочацца; усім многа хочацца, ды абраным даецца. А ісці з Уладзімірам на Яраполка - усё роўна ісці на Кіеў, бо туды памкнецца малодшы Святаславіч; пэўна, спіць і бачыць сябе на кіеўскіх горах, на бацькавым месцы. У любым выпадку б'юцца браты за кіеўскі сталец. Што ж выходзіць: ці з Яраполкам сцішаць Уладзіміра ў Ноўгарадзе, ці з Уладзімірам здабываць Кіеў. Дык якая Полацку выгада - мяняць старэйшага брата на малодшага? Не, вырашылі князь Рагвалод і баяры, трэба адмовіць слабейшаму ноўгарадскаму князю. Не на сваё месца нацэліліся малады рабыніч і дзядзька ягоны, былы халоп, прываротнік. Радаваўся б, што даў бацька княжанне, ды сядзеў бы ціхай мышшу на сваім Ільмені... І яшчэ вазкі ноўгарадцаў не з'явіліся на Дзвіне, а ўжо складзены быў адказ, і завучыла яго Рагнеда. Тое мусіць яна казаць, што бацькам абдумана: яго розум, яе вусны...

Сустрэлі ноўгарадцаў прыветна, нібы не ўцяміўшы мэты прыезду, далі адагрэцца і пачаставалі - ды і чаму злаваць на іх? Ні ў чым гэтыя людзі, што з паўмесяца мерзлі ў дарозе, не вінаватыя - не ўласнае жаданне пасадзіла іх у вазкі і пагнала за тысячу вёрст. Наступным ранкам выспаныя госці абвясцілі сваю пасольскую справу. У вас ёсць птушка, а ў нас ёсць лавец, казалі сваты, у вас - князёўна-выданніца, а ў нас малады князь, мо, яны адзін аднаму - суджаныя... Рагвалод адказваў, што ёсць у іх дачка, але малая гадамі, слабая на здароўе, яшчэ пры маці сядзіць, лаўцоў пакуль што баіцца, а да каго яе сэрца пакліча, не бацькам вырашаць, тут яна сама сабе загадчыца... Нарэшце паклікалі Рагнеду. І зноўку апынулася яна пасярод хаты, і ноўгарадскія сваты разглядалі яе, а яна пакланілася ім і апусціла вочы, ды ўжо не ад сораму, як было перад кіяўлянамі, а з-за шчымлівай няёмкасці, што праз хвіліну пачуюць яны крыўднае слова. Усе тыя бацькавы дарадцы, што сведчылі першае сватанне, зараз глядзелі з няшчырай цікаўнасцю, і смуткам адклікалася ў душы Рагнеды разлічаная і ўскладзеная на яе хлусня гэтай сустрэчы з прыбыльцамі і абвяшчэння нібыта ўласнага сардэчнага пачуцця нібыта самой падабранымі словамі. Без увагі выслухала яна бацькава пытанне: ці жадае яна стаць жонкаю ноўгарадскага князя Ўладзіміра?

- Не! - рэзка адказала Рагнеда. - Не хачу разуць рабыніча! Пайду за Яраполка! - пакланілася аслупелым сватам і пакінула пакой з палёгкай на сэрцы ад скінутага прыкрага абавязку.

Ноўгарадцы, сцяўшы зубы, адкланяліся, выйшлі на двор, моўчкі дачакаліся, пакуль запрагуць коней, пасядалі ў вазкі і паімчалі прэч. Маркотна рыпелі па лёдзе палазы, і чулася ў пакрыўджаным сціхаючым рыпе нейкая цьмяная пагроза. Але пагнаў вецер замець, закружыліся на Дзвіне снежныя віхуры, і ўсё знікла з вачэй - быццам і не прыязджаў ніхто. А крыўдна ноўгарадцам ды іхняму князю - дык што, не дагодзіш кожнаму на белым свеце. Ды і хто не крыўдзіцель? Кожная птушка свайго гнязда пільнуе. Хоць крыўдным словам адмоўся, хоць лагодным - не мяняецца вынік адказу. Яднаюцца Кіеў з Полацкам, а Ўладзімір у Ноўгарадзе застаецца адзін супроць двух; прыйдзецца яму перад братам схіліцца...