Вясной, калі сышоў лёд, выправілася заслаўская паўсотня на чале з цівуном у Кіеў. І Сыча ўзялі ў гэты паход. Настала поўная воля - ідзі куды цягне: хоць у Полацак, хоць да памаранаў. Але далей за пяць вёрст ад дзядзінца Рагнеда не хадзіла. Куды ісці? Удваіх з сынам, з торбай на спіне? Так старцаў водзяць павадыры, ім хлеб даюць, шануючы невідушчасць. А хто яе з шасцігадовым сынам уважыць? Княгіня, княжыч! Дзе ахова твая, калі ты княгіня? Дзе ваяры, коні, скарб, грыўні? Дзе твае землі? Няма нічога, галота, усё табе трэба адваяваць у твайго былога мужа. Няўжо так дорага каштуеш? І ў Полацку не лепшы будзе прыём. Вось і воля: ніхто не трымае, у любы бок можна ісці, але нідзе іх не чакаюць, не прымуць, для ўсіх яны чужынцы, бо не маюць сілы. Выседжваць сілу трэба тут, у заслаўскім гняздзе; не ўцякаць, страціўшы розум, а цярпець, рыхтавацца. Жыццё не канчаецца, невядома яшчэ, якія змены летні паход прынясе. Раптам заб'юць князя Ўладзіміра ў паходзе - ніхто не загавораны; забілі ж яго бацьку печанегі; дзякуючы той смерці і Ўладзімір выйшаў на прастору, а пры жывым Святаславе сядзеў бы ў Ноўгарадзе па сённяшні дзень... Трэба чакаць, пераконвала сябе Рагнеда, трэба сэрца ў цуглях трымаць, яно кліча наперад ад нецярплівасці - і завядзе ў твань... Вось вернуцца ваяры, паслухаем, дзе што робіцца, жывыя ці ўжо мёртвыя кіеўскі князь і ягоны дзядзька, - вось тады і праясніцца, як жыць наступны год...
Пасля русалля вярнуўся ў горад цівун і прывёз ашаламляльную вестку: князь Уладзімір замірыўся з рамеямі, прыняў грэчаскую веру, і плыве да яго з Царгорада новая жонка - сястра кесара Васіля. А за гэтую новую жонку Ўладзімір паслаў Васілю шасцітысячнае войска - задушыць нейкае там паўстанне. І заслаўскія ваяры ўжо ваююць у Царгорадзе... Рагнеда памятала Вользіну царкву ў Кіеве, хадзілі туды грэчаскія купцы. У грэкаў толькі адзін бог, і хто на яго моліцца, больш адной жонкі мець не можа. Калі дзве - лічыцца вялікі грэх. А Ўладзімір меў шэсць! Вось гэтая недарэчнасць і захапіла думкі Рагнеды. Кім жа цяпер сталі гэтыя жонкі? Свабоднымі? Ад'едуць на радзіму? Алова да сваіх варагаў? Мілаліка ў Балгарыю? Адэля да чэхаў? А ёй, выходзіць, можна ў Полацак? А з дзецьмі як? Іх з маткамі на радзіму? Рагнеда паклікала да сябе сведкаў хрышчэння для падрабязных роспытаў. Аказалася, што хрысціцца іх прымусілі сілай; бачылі яны, як сустракаў Уладзімір грэчаскіх папоў; затым загадалі ўсім схадзіцца да Пачайны; у першы дзень мала прыйшло, тады князь прыгразіў. Былі бойкі нязгодных з дружыннікамі, шмат людзей загінула ў тых бойках, але сабралася ўсё ж кіеўскае насельніцтва на бераг. Тут грэкі загадалі ўваходзіць у раку разам з дзецьмі, махалі крыжамі, курыльніцамі; хто ў вадзе быў, таму далі крыжык, каб на грудзях насіць. Грэчаскі бог мае імя Ісус. Ранейшых сваіх багоў на капішчы пасеклі, а Перуна прывязалі пастронкамі да клячы, правалаклі з гары і кінулі ў Днепр... А царгарадская жонка? А ранейшыя жонкі? - пыталася Рагнеда пра самае важнае для сябе. Пра іх хрышчоныя заслаўцы нічога не ведалі...
Зноў апынулася яна ў невядомасці лёсу, а шчыра думаць, як бальшыня заслаўскага жыхарства, што багі пакараюць кіеўскага князя за здраду дзедаўскай веры, не дазваляла ёй веданне князя. Калі і дружына з ім, і стары Дабрыня ахрысціўся, і залезлі ў Днепр кіеўскія баяры, і ўзяў ён жонкай рамейскую цароўну, значыць усё ім пралічана, абдумана, узважана і нішто яму не пагражае. Любіць яго ўдача, нават ад нажа, ад пэўнай смерці засцярог яго лёс. Не, не будзе помсты багоў. Зламаў ён іхную сілу. Дзёрзкі, адважны чалавек князь! Вырашыў - і пасеклі багоў на трэскі тыя ж людзі, што мінулым днём ім маліліся. Тысячу гадоў ім ахвяры насілі, ніхто не мысліў адрынуць ці адарвацца. А ён насмеліўся. Дык гэта ж багі! Яны жыцці ў руках трымаюць! Калі іх не пабаяўся, дык што для яго людзі, што для яго яна... Ужо, пэўна, вырашыў, як з ёй абысціся. Цяпер яна для яго нават не былая жонка, яна - маці заслаўскага князя... Цьмяная трывога, прадчуванне новай бяды апавілі яе: князь жорстка распраўляўся з мінулым, а яна была яго мінулым, яна марыла паўстаць, яна хацела вярнуць сваю даўніну. А ёсць і незабыўнае: яна замахвалася на яго жыццё, да смерці будзе на ім знак яе жадання. І новая жонка, грэчаская цароўна, запытае: скуль гэтая рана? печанегі, яцвягі, балгары нанеслі? А ён мусіць адказаць: не, жонка. А зараз дзе яна, гэтая твая жонка? Не, не можа князь даць ёй поўную волю. Услед за ідаламі Сварога, Перуна, Мокашы, Хорса павінны загінуць людзі... Выходзіла, што ён прыедзе і растопча яе. «Калі? Як? - думала яна. - Што ён зробіць з Ізяславам?» Гэтая думка, боязь за лёс сына пазбаўлялі яе спакою. Гадзінамі хадзіла яна ўздоўж ручаіны, намагаючыся разгадаць прынятае князем рашэнне. Неяк у хвіліну такога роздуму ёй зноў паказаліся тры старыя, яны глядзелі на яе з мутнай свіслацкай вады са звычнай сваёй абыякавасцю. У Рагнеды не засталося сумніву: гэтым разам Уладзімір яе заб'е.
Яна пайшла да вешчуна і ўзяла з сабой Ізяслава.
- Часам бачу я трох старых, - сказала яна вешчуну. - Яны прыходзяць перад няшчасцем, быццам вядуць яго за сабой, як павадыры...
- Гэта багіні, - разумеючы, кіўнуў стары. - Мара падманвае, Карна шкадуе, Яга заб'е.
Рагнеда задумалася. Думала яна пра тое, што ў кожнай з багіняў свая чарга, а з'явіліся яны не ўпершыню...
- Не гадай, - спыніў яе вяшчун. - Няма на табе знака смерці.
- А які на мне знак?
- Спадзеі, - адказаў стары. - Не ва ўсім ты яшчэ падманулася.
- Скажы, а які на ім знак? - Рагнеда выставіла наперад сына.
- Жыцця, - ледзь зірнуўшы, сказаў стары.
- Жыццё праходзіць па-рознаму, - запярэчыла Рагнеда. - У парубе сядзець таксама жыццё...
- І ў парубе пасядзець не зашкодзіць, - адказаў вяшчун. - Пыха рухае вамі, і няма сэнсу ў вашых жаданнях.
- А ў чым сэнс? - спытала Рагнеда.
- Выстаяць жыццё. Не сагнуцца.
- Ну, не сагнуся. А далей што?
- А далей - смерць.
Рагнеда міжволі здзівілася.
- Што, здаецца, мала? - сказаў вяшчун. - Не тая ўзнагарода?
- Так, мала, - прызналася Рагнеда.
- А ты пратрымай груз жыцця, каб спіна не зламалася, не трэснуў хрыбет.
- Што ж тады наш лёс?
- А што мы ведаем пра яго? Ад яго не схаваешся. Таму і баяцца няма чаго людзям.
- Чаму ж людзі баяцца?
- Пакорлівыя, - адказаў вяшчун.
На пачатку бабінага лета спраўдзілася трывожнае прадчуванне: з'явіўся ў Заслаўі Дабрыня і прывёў з сабой тысячны полк, які хутка аколіў горад павецямі і буданамі. Рагнеда, пачуўшы ад Рудога ненавіснае імя, разумела, што неўзабаве яе зарэжуць, - ніякая іншая мэта прыходу Дабрыні ў горад ёй не ўяўлялася.
Увечары стары забойца зайшоў да яе ў хату. Яна ведала, што ён прыйдзе, і чакала яго, трымаючы пры сабе Ізяслава. Дабрыня павітаўся з ёю, пагладзіў па галоўцы княжыча, свайго пляменніка, і грузна прысеў на ўслон. Вочы яго з нейкай савінай нерухомасцю разглядалі маці і сына. «Зараз кіпцюры пакажа», - падумала Рагнеда, не верачы соннаму выгляду старога баярына. Так і здарылася. Без адкладу нанёс Дабрыня першы ўдар, разбурыўшы трыма словамі надзейную, здавалася, дакладнасць яе разлікаў. Сказаў жа ён нетаропка, што загінуў яе дзядзька князь Тур.
- Значыць, і сыны яго загінулі, - сцвярджальна адзначыла Рагнеда.
Дабрыня згодна кіўнуў. Яна прыгадала полацкую бойню і ўявіла, як калолі нажамі яе тураўскіх сваякоў. Не ўтрымаўся Ўладзімір, каб не высекчы і тураўскую галіну роду. Яна запыталася, як загінуў Тур.