Выбрать главу

- Відаць, - сумняваецца Рута, але знаходзіць падставу для ўпэўненасці: - Якія ж ловы ў цемры?

Маці Анастасся і задаволеная, што Руды паехаў патаемна ад жонкі, і ўсё ж нейкая горыч асаджваецца на душы. Яна адчувае гэтую халодную шэрань крыўды. Маці Анастасся разумее, што Руды стрымаў слова, каб не спрачацца з жонкай, не пачуць разумную, але досыць нячулую забарону: «Лепш сядзі ў хаце і не сунься не ў сваю справу. Ёй нічога не будзе, а табе - яшчэ невядома. Мала свайго не зроблена?» Ці больш жорстка: «Хацелася б сынам пабачыць матку, даўно б з'явіліся. Яны не хочуць - а ты вестуном ляціш».

Анастасся пасядзела яшчэ колькі, адчуваючы сваю непатрэбнасць, і пайшла да сябе. Разумела яна сваю даўнюю сяброўку: прыняла Рута, як і ўсе тутэйшыя людзі, што княгіньцы з чарніц не ўзняцца. Ды і хто не страціў бы веры ў магчымасць для яе нейкіх пераменаў; апошнім уборам вісела на ёй чорная зношаная манаская раса.

Маці Анастасся села ў кут, і думка яе дагнала Рудога на ледзяной дарозе. Рысіць яго конь сярод высокіх прырэчных сумётаў, разносіцца рэхам тупат, і хутка, думае маці Анастасся, усё пачне здзяйсняцца... Спраўдзіцца яе мара: прыедзе сын, яна скіне чорную хламіду, абдыме ўнукаў, Ізяслаў забярэ яе ў Полацак і княжацкім імем будуць клікаць сваю бабулю маленькія Ўсяслаў і Брачыслаў... Няхай імчыць Руды - адзіны яе кмет і памочнік. Жывая памяць выратуе яе, зніме той боль, які цярпеў разам з ёю Ізяслаў; ён усё прыгадае: пакуты, паўстанне, любоў, яе казкі, яе наказ. Няхай мчыць Руды, няхай ляціць у Полацак яе гуканне... Яна аддзячыць Рудому за гэтую скачку па Свіслачы ў мароз, за яго веру. Яна возьме з сабой Руту; іх абедзвюх вывезлі дваццаць гадоў назад, з Рутай яна і вернецца. Не, яна не пакіне Руту бедаваць у Заслаўі. Яны прыйдуць у Полацак... Гэта будзе перамога, сапраўднае шчасце пасля шматгадовага вандравання па пакутах...

Цьмяна калыхаліся перад вачыма Анастассі прывіды нейкіх новых зрубаў, надваротных вежаў, княжацкай палаты, дзе ўвечары будуць засынаць у яе на каленях ўнукі, і новай царквы, дзе поп Сымон будзе чытаць людзям пра свайго бога... І ўбачыўся летні ранак ў Заслаўі, апошні дзень заслаўскага зняволення, цівун Серада бяжыць з добрай весткай: «Княгіня, прыбыў твой сын...» Яна здыме чорную змрочную хустку... яна спяшаецца насустрач... і вось ён, яе Ізяслаў, на тым самым месцы, дзе разлучылі іх Дабрыня і Бедавей, і век, што прайшоў з таго дня, ператварыў хлопчыка ў статнага мужчыну, у моцнага Рагвалодавага наступніка, у князя Полацкай зямлі... Яна ўглядаецца ў незнаёмы і такі знаёмы твар, адшуквае памятныя рысы, а ён углядаецца ў твар маці, вяртаючыся праз пражытыя гады ў сваё дзяцінства, не пазнае яе, позірк яго напружваецца, ён прыкладае да яе - сівой, зморанай, змененай маршчынамі - даўні, захаваны ў сэрцы малады яе вобраз. Вось пазнаў, сэрца яго ўздрыганулася, ён ступіў да яе, і сляза ў вачах - жывая вада для яе...

У прыцемках, у звычны свой час з'явіўся поп Сымон, і вечар пацёк заведзеным чынам.

- Што пачытаць табе, маці Анастасся?

- Што хочаш, айцец Сымон.

Сымон рашыў чытаць пра Юду. У былыя чытанні Анастасся спрачалася з Сымонам адносна «вялікай мудрасці, скрытай у гэтым апавяданні». Яна пыталася: «Адкажы, поп Сымон, калі было суджана твайму Хрысту пакутаваць, дык і гэтаму Юдзе было суджана здрадзіць? Аднаго твой бог-айцец паслаў на крыж, другога - атрымаць за гэта грошы. У чым жа віна яго, калі выканаў божую волю?» Поп Сымон пярэчыў: «Дванаццаць вучняў было ў Хрыста. Усе маглі здрадзіць, ды здрадзіў адзін, дзеля карысці. Вялікі тут сэнс: заўсёды здрада можа знайсці слабага духам. І мы, памятаючы пра гэта, павінны выпаляць у сябе карыслівасць і слабасць». Але зараз не адгукнулася на павучальны сэнс лёсу здрадніка: падкрэсліла срэбра грубасць яго здрады. А калі не за срэбра здраджваюць - як тых назваць? Хіба ёй самой так не здраджвалі?

Поп Сымон, прыкмеціўшы ў Анастассі схаваны непакой, пачаў чытаць пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. Але і подзвіг цвёрдасці Ісуса не закрануў маці Анастассю. Сорак дзён цярпеў, думала яна. Вось пацярпеў бы ён адзіноту адзінаццаць гадоў. Сорак дзён няцяжка пратрымацца, а калі год за годам спакушаюць забыць сваё - як выстаяць? Нават поп Сымон супраць, лепш будзе яму, калі я ад сваёй надзеі сама адвярнуся. Кожны сваё беражэ; вось і яна не адвернецца, хоць здраджвалі і яшчэ могуць здрадзіць...

«Сымон, добры мой Сымон, - казала яна ўначы, - духам прылучылася я да цябе, бо ты адзіны на свеце, хто любіць мяне бескарысліва, як бедную сястру бедны брат. Любіў мяне бацька, але разлічваў атрымаць за мяне сваё ўзмацненне. Навучалі мяне, Сымон, што дзеля таго я жанчынай нарадзілася, каб прынесці карысць Полацку. Даверлівая, сарамлівая станавілася я перад полацкімі баярамі, а яны, гледзячы на мяне, падлічвалі карысць для зямлі. Магло інакш спраўдзіцца, чым спраўдзілася... Мог Яраполк перамагчы, магла я ўцячы ад Уладзіміра на волаках, магла звар'яцець, кінуцца ў вір, пайсці да вешчуноў, стаць вядзьмаркай... Але спрадвечна была я асуджаная; гэтая асуджанасць па сёння ўва мне - нішто яе не адмяніла. Таму не вінавачу полацкіх старых, што вырашалі маё жыццё, як жыццё авечкі; так уладкаваны свет, што нікому няма волі, а няма волі - скуль возьмецца міласэрнасць, якой патрабуе твой бог... Усе карыслівыя, і ты, айцец Сымон, таксама: не бярэш ты грыўняў, затое вымагаеш веры. Князь Уладзімір - пакоры... Пакажы мне таго, каму нічога не трэба. Няма такіх! Пакажы мне тых, хто дае і не чакае ўзамен».

«Што пужае цябе, маці Анастасся. Нашто вінавацішся?»

«Адзінота, айцец Сымон. Вымушана прасіць».

«Каго, маці Анастасся?»

«Усіх, айцец Сымон. Адчуваю, усіх прыйдзецца прасіць. А ведаеш, хто просіць? Хто пераможаны. Хто слабы, нікчэмны, каму страшна... Так, горды не просіць - ён церпіць. Калі церпіць, дык і просіць, толькі моўчкі».

«Хто ўзвысіўся, - шаптаў айцец Сымон, - той не просіць і не церпіць. Усё роўна каму рабіць дабро, абы рабіць».

«Адвараціцца, так, айцец Сымон? Для таго мяне і зрабілі чарніцай, каб не была там, дзе хачу. Бо там, дзе хачу, ніколі б чарніцай не была».

І маці Анастасся паведала пра Рудога. Айцец Сымон доўга маўчаў, прымаючы непазбежнасць расстання. Яна адчувала, як ён напружана замёр, і чула біццё ягонага сэрца, і не магла знайсці неабходныя словы - усе былі б ілжывыя.

«Вось і ўсё, маці Анастасся, - глуха прашаптаў Сымон, - летам паедзеш...»

«Раней, айцец Сымон. Спадзяюся, на Вялікдзень».

«Памажы табе бог, маці Анастасся, - шаптаў Сымон. - І за гэта памалюся».

«Пачакай, айцец Сымон, пачакай развітвацца. Гэта ж не заўтра».

«А нібы як цяпер. Так балюча, маці Анастасся...»

З ранку час пацягнуўся запаволена. Хоць раней поўдня, лічыла Анастасся, вярнуцца Руды не мог і не мог прыйсці да яе, не прабыўшы пэўны час дома, яна сядзела ў насцярожанай увазе, чакаючы стукату ў дзверы. І думаць пра што іншае не ўдавалася.

Удзень яна пайшла сустракаць Рудога каля варот. Маці Анастасся паднялася на вежу. Дарэмна ўглядалася яна ў далечыню дарогі - ні конны, ні вазок, ні пешы на лукавінах Свіслачы не мільгалі, і цішыня, пустэльнасць ракі навейвалі трывогу. Прачакаўшы гадзіну і яшчэ столькі ж, маці Анастасся ўсхвалявалася і пайшла да айца Сымона.

- Айцец Сымон, нешта мне страшна. Папрасі каго з вазком, праедзь насустрач...

Той пачаў збірацца. Даволі хутка ён на вазку з дзесяцкім выехаў з горада. Маці Анастасся адстаяла на сцюдзёным ветры да іх вяртання. Вазок ішоў гонка, ды змрочна сядзелі ездакі. Анастасся прадчула новае няшчасце. Вазок пад'ехаў, поп Сымон паглядзеў на яе з шкадаваннем.

- Што? - спытала яна.

- Ваўкі, - патлумачыў дзесяцкі. - З'елі Рудога ваўкі. Усяго і засталося: ад яго - меч, ад каня - сядло. Вось дык ловы! - Ён са скрухай уздыхнуў і павёў вазок у горад паведаміць сям'і.

Маці Анастасся знясілена пацягнулася ў сваю келлю, зачынілася на зашчапку і, як забітая, павалілася на лаву. Амаль услед пачула яна адчайны, нібы стогн, голас Сымона: «Маці Анастасся! Адчыні мне, маці Анастасся!» - «Малюся, поп Сымон!» - адказала яна і больш не адгукалася.

Трэба было б падняцца і пайсці на няшчасны двор, дзе ўжо адзначалі плачам раптоўнае сіроцтва дзеці і галасіла Рута, праклінаючы нечаканае крушэнне жыцця. Маці Анастасся ведала, што павінна ісці, і не магла крануцца, разбітая цяжарам жаху: Руды загінуў з-за яе, яна была вінаватая ў яго жудаснай смерці, і Рута, якая скардзілася цяпер на свой лёс, мела больш падставаў пасылаць праклёны ёй, сваёй сяброўцы, бо яна спрычынілася да ўсіх яе бедстваў.