Выбрать главу

Цяпер маці Анастасся ішла шпарка, цяпер кожны крок набліжаў яе да шчасця. Душа яе святкавала: яна ідзе да любага, да мужа, ён чакае яе, яны злучацца ў сям'ю і будуць глядзець наперад, а не азірацца назад, на спаленыя ранейшыя жыцці... Маці Анастасся ляцела знаёмай сцежкай, уздоўж узлескаў, ад броду да броду, ад вёскі да вёскі, дзе зноў давалі ёй прытулак знаёмыя людзі...

Вось ужо перавезлі яе цераз Бярэзіну, вось за спінай Цна, Гайна, Усяжа і Пліса, вось на сутоках Свіслачы і Нямігі бачыць яна нямігскі дзядзінец, і сцежка прыводзіць яе на пагорак, дзе развітвалася з айцом Сымонам, вось і Заслаўе - замчышча, надваротная вежа і стаіць на вежы Сыч... Маці Анастасся ўваходзіць у царкву. Там пуста, і не гарыць перад абразом Хрыста лампадка. Яна ідзе да хаты айца Сымона, адчыняе дзверы, кліча з парожка: «Айцец Сымон!» Няма водгуку.

Анастасся азіраецца і садзіцца ў кут чакаць. Вось ён, яе агмень, яе новы дом! Тут пражыла яна свой добры год з Ізяславам, тут будзе яна жыць з айцом Сымонам. Яна ўяўляе калыску, у якой будзе калыхаць іх дзіця, - ёй шчасліва.

Трэба было б падняцца і запаліць печ, але Анастасся не варушыцца, яна чакае, яна прагне пачуць рып дзвярэй і родны голас, які запытае: «Маці Анастасся! Ты прыйшла, маці Анастасся?» А яна адкажа: «Не маці Анастасся, айцец Сымон, - твая жонка!» І падымецца, і абдыме яго, і запросіць: «Садзіся, Сымон, я разую цябе!»

Цягнулася гэтае апаляючае чаканне, пакуль не зарыпеў за сцяной пясок - яна пазнала нагу Сыча. «Уваходзь, Сыч!» - крыкнула яна. Той увайшоў, замяўся каля парога. «Вярнулася, княгіня», - сказаў ён, і яна здзівілася, бо ніколі раней брамнік так яе не называў. «Блага табе будзе тут», - сказаў Сыч. «Чаму ж блага?» - не згадзілася яна. «Няма папа Сымона!», - адказаў ён і ўздыхнуў, нібы скінуў з сябе ношу. «Дзе ж ён?» - запыталася маці Анастасся. «Вешчуны нажамі зарэзалі, - адказаў Сыч. - Пойдзем, княгіня, пакажу магілку...»

Ён прывёў яе да ракі. Блізка ад крыжа яна ўбачыла свежы магільны пагорак. «Вось, - кіўнуў Сыч. - Тут ён...» Маці Анастасся ўпала на магілу. Сыч пастаяў і пайшоў на вежу...

Ён вярнуўся за ёй у цемры. Анастасся сядзела каля магілкі, разгладжваючы халодны пясок. Ён праводзіў яе да келлі, з'явіліся Праскоўя і Ефрасіння, пачалі плач. Пачуўшы рыданні, маці Анастасся ацвярэзела. «Ідзіце, людзі, - спакойна сказала яна. - Я хачу адзіноты». Манашкі і Сыч выйшлі. Яна закрылася на зачэпку і легла на лаўку. Толькі тут яна прыкмеціла, што гарыць лучына. Маці Анастасся загасіла аганёк і зноў паклалася. Цемра агарнула яе. Яна прыгадала лес, у якім паказаліся ёй старыя, - вось калі забілі айца Сымона; у тую хвіліну, калі яны прынеслі ёй вестку. Ды яна не зразумела. Яна пакінула Полацак, ішла да Сымона, марыла жыць з ім, а ён, пакінуты, адзінокі, пайшоў прасвятляць людзей, і вешчуны сустрэлі яго і зарэзалі, як некалі кметы Ўладзіміра зарэзалі яе бацькоў. Тады нож адабраў бацьку і маці, цяпер - мужа. Яна спяшалася сюды ўжо да нежывога. Няма айца Сымона, памёр яе сябра і абраннік, не будзе чацвёртага жыцця. Таму і сказаў Уладзімір, што выканае. Яму няма чаго выконваць, усё споўніцца без яго клопату і загаду... Пустата і маўчанне. Чорная пустка, па якой няма куды ісці. Курган у Полацку, магіла тут - і між імі пакрытая попелам дарога. Яна рухалася па ёй дваццаць год, паўзком, па гразі, у крыві, паміраючы, мяняючы душу і імёны. А лёс сачыў за ёю, і толькі падымалася яна на ўвесь рост, каб уздыхнуць, дакрануцца да радасці, - ён біў яе ў спіну і дзівіўся, што не насмерць, што ахвяра зноў ачомалася, паўзе, хрыпіць і верыць, што дасягне свайго шчасця. І вось яна ў конавай мяжы - ля магілы, а далей бясконцая пустэча, зацягнутая мёртвымі туманамі. Цяпер любое слова, любая думка пазбаўлены сэнсу. Айца Сымона няма, няма жыцця, а скруха, памяць, галашэнне - гэта і ёсць пустата. Ён там, яна тут. Нашто ён там, нашто яна тут?..